Застой ці ўмацаванне аўтакратыі? Галоўныя ўнутрыпалітычныя вынікі 2023 года ў Беларусі


Беларусь у 2023 годзе страціла афіцыйна зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі і атрымала баевікоў групы Вагнэра. Што яшчэ адбылося і што гэта значыць, расказвае «Белсату» Аляксандр Класкоўскі.

Вучні вайскова-патрыятычнага класу сярэдняй школы пасёлка Мухавец
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучні вайскова-патрыятычнага класу сярэдняй школы пасёлка Мухавец на акцыі ў Дзень дзяржаўных герба і сцяга. Берасцейскі раён, Беларусь. 13 траўня 2023 года.
Фота: Muhavec.roobrest.gov.by

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі разважае: 2023 год яшчэ больш выразна паказаў, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў выбар на карысць жорсткай аўтарытарнай сістэмы з «максімальна закручанымі гайкамі» і элементамі таталітарызму, якія пакрысе ўзмацняюцца.

«Можна зрабіць выснову, што ніякіх адліг пры ягоным кіраванні ўжо не будзе», – кажа Класкоўскі.

Лукашэнка, паводле аналітыка, ужо канчаткова вызначыўся, што ніякіх перспектываў нармалізаваць дачыненні з Захадам няма, «адвязаўся» ад Захаду і змірыўся з роляю васала Уладзіміра Пуціна. У стасунках з Захадам шмат «дроваў наламана», дый Захад не можа прапанаваць Лукашэнку нейкіх выгадных умоваў.

Паказальная фраза Лукашэнкі пра тое, што з Захадам не будзе ніякіх гульняў «на полі дэмакратыі». Класкоўскі трактуе гэта так: калі раней і была нейкая ўмоўная адліга, то гэта рабілася напаказ, каб палепшыць стасункі з Захадам, а беларусам тая дэмакратыя нібыта і непатрэбная.

Разбор
Лукашэнка стаў дзяржаўнай ідэалогіяй. Гэта культ асобы ці яшчэ не?
2023.10.17 16:11

Лукашэнка настолькі траўмаваны 2020 годам, што не наважваецца «адкруціць гайкі», працягвае аналітык. Ліквідацыя апазіцыйных партыяў была ў пэўнай ступені фармальнасцю, бо апазіцыйныя партыі і так сядзелі «ціха як мышы» ва ўмовах рэпрэсіяў. Але гэта акт сімвалічны:

«Цяпер канчаткова зразумела, што ніякай апазіцыі, нават у гамеапатычных дозах, пры гэтай сістэме ў беларускім палітычным жыцці не будзе», – перакананы Класкоўскі.

Паказальным аналітыку здаецца тое, што былы кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук спрабаваў балатавацца ў дэпутаты, але ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Пры тым, што Кучук, на думку Класкоўскага, меў рэпутацыю «дастаткова ўмеранага, зусім не радыкала». Калі нават яго «зрэзалі» ў самым пачатку кампаніі, дык відавочна, што ніякіх «гульняў у дэмакратыю» сапраўды не будзе, а будуць стэрыльныя выбары «ў найгоршых аўтарытарных традыцыях з адценнем таталітарызму».

Лукашэнка, на думку Класкоўскага, цяпер мацней кантралюе краіну, чым год ці два таму. Сацыялагічныя даследаванні, нават з папраўкай на чыннік страху, паказваюць пэўныя трэнды: хай крыху, але выраслі давер да ўладаў і прарасейскія настроі, стала больш «нейтралаў». Людзі адыходзяць ад палітыкі – нават тыя, хто выходзіў на пратэсты ці прынамсі спачуваў лозунгам пратэстаў, цяпер «хаваюцца ў ракавіну побытавага жыцця», стаміліся і «перагарэлі», страцілі веру ў хуткія перамены, прыстасоўваюцца да рэаліяў жорсткай аўтарытарнай сістэмы.

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Дэмакратычным сілам у цяперашніх умовах цяжка прыдумаць нейкую «моцную контргульню». Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прапанавала ігнараваць лукашэнкаўскія выбары-2024, якія называе «бязвыбарамі».

Іншую стратэгію прапануе ініцыятыва «Сумленныя людзі»: прыйсці на выбары і прагаласаваць супраць усіх. Але і гэтая ідэя выглядае ў найлепшым выпадку «дуляй у кішэні», бо камісіі ўсё роўна палічаць «як трэба», а публіка не даведаецца, колькі было галасоў супраць. Такая ініцыятыва наўрад ці «запаліць» многіх, але збівае з панталыку тых людзей, якія яшчэ сочаць за мэсіджамі апазіцыйных штабоў.

Зладзіць моцную альтэрнатыву ў выглядзе выбараў у Каардынацыйную раду супраціўнікі Лукашэнкі не ў стане, кажа Класкоўскі. Кампанія наўрад ці будзе масавай: у КР ставяць задачу, каб на віртуальнай платформе прагаласавалі 100 тысяч беларусаў. І гэта заяўляюць як амбітную задачу, хоць тыя 100 тысяч – толькі 1,5 % беларускіх выбарнікаў. Да таго ж, дэмакратычныя сілы зрываюць свае ж дэдлайны: дагэтуль не зацверджаная сістэма гэтых выбараў.

«На сёння дэмакратычным сілам важна захавацца, захаваць беларускае пытанне ў парадку дня Захаду, мець варыянты дзеянняў на выпадак таго ці іншага развіцця падзеяў», – рэзюмуе Класкоўскі.

«Расейскі свет» тым часам узмацняе пазіцыі ў Беларусі, канстатуе ён. Бачная актыўнасць намесніка міністра ўнутраных справаў і камандуючага Унутранымі войскамі Мікалая Карпянкова: гэта не толькі «профільная актыўнасць», ён дазваляе сабе і палітычныя выказванні, што могуць сведчыць пра ягоныя асабістыя амбіцыі. Калі паўстане выбар, у якім з аднаго боку будзе Лукашэнка або ягоны наступнік, з другога боку – Крэмль, дык яшчэ вялікае пытанне, каму Карпянкоў прадэманструе лаяльнасць у той крытычны момант.

Зрэшты, цяпер і Лукашэнка, і Пуцін пачуваюцца дастаткова ўпэўнена. Аналітык пералічвае: заходнія санкцыі не «паставілі на калені» расейскай эканомікі, гэтак жа трымаецца і эканоміка Беларусі; на Захадзе адчуваецца стомленасць ад падтрымання Украіны; у Злучаных Штатах свае «ўнутраныя разборкі», праз якія завісла пытанне дапамогі Украіне…

Аналітыка
«Хісткі картачны дамок». Якую эканоміку пабудавалі ў Беларусі і ці пашчасціць налета?
2023.12.26 07:20

Лукашэнка і Пуцін могуць думаць, што «схапілі Бога за бараду», кажа Класкоўскі, але ж яны ўвязаліся ў авантурнае супрацьстаянне з больш магутным і развітым Захадам, таму ў гістарычнай перспектыве можна чакаць, што яны прайграюць.

«Але гэтая змрочная паласа рэакцыі, цемрашальства можа зацягнуцца яшчэ не на адзін год», – прадказвае аналітык.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў