Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 24 лістапада апублікавала зварот, у якім заклікала не ўдзельнічаць у «Адзіным дні галасавання» 25 лютага 2024 года. У гэты дзень улады Беларусі ладзяць выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, ды Ціханоўская не лічыць гэта сапраўднымі выбарамі.

Як заяўляе Святлана Ціханоўская, пад відам дэмакратычнага працэсу рэжым Аляксандра Лукашэнкі хоча ўмацаваць сваю ўладу, за якую «трымаецца пасінелымі пальцамі».

«Давайце называць рэчы сваімі імёнамі, – заклікала яна. – Так званы „Адзіны дзень галасавання“, які прызначыў рэжым, гэта бязвыбары. Рытуал без сэнсу і справядлівасці».

Падрыхтоўка да гэтага галасавання нагадвае ёй вайсковую аперацыю: на ўчастках збіраюцца выставіць міліцыянтаў і вайскоўцаў, імёны чальцоў выбарчых камісіяў засакрэцілі, загадзя ліквідавалі ўсе апазіцыйныя партыі, многіх кіраўнікоў партыяў кінулі ў турмы, любую апазіцыйную актыўнасць крыміналізавалі і называюць «экстрэмізмам».

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

Як кажа Ціханоўская, «рэжыму няма чаго прапанаваць беларусам, акрамя рэпрэсіяў». У такіх умовах, лічыць яна, ні пра якое свабоднае волевыяўленне не можа быць гаворкі.

«Будзьце пільныя і не дайце сябе падмануць, – просіць Ціханоўская. – Пазбягайце ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах. Распаўсюджвайце праўдзівую інфармацыю. У рэшце рэшт, падтрымлівайце адно аднаго».

Беларусы за межамі радзімы так ці іначай не змогуць прагаласаваць: выбарчых участкаў за мяжою не будзе, а тым, хто стала пражывае за мяжою, прапануюць ехаць галасаваць у Менск.

Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні дэмакратычныя сілы вырашылі, што замест удзелу ў лукашэнкаўскіх выбарах зладзяць новыя выбары ў Каардынацыйную раду. Асноўныя апазіцыйныя партыі сапраўды не заяўлялі аб сваім удзеле ў лукашэнкаўскіх выбарах, удзел анансавалі толькі БСДГ Сяргея Чэрачня (які не адносіць сябе да апазіцыі) і лідар «Зялёных» Дзмітрый Кучук (які збіраецца балатавацца сам, не разам з супартыйцамі, і кажа, што «не мае ілюзіяў», але хоча нагадаць пра праект амністыі і ідэі рэформаў).

Інтэрв’ю
Лукашэнка не здолеў зліквідаваць палітычных партыяў. Што ад іх засталося і якія планы на выбары
2023.11.22 07:05

Выбары ў Каардынацыйную раду збіраюцца правесці прыблізна ў той жа час, што лукашэнкаўскія выбары-2024. Механізм выбараў яшчэ не вызначылі, але да галасавання хочуць запрасіць у тым ліку людзей у Беларусі. Спікер КР Андрэй Ягораў казаў «Белсату», што цяпер шукаюць кампрамісу адносна механізму з Офісам Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, партыямі і іншымі зацікаўленымі.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, на выбарах-2020 Аляксандр Лукашэнка набраў 80,1 % галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Паводле платформы «Голас», ён набраў 34 %, а Святлана Ціханоўская – не менш за 56 %.

Дакладных звестак пра вынікі выбараў «Голас» не мае, а ЦВК аператыўна знішчыў бюлетэні. Ды аналіз звестак з выбарчых участкаў, дзе вынікі супалі з тым, што бачылі назіральнікі, і з тым, колькі галасоў было на прысланых «Голасу» фота бюлетэняў, паказаў, што Ціханоўская дакладна перамагла ў першым туры. Лукашэнка паразы не прызнаў, дагэтуль займае пасаду прэзідэнта Беларусі.

Каментар
Каб супрацьпаставіць Каардынацыйную раду Палаце прадстаўнікоў, трэба вызначыць, навошта яна
2023.11.24 07:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў