Улады адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы экс-старшыні ліквідаванай партыі «Зялёныя»


Былы старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук паведаміў, што яму адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на парламенцкіх выбарах. «Фармальнай падставаю паслужыла друкарская памылка ў дакументах», – напісаў палітык у сваім Facebook.

Былы старшыня партыя «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.
Фота: Дмитрий Кучук / Facebook

«Скончылася мая выбарчая кампанія», – канстатаваў Дзмітрый Кучук праз месяц пасля сваёй заявы пра планы балатавацца ў Палату прадстаўнікоў на выбарах у лютым.

«На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Фармальнай падставаю для адмовы паслужыла друкарская памылка ў дакументах», – паведаміў былы старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя».

Ён падзякаваў людзей, якія былі побач «у гэты няпросты час», і назваў іх героямі. Кучук таксама напісаў, што відэа з заяваю аб вылучэнні ў дэпутаты, «нават ацанілі ГУУС і пракурор, калі вынеслі папярэджанне за парушэнне 47-га артыкула Выбарчага кодэксу».

«Дзякуй усім, хто не губляе надзеі і мае ўласнае меркаванне, прыходзячы на выбарчы ўчастак. Рабіць выбар пад ціскам заўсёды няпроста, аднак без гэтага ніколі не будзе перамог. Усім поспехаў і будзем думаць пра наступную выбарчую кампанію», – адзначыў Дзмітрый Кучук.

47 артыкул Выбарчага кодэксу забараняе, сярод іншага, агітацыю з «прапагандаю вайны, заклікамі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, з абразамі і паклёпам у дачыненні службовых асобаў і кандыдатаў». Таксама забараняецца «прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюд паведамленняў і матэрыялаў, што ўзбуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць».

Hавiны
На выбары ў Палату прадстаўнікоў сабраўся ісці лідар ліквідаванай партыі «Зялёныя»
2023.11.20 18:07

20 лістапада, калі былі прызначаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, Кучук абвесціў аб удзеле ў кампаніі. У апублікаваным відэа палітык заявіў, што ў Беларусі няма справядлівых і свабодных выбараў, што галасы не лічаць і што за палітыку кідаюць за краты, што 11 з 15 зарэгістраваных партыяў ліквідавалі, што ў суседніх краінах ідзе вайна. Менавіта таму ён пастанавіў вылучаць сваю кандыдатуру.

«Я не маю ілюзіяў, што атрымаю дэпутацкі мандат, – сказаў Кучук. – Але мне важна стаць голасам тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, хто гатовы падтрымоўваць незалежных кандыдатаў».

Тым часам кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сёння паведаміла, чые ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты парламента ўжо зарэгістравалі ў Менску. У пераліку, у прыватнасці, кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, колішні намеснік міністра ўнутраных справаў Аляксандр Барсукоў, супрацоўнік амбасады Беларусі ў Расеі, прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, спікерка Генпракуратуры Анжэліка Курчак, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў