Управа ААН у справе правоў чалавека выступіла за міжнародныя суды супраць уладаў Беларусі


На сесіі Рады правоў чалавека ААН 22 верасня абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. Намесніца вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Нада ан-Нашыф заклікала судзіць за рэпрэсіі ў Беларусі «на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі».

На сесіі Рады правоў чалавека ААН заклікалі пачаць працэсы ў міжнародных судах супраць уладаў Беларусі.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Намесніца вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Нада ан-Нашыф заклікала распачаць у міжнародных судах працэсы супраць уладаў Беларусі за рэпрэсіі ў краіне. Яна заявіла пра гэта на сесіі Рады правоў чалавека ААН, паведамляецца на сайце Управы ААН у справе правоў чалавека:

«Дзяржавы-чальцы мусяць актыўна падтрымоўваць іншыя формы прыцягнення да адказнасці шляхам нацыянальных разбораў на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі, што адпавядаюць нормам міжнароднага права».

Ан-Нашыф растлумачыла такую неабходнасць тым, што за рэпрэсіі ў Беларусі нікога не караюць.

«Я заклікаю да хуткіх, эфектыўных, руплівых, незалежных, бесстаронных і празрыстых расследаванняў парушэнняў правоў чалавека ў мінулым, да забяспечвання адпаведных сродкаў прававой абароны і прыцягнення вінаватых да адказнасці», – сказала прадстаўніца ААН.

Hавiны
У ААН заклікалі не дэпартаваць беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі
2023.09.20 17:50

Яна канстатавала, што лукашэнкаўскі ўрад адмаўляецца ад супрацы, і заявіла пра неабходнасць тэрміновых захадаў, у тым ліку неадкладнага вызвалення палітвязняў:

«Парушэнні правоў чалавека, у тым ліку сістэматычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў і апазіцыйных групаў, мусяць быць спыненыя. Беларусь мусіць выканаць неадкладныя захады дзеля захавання правоў чалавека і абароны ўсіх людзей на яе тэрыторыі».

Нада ан-Нашыф заявіла, што пасля выбараў 2020 года сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Яна згадала арышты, завочныя суды, катаванні, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзіяў, залучэнне людзей у пералік «экстрэмістаў», ліквідацыю некамерцыйных арганізацыяў і палітычных партыяў, рэпрэсіі супраць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу:

«Сітуацыя ў Беларусі прымусіла каля 300 тысяч асобаў пакінуць краіну з траўня 2020 года, а рэпрэсіі ўсё больш выходзяць за межы Беларусі і бяруць на прыцэл тых, хто пакінуў краіну».

Агляд
«Дзяржслужбоўцы, што бралі ўдзел у рэпрэсіях, не застануцца на пасадах». Як рыхтуюць замену чыноўнікам
2023.09.04 14:46

У адказ сталая прадстаўніца Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская назвала даклад аб рэпрэсіях у краіне «заснаваным на недакладных крыніцах і ангажаваных ацэнках». Яна настойвае, што «канстытуцыйную рэформу і мадэрнізацыю заканадаўства» зладзілі ў Беларусі з мэтаю «ўмацавання канстытуцыйнага ладу, нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту, спрыяння грамадзянскай згодзе, абароне правоў, свабодаў і інтарэсаў грамадзянаў».

Звесткі пра палітвязняў, адвольных затрыманнях, катаваннях і арыштах яна назвала «палітызаванымі і галаслоўнымі абвінавачваннямі».

«Кожнае пакаранне прызначанае судом згодна з законам і сувымернае ўчыненым правапарушэнням. Злачынствы супраць дзяржаўнага ладу і нацыянальнай бяспекі, парушэнні грамадскага парадку і напады на міліцыю, фінансавыя злачынствы караюцца ў Беларусі не больш строга, чымся ў краінах ЕЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі», – заявіла Бельская.

Сталая прадстаўніца Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская.
Фота: belta.by

Яна таксама сцвярджае, што аўтары «антыбеларускіх рэзалюцыяў» хочуць «пакараць улады за паслядоўную абарону дзяржаўных інтарэсаў, за цвёрдае прытрымліванне абранага народам курсу самастойнага развіцця, за тое, што беларусы аддалі перавагу ўласным традыцыям і каштоўнасцям, а не навязанай дэмакратыі і хаосу. Пакараць нас за тое, што краіна паспяхова развіваецца, за тое, што не раздзіраецца ўнутранымі грамадзянскімі і рэлігійнымі канфліктамі».

У слуханнях на сесіі Рады правоў чалавека ААН бярэ ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Як падкрэсліла юрыстка, рэгулярнае абмеркаванне сітуацыі ў нашай краіне «азначае, што пытанне правоў чалавека ў Беларусі і іх парушэнне рэжымам дагэтуль застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і самой ААН».

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў