Франак Вячорка пра новы пакет санкцыяў ЕЗ: Гэта перакрывае дыханне не толькі Пуціну, але і Лукашэнку


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары «Белсату» наконт прынятага 11 пакету санкцыяў ЕЗ выказаў шкадаванне, што ў санкцыйны спіс трапіла «мала лукашэнкаўскіх памагатых і лукашэнкаўскіх кампаніяў». Але зазначыў, што санкцыі супраць Расеі перакрываюць дыханне і Лукашэнку.

«Чым мацнейшыя будуць санкцыі супраць Расеі, тым слабейшы будзе Аляксандр Лукашэнка. Ведаю што беларусам хацелася б, каб у кожным пакеце былі лукашэнкаўскія прадпрыемствы. Але тое, што моцна б’юць па Расеі, закрывае шчыліны і для Лукашэнкі.

Ён зараз трымаецца выключна на расейскай дапамозе – на транспартных хабах, на расейскіх марскіх партах. І калі б не гэтая падтрымка – Лукашэнка б не пратрымаўся. Таму вельмі добра, што гэтыя санкцыі супраць Расеі ўводзяцца», – сказаў Франак Вячорка.

Ён зазначыў, што мэта 11 санкцыйнага пакету супраць РФ – закрыць лазейкі, якія існавалі ў папярэдніх пакетах супраць Расеі. На думку Вячоркі, вельмі важна, што забаранілі транзіт шэрагу тавараў на тэрыторыю Расеі, у тым ліку беларускіх, і тых, якія ідуць у Беларусь.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Вільня, Літва. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

«Гэта перакрывае дыханне не толькі Пуціну, але і лукашэнкаўскаму рэжыму. Таксама ёсць шэраг абмежаванняў на тэхналогіі, на кампаніі, якія дапамагаюць ВПК. Гэта можа тычыцца і чыпаў, і праграмнага забеспячэння. І гэтыя абмежаванні адабʼюцца не толькі на Пуціне, але і на Лукашэнку», – яшчэ раз падкрэсліў дарадца Святланы Ціханоўскай.

«Асобны беларускі пакет будзе прыняты Еўразвязам»

Зʼяўленне ў санкцыйным спісе кіраўнікоў Беларускай чыгункі і Дзяржкамітэту ваеннай прамысловасці Уладзіміра Марозава і Дзмітрыя Пантуса Франак Вячорка назваў «закрыццём шчылінаў». Цяпер іх дзеянні будуць пільна маніторыцца. Гэтыя чыноўнікі атрымалі не толькі «візавы бан», але не будуць таксама мець магчымасці праводзіць фінансавыя аперацыі з выкарыстаннем еўра і наагул аперацыі ў еўрапейскіх банках.

«Ясна, што рэжым будзе шукаць спосабы абыходу санкцыяў, як рабілі гэта заўжды, бо маем дачыненне з арганізаванай крымінальнай бандай. Але ўсё адно добра, што гэтыя асобы былі ўнесеныя ў спіс ЕЗ», – зазначыў Франак Вячорка.

Каб гэты спіс быў шырэйшы, Франак Вячорка заклікае дзяліцца інфармацыяй журналістаў-расследавальнікаў і супрацоўнікаў прадпрыемстваў у Беларусі.

«Калі бачыце, што фабрыка, завод ці прадпрыемства дапамагаюць расейскай вайсковай машыне, дапамагае Пуціну і Лукашэнку ў вайне супраць Украіны – інфармуйце пра гэта. Каб усе гэтыя шчыліны аператыўна закрываць», – просіць Вячорка.

Ён таксама запэўнівае, што асобны – беларускі – пакет санкцыяў з боку ЕЗ, распрацаваны яшчэ год таму, будзе неўзабаве зацверджаны.

«Ён ніяк не можа быць прыняты праз блакаду некаторымі краінамі гэтага пакету. Такая ж гісторыя, як пра размарожванне калійных угнаенняў на іх транзіт праз тэрыторыю ЕЗ. Але я думаю, што ў бліжэйшыя месяцы мы зможам развязаць гэтую праблему. І асобны беларускі пакет будзе прыняты Еўразвязам», – сцвердзіў Франак Вячорка.

11-ы пакет эканамічных і індывідуальных санкцыяў супраць Расеі ЕЗ прыняў 23 чэрвеня. Яны накіраваныя на ўзмацненне ўжо існых санкцыяў і на барацьбу з іх абыходам, «каб яшчэ больш падарваць ваенную машыну Пуціна і ягоныя даходы».

Hавiны
Пад санкцыі ЕЗ трапілі кіраўнікі Беларускай чыгункі і Дзяржкамітэту ваеннай прамысловасці
2023.06.23 17:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў