Сілавікі паведамілі пра затрыманні працаўнікоў кампаніі «Легіён-104»


Падкантрольны сілавікам тэлеграм-канал «ГУ База» выклаў «пакаяльныя» відэа затрыманых працаўнікоў кампаніі «Легіён-104», што адказвае за дыстанцыйнае абслугоўванне экранаў для размяшчэння рэкламы.

З відэа сілавікоў можна зрабіць выснову, што затрыманыя мінімум чатыры працаўнікі кампаніі: намеснік дырэктара, інжынер, менеджарка і спецыяліст па продажах. У роліку яны распавядаюць, што ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах.

«Легіён-104» – гэта кантора, якая займаецца дыстанцыйным кіраваннем рэкламай на розных абʼектах, ад гандлёвых цэнтраў да заправак.

Аблава сілавікоў адбылася на наступны дзень пасля таго, як у Беларусі на вялікіх экранах на плошчах, у супермаркетах, метрапалітэне, гандлёвых і спартовых цэнтрах паказалі выступ Святланы Ціханоўскай з нагоды «бязвыбараў» і другой гадавіны вайны ва Украіне. Акцыю зладзіў «BELPOL». Агулам відэа магло выйсці на больш чым 2000 экранаў у публічных месцах.

У паведамленні сілавікоў нічога не гаворыцца пра сітуацыю са зваротам Ціханоўскай, аднак, хутчэй за ўсё, аблава звязаная менавіта з гэтай акцыяй.

Абноўлена
Выступ Ціханоўскай паказалі на сотнях экранаў у грамадскіх месцах у Беларусі
2024.02.24 17:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў