Лётчык-выпрабавальнік пра падрыў А-50: Віншую партызанаў з перамогай на зямлі


Гэта значнае пашкоджанне, без А-50 расейскія войскі як без вока. Але пашкоджаны самалёт хутка заменяць і будуць лепш ахоўваць. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» паведаміў лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Ліхадзед з Кіева. Расказваем, у чым каштоўнасць такога самалёта і як яго маглі падарваць.

Самалёт далёкага выяўлення і навядзення А-50У «Сяргей Атаянц».
Фота: Мінабароны РФ / structure.mil.ru

Лётчык-выправабальнік з Кіева Аляксандр Ліхадзед добра ведае такія самалёты, бо ў свой час удзельнічаў у іх выпрабаваннях і правяраў надзейнасць сістэмы дазапраўкі ў паветры. Паводле яго адзнакі, пашкоджанне такога самалёта – значная шкода групоўцы Ваенна-касмічных сілаў Расеі, задзейнічанай у вайне ва Украіне. Самалёт А-50 – гэта паветраны камандны пункт ваенна-паветранных сілаў. Галоўная яго задача – наводзіць знішчальнікаў на цэлі ў паветры, на моры і на зямлі.

«Гэта паветрана-камандны пункт кіравання авіяцыяй у радыусе 600-650 кіламетраў. Гэта значыць, яны ўсю нашу Украіну бачылі, выходзячы на дзяжурства на поўдні Беларусі. І пашкоджанне такой машыны – гэта вельмі сурʼёзна, без такога самалёта астатняя авіяцыя як без вока. Таму віншую беларускіх партызанаў з такой перамогаў на зямлі», – сказаў Аляксандр Ліхадзед.

Тэхнічна праца А-50 выглядае так: самалёт ўзнімаецца ў паветра на вышыню 9,4 км, выходзіць у кропку назірання, завісае над ёй, выпісваючы ў паветры васьмёркі, цягам ад чатырох да шасці гадзінаў назіраючы за абстаноўкай у аўтаматызаваным рыжэме і паведамляючы інфармацыю іншым камандным пунктам, якія ўжо непасрэдна даюць каманды знішчальнікам. Гэта сістэма дальняга выяўлення цэляў, якіх яна здольная ў апошняй мадэфікацыі адначасова суправаджаць да 300.

Паводле эксперта, А-50 выконвае і функцыі паветранага пункту кіравання, і функцыі выведкі, і аператыўнага навядзення знішчальнікаў на цэлі. Радыёлакацыйныя сістэмы самалёта здольныя інтэгравацца з іншымі наземнымі сістэмамі і сістэмамі знішчальнікаў і аналізаваць абстаноўку, выдаючы варыянты рашэнняў. Самалёт здольны кіраваць знішчальнікамі і самастойна, перадаючы ім аператыўную інфармацыю аб месцы знаходжання патэнцыйных цэляў.

Адносна перспектыў выкарыстання самалёта, пашкоджанага ў Мачулішчах, Ліхадзед адзначыў, што пасля выбуху такую машыну наўрад ці хто рызыкне выкарыстоўваць паўторна, хутчэй за ўсё яе разбяруць на запчасткі. Падарваць вайсковы лятальны апарат маглі, як пранёсшы выбухоўку на борт, «гэта магчыма, бо ў расейцаў паўсюль бардак», так і атакаваўшы дронамі. Але незалежна ад таго шляху, які быў абраны, лічыць выпрабавальнік, шмат выбухоўкі не спатрэбілася, бо зрабіць самалёт не баяздольным можна нават трохі пашкодзіўшы абшыўку. Па інфармацыі, якая маецца ў медыях, Аляксандр Ліхадзед мяркуе, што пашкоджанні значныя і самалёт застаецца толькі разрэзаць на металалом.

Пры гэтым эксперт канстатуе, што вывад са строю аднаго самалёту не здольны сурʼёзна замарудзіць ход вайны, бо ў Расеі засталося яшчэ 8 такіх «бартоў», і любы з іх можа хутка прыляцець і базавацца на беларускіх аэрадромах. Такі самалёт па сваіх характарыстыках таксама здольны прылятаць з Расеі на дзяжурства ў паўднёвай частцы Беларусі.

Ацэньваючы Мачулішчы, як аэрадром базавання, Ліхадзед падкрэсліў, што ведае гэтае месца і памятае высокую якасць ўзлётна-пасадачнай паласы: «А-50 здольны ўзлятаць і садзіцца і на горшых палосах, але ж навошта яго трымаць дзе пры якой вёсцы, калі ёсць магчымасць размесціць і лётчыкаў, і тактычны экіпаж у больш камфортных умовах і фактычна ў рысе вялікага гораду».

Аляксандр Ліхадзед.
Фота: «Белсат»

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц таксама вядома, што аэрадром у Мачулішчах з савецкіх часоў спецыялізаваўся на прыёме і абслугоўванні самалётаў Іл-76. А А-50 якраз і створаны на грунце Іл-76. У Мачулішчах працяглы час базаваліся і Іл-76 авіякампаніі «Трансавіяэкспарт», якая абслугоўвала вайсковыя і грамадзянскія патрэбы па ўсім свеце.

Ёсць цікавыя дэталі і пра пашкоджаны самалёт. Хутчэй за ўсё размова вядзецца пра самалёт А-50У «Сяргей Атаянц», названы ў гонар галоўнага канструктара прадпрыемства, дзе распрацаваны і вырабляецца радыё-тэхнічны комплекс «Чмель», які выкарыстоўвае гэты самалёт далёкага выяўлення і навядзення. Менавіта «Сяргей Атаянц» абслугоўваўся у Мачулічшах амаль з пачатку вайны. Потым паведамлялася, што ён нібыта на кароткі час вяртаўся ў Расею і зноў прылятаў пад Менск. Інфармацыя аб тым, што пашкоджаны менавіта гэты самалёт, непацверджаная. Увогуле ж, па дадзеных UNIAN, з пачатку вядзення вайны ва Украіне Расея трымае ў Беларусі 4 такія самалёты.

Падрабязней пра самалёт

Распрацоўка А-50 была пачатая ў 1969 годзе, яны прыйшлі на змену маральна састарэлым на той час Ту-126, і ў адрозненне ад папярэдніка павіны былі ўмець адсочваць не толькі самалёты, але хуткасныя малазаўважныя цэлі, якія ляцяць ля зямлі – г.зн. крылатыя ракеты і іншыя лятальныя апараты такога кшталту.

У 2003 пачалася мадэрнізацыя А-50 да А-50У. Быў удасканалены і радыё-тэхнічны комплекс, і самалёт. Апроч РТК на больш сучасных кампʼютарах былы мадэрнізаваныя сістэма аўматызаванага кіравання і комплекс сувязі. За кошт выкарыстання больш лёгкага абсталявання ў салоне зʼявілася месца адпачынку аператараў РТК і нават буфет з бытавым абсталяваннем, каб зварыць каву ці падагрэць ежу. На працоўных месцах сталі выкарыстоўваць больш дасканалыя і лёгкія дысплэі на вадкіх крысталах.

Паводле звестак Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў, Расея ў 2022 годзе мела ўсяго 9 такіх самалётаў: шэсць «А-50У» і тры старэйшыя «А-50» (паводле расейскіх крыніцаў, 8 «У» і 2 старэйшыя «А-50»), хоць агулам самалётаў такога тыпу вырабілі звыш 30. Акрамя Расеі, тры «А-50» выкарыстоўвае Індыя, падобныя самалёты на базе «Іл-76» мае Іран. Кошт самалёта «А-50У» ў інтэрнэце называюць роўным $ 330 млн, але першакрыніца такой ацэнкі невядомая.

Расея распрацоўвае таксама больш новы самалёт такога тыпу «А-100». Працы над ім пачалі ў 2014 годзе, збіраліся пачаць пастаўкі войскам у 2016-м, але пасля пераносаў плануюць пастаўкі ўжо на 2024 год. У Расеі хваліліся, што «А-100», у адрозненне ад папярэдніка, мае атрымаць «цалкам расейскі» радар – у цяперашніх выкарыстоўваюцца заходнія тэхналогіі. То значыць, запчасткі для рамонту сучасных «А-50» маглі трапіць пад заходнія санкцыі.

Абноўлена
«Гэта былі беларусы, яны ўжо за мяжою». Расейскі самалёт у Мачулішчах атакавалі з дронаў
2023.02.26 21:58

Нагадаем, 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам учынены падрыў расейскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Паводле аб’яднанне «ByPol» і ўдзельнікаў плана «Перамога», пашкоджанні сур’ёзныя, і «самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць».

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў