Павел Латушка: Мы павінны зрабіць усё, каб Пуцін паламаў сабе ўсе зубы


Дэмакратычных выбараў мы зможам дамагчыся толькі тады, калі за намі будзе сіла, лічыць Павел Латушка. Палітык заявіў, што Аляксандр Лукашэнка рыхтуе беларусаў да рашэння пра мабілізацыю войска. Што рабіць, каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна пасля ягонай паразы ў вайне? Як змусіць Расею вывесці свае войскі з нашай дзяржавы? Падрабязнасці ў другой частцы інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Паўлам Латушкам, былым беларускім амбасадарам, экс-міністрам культуры, а сёння віцэ-кіраўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету. Першая частка тут.

Сяргей Пеляса: Ці варта ўводзіць дадатковыя санкцыі за ўдзел у суагрэсіі? Ува ўсіх дакументах і дэкларацыях NATO быў запісаны заклік да Беларусі спыніць суўдзел у агрэсіі Расеі. Вашая пазіцыя зразумелая: трэба ўводзіць санкцыі за гэта. Пасля вылету Пуціна праз некалькі дзён Лукашэнка правёў вялікую нараду з сілавікамі. Лукашэнка заявіў, што праверкі войска на выпадак нападу на Беларусь скончыліся: «Мы не можам выключаць, што супраць нашай краіны можа быць разгорнутая агрэсія. Прынамсі такую гатовасць з боку нашых суседзяў мы бачым». Як гэта разумець? Гэта і ёсць падрыхтоўка да мабілізацыі ў Беларусі?

Павел Латушка: Калі мы кажам, што цяпер паўза з пункту гледжання ціску на рэжым Лукашэнкі, то я перакананы ў тым, а таксама мае ранейшыя размовы з кіраўніцтвам Украіны сведчаць пра тое, што гэта тактычная паўза. Нават калі я лічу, што гэта памылковы падыход, – гэта тактычны падыход. Стратэгічна Лукашэнка ў вачах Захаду і ўкраінскіх партнёраў – агрэсар і суагрэсар ды абсалютна персанальна адказны, як і ўсе ягоныя набліжаныя генералы, за агрэсію супраць Украіны. Іхны лёс ужо наканаваны: міжнародны суд і адказнасць. Выбрацца з гэтай гісторыі Лукашэнка ўжо не зможа. Я ў гэтым перакананы.

Што датычыць ягоных словаў наконт агрэсіі: давайце зразумеем, што гэты час Лукашэнка выкарыстоўвае вельмі хітра. Ён не кажа слова «мабілізацыя», ён забараніў яго выкарыстоўваць. Гэта пераўлік ваеннаабавязаных у Беларусі. Ён рыхтуе армію, праводзіць вучэнні, назапашвае ўзбраенне, не кантралюе расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, якія ўваходзяць на яе тэрыторыю. То бок ён мэтанакіравана рыхтуецца і адначасова інфармацыйна па-прапагандысцку працуе на галовы беларусаў, каб змяніць іхны погляд – да вайны агульны, калі большасць беларусаў супраць вайны. І погляд беларусаў да ўдзелу Расеі ў вайне на тэрыторыі Украіны. Гэта іхная стратэгічная мэта. Таму ён кажа, што вакол Беларусі – ворагі.

Паглядзіце, што робіць дзяржаўная прапаганда. Украіна – вораг, хоча напасці. Не важна, што Украіна замініравала сваю мяжу: калі краіна мініруе сваю мяжу, яна не плануе нападаць. Таксама Польшча, бо яна сцягнула войскі на мяжу. Ніхто не ставіць пытання, чаму сцягнулі. Хто пачаў вайну? Пуцін і Лукашэнка. Суседняя краіна, вядома, спрабуе абараніцца. Ён прадае гэты тэзіс: усюды ворагі, галоўны вораг – ЗША і NATO, таму ён рыхтуе да гэтых правакацыяў сітуацыю. І ён рыхтуе да прыняцця рашэння пра мабілізацыю ў Беларусі. Будзе яна агульная ці частковая – залежыць ад сцэнара, які заклалі Пуцін і Лукашэнка. Тое, што яна, хутчэй за ўсё, будзе, на жаль, я быў бы схільны так лічыць.

Вы дасведчаны дыпламат. Уявім сабе сцэнар, што Украіна перамагае ў вайне тым ці іншым чынам. Ці можа аказацца Беларусь у ролі суцяшальнага прызу для Пуціна ў выніку стратаў тых тэрыторыяў, якія ён здабыў ва Украіне? Што нам рабіць, журналістам, беларускаму грамадству, вам, беларускім палітыкам, як працаваць на Захадзе з партнёрамі, каб не дапусціць да той сітуацыі, калі Беларусь застанецца ў сферы ўплыву рэжыму Пуціна ці іншага расейскага рэжыму і застануцца там расейскія войскі нават пасля перамогі Украіны ў вайне?

Вельмі важнае стратэгічнае пытанне, але я б яшчэ хацеў дадаць, што беларусы дзеляцца на дзве катэгорыі: якія кажуць «няма вайны» альбо «не вайне». Я б хацеў, каб большасць казала «не вайне». Мы, дэмакратычныя сілы і беларускае грамадства, верым і інвестуем маральна, арганізацыйна ў тое, каб Украіна перамагла. Гэта добраахвотнікі, героі Беларусі, якія вядуць барацьбу супраць агрэсара і мараць пра вызваленне Беларусі. Іншыя інструменты. Яны будуць толькі пашырацца.

Што будзе з Беларуссю? Украіна пасля перамогі будзе патрабаваць, каб вакол Украіны была зона дэмілітарызацыі, а значыць для нас – дэакупацыі. Чаму пытанне акупацыі ключавое? Калі мы акупаваная краіна, значыць, усё войска на тэрыторыі Беларусі акупацыйнае. Калі гэта акупацыя, пры перамовах з Пуціным будзе сказана дакладна і ясна: вы акупавалі Беларусь, значыць, павінна адбыцца дэакупацыя. Гэта ўмацоўваецца стратэгічнаю мэтай Украіны дэмілітарызаваць тэрыторыі, якія мяжуюць з Украінаю, то бок Беларусь. Мы атрымліваем два міжнародна-прававыя інструменты дзеяння для таго, каб мірным шляхам, бо ніхто не хоча крыві і вайны ў Беларусі, дамагчыся вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Калі Лукашэнка функцыйна будзе пры ўладзе, яго могуць запрасіць за стол перамоваў, і ён будзе браць удзел. Заблакаваць гэта, магчыма, нам будзе цяжка, але каб быў пачуты наш голас, нам патрэбны кабінет, урад. І гэты ўрад можа быць прызнаны, калі тэрыторыя Беларусі акупаваная. Тады ўрад мае права фармаваць незалежныя ўзброеныя сілы Беларусі. Для гэтага патрэбная згода партнёраў. І гэта стратэгічная мэта. Урад можа фармаваць нацыянальна-вызваленчы рух унутры Беларусі. І гэта робіць урад. Той жа Аляксандр Азараў, Валерый Сахашчык.

Мы разумеем, што за намі ёсць сіла. У нас ёсць міжнароднае прызнанне. Гэта трэці базавы пункт, на якіх павінна будавацца ўся стратэгія. Унутранае, вонкавае войска і міжнароднае прызнанне. Тады мы маем права сесці за стол перамоваў і дамагацца, каб Беларусь была дэакупаваная. Другі крок, які павінен быць гарантаваны нам, – гэта дэмакратычныя выбары. Дэмакратычных выбараў мы зможам дамагчыся толькі тады, калі за намі будзе сіла. Калі мы проста будзем грамадскімі дзеячамі, за намі не будзе сілы, нас паслухаюць, але не факт, што ўлічаць нашае меркаванне.

Пуцін хацеў з’есці абед. На абед ён планаваў з’есці Украіну. Ён ломіць зубы і таму хоча пачаць абед з дэсерту. На жаль, дэсертам можа быць Беларусь. Мы павінны зрабіць усё, каб і аб гэта ён паламаў сабе ўсе зубы.

Спадзяюся, у яго ўжо не будзе зубоў на момант, калі будзе вырашацца будучы лёс Беларусі. Што павінна здарыцца, каб Захад, асабліва ЗША – галоўныя партнёры Украіны і будучай вольнай Беларусі – прызналі паўнавартасна ўрад беларускі незалежны як сапраўдны ўрад? Ці дастаткова для гэтага, каб Лукашэнка адкрыта ўвесну ўвязаўся ў вайну Расеі супраць Украіны? Тады ён выйдзе па-за закон, кантакты і застанецца толькі адна альтэрнатыва – прызнаць Святлану Ціханоўскую і прызнаць ваш урад.

Палітычныя стратэгічныя рашэнні вельмі часта прымаюцца ў вельмі складаных сітуацыях. Крызісных сітуацыях. Такою сітуацыяй быў дзень 24 лютага 2022 года. Вядома, тады быў час, калі б абʼявіць стварэнне ўраду – і тады было б абʼяўлена аб стварэнні нацыянальна-выканаўчага органу як мэты. Гэта магло б ужо мець месца, быць прызнанне. Важна, што ўжо ёсць структура. Калі мы кажам з пункту гледжання міжнароднага права, то вядома, калі ўрад працуе на тэрыторыі Беларусі, хаця б у Берасці, Пінску ці Горадні, я перакананы, што мы адразу атрымаем міжнароднае прызнанне.

Але ёсць іншы сцэнар: калі мы акупаваная тэрыторыя і Лукашэнка нават цяпер адкрывае мяжу для расейцаў другі раз. Для нас гэта акно магчымасцяў. На жаль, гэта крытычная з пункту гледжання вайны і ахвяраў сітуацыя, але гэта палітычная магчымасць, якая дае нам права паставіць пытанне аб прызнанні зноў жа акупаванай тэрыторыі, бо ён марыянетка і робіць тое, што яму кажа гаспадар у Крамлі. Значыць, ёсць урад за мяжою, транзітны ўрад, які вядзе барацьбу за ўладу на транзітны перыяд, каб забяспечыць першыя дэмакратычныя выбары праз тры – пяць месяцаў. Для нас гэта будзе крытычная магчымасць, калі можна будзе спрабаваць і трэба будзе дабівацца гэтага прызнання.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 22.12.2022

Стужка навінаў