«Кожны выбаршчык мае адзін голас». Аб’яднаны пераходны кабінет – пра выбары ў Каардынацыйную Раду


Аб’яднаны Пераходны Кабінет прадставіў сваю пазіцыю адносна выбараў у Каардынацыйную Раду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.

«Аб’яднаны Пераходны Кабінет як протаўрадавая структура і асноўны партнёр Каардынацыйнай Рады зацікаўлены ў тым, каб прадстаўнічая структура зрабіла істотны крок на шляху да ўзмацнення ўласнай легітымнасці. Мы зыходзім з пазіцыі, што абавязак дэмакратычных сілаў – быць паслядоўнымі, паколькі гэта – аснова даверу беларускага грамадства», – гаворыцца ў допісе ў афіцыйным тэлеграм-акаўнце АПК.

Правядзенне выбараў у Каардынацыйную Раду трэцяга склікання павінна грунтавацца на дамоўленасцях, агучаных на канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2022 года, лічаць у Кабінеце:

  • другі (дзейны) склад Каардынацыйнай Рады з’яўляецца пераходным (з прычыны фармавання праз сістэму дэлегавання);
  • абавязковы крок да ўзмацнення легітымнасці – фармаванне трэцяга складу Каардынацыйнай Рады праз прамыя выбары, на якіх кожны беларус зможа вызначыць, хто варты стаць яе чальцом.
Hавiны
Дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады распачалі збор подпісаў за яе роспуск
2023.12.16 18:45

На падставе гэтых дамоўленасцяў Абʼяднаны Пераходны Кабінет пагадзіўся з правам Каардынацыйнай Рады ўхваляць прадстаўнікоў Кабінету праз слуханні, што было прапісана ў рэгламентах абедзвюх структур, у рамках новай канфігурацыі дэмакратычных сіл. Таму цяпер Абʼяднаны Пераходны Кабінет выступае за:

  • адзіны падыход да ўсіх кандыдатаў і выкарыстанне выбарчай сістэмы, якая прадугледжвае прамыя прапарцыянальныя выбары па адкрытых спісах, у якіх кожны выбаршчык мае адзін голас (кожны суб’ект дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці павінен мець магчымасць сфармаваць такі спіс самастойна альбо ў кааліцыі);
  • неадкладнае фармаванне Аргкамітэту па арганізацыі выбараў, якому надаецца права вызначыць, як будзе ўладкаваны працэс выбараў (выбарчая сістэма, тэрміны правядзення і інш.);
  • фармаванне Аргкамітэту з прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офісу Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады, палітычных партый і структур;
  • магчымасць далучэння да дзейнасці Аргкамітэту экспертаў, прадстаўнікоў медыя і вядомых прадстаўнікоў грамадства ў якасці назіральнікаў;
  • зацвярджэнне кансалідаванага рашэння Аргкамітэту нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Hавiны
«Важна хутчэй прайсці да згоды і распачаць арганізацыю кампаніі». Валер Мацкевіч – пра выбары ў КР
2023.12.08 20:23

На галасаванні, якое прайшло ў КР 8 снежня, было вызначана, што выбары трэцяга складу пройдуць не пазней за другі тыдзень сакавіка 2024 года. Новы склад будзе абраны тэрмінам на два гады. Туды ўвойдуць 120 чалавек (цяпер 115 месцаў). Восем з іх – палітвязні, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Абмеркаванне, як будуць праходзіць выбары ў КР, ішло з верасня, у тым ліку, з удзелам Абʼяднанага пераходнага кабінета. Планавалася, што разам з КР яны прыйдуць да сумеснага рашэння, але гэтага не выйшла. У выніку Каардынацыйная рада сама вырашыла, як усё пройдзе.

16 снежня на сэрвісе change.org з’явілася петыцыя з заклікам «Распусціць другі склад Каардынацыйнай рады Беларусі ў сувязі з крызісам рэпутацыі!». Аўтары петыцыі кажуць пра «распаўсюджванне ў Каардынацыйнай радзе карупцыйных практык, які выяўляюцца ў частых адмовах ад сумленнай дыскусіі, у кансервацыі рашэнняў у вузкім коле лідараў палітычных фракцыяў, у адкрытым канфлікце інтарэсаў пры фармаванні арганізацыйнага камітэту па выбарах у трэці склад КР, у атрыманні дэлегатамі фінансавай выгады ад сваёй дзейнасці ў Каардынацыйнай радзе праз непразрыстыя схемы».

У гэтай сувязі ініцыятары збору подпісаў патрабуюць, каб дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады неадкладна і датэрмінова склалі з сябе свае паўнамоцтвы, а далей былі праведзеныя выбары шляхам таемнага галасавання ўсіх беларусаў.

Hавiны
«Працягваем настойваць на прамых выбарах». Павел Латушка – пра петыцыю аб роспуску Каардынацыйнай рады
2023.12.16 22:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў