Над Менскім морам пранёсся смерч. Загінула дзяўчына


У суботу 22 ліпеня над Заслаўскім вадасховішчам утварыўся сапраўдны смерч. У выніку падзення дрэва загінула дзяўчына, яшчэ два чалавекі пацярпелі, паведамляе МНС.

Ратавальнікі ліквідуюць наступствы ўрагану, што пранёсся пад Менскам.
Фота: МНС Беларусі/Telegram

Ратавальнікі ліквідавалі наступствы непагадзі каля вёскі Зарэчча-1 Менскага раёну. Там з-пад дрэва, якое ўпала ад моцнага ветру, дасталі дзяўчыну – яна загінула. Яшчэ два чалавекі атрымалі траўмы.

Ратавальнікі працягваюць працы па абследаванні тэрыторыі, пацярпелай ад стыхіі, і распілоўцы дрэваў.

Сёлета беларусы ўжо назіралі смерчы, але не такія моцныя. У траўні смерч недалёка ад Менску зняў чытач Onliner.by, у тым жа месяцы невялікі смерч заўважылі на магілёўскай трасе на пад’ездзе да Менску.

«Смерч уяўляе сабой магутную віхуру малога маштабу, які ўзнікае пры інтэнсіўным развіцці кучава-дажджавой воблачнасці, і пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра ўзнікаюць інтэнсіўныя ўзыходзячыя і сыходныя рухі. У выніку мы можам заўважаць такую з’яву, як смерч, – прыводзіць тлумачэнне начальніцы аддзелу Рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі Наталлі Клявец Zerkalo.io. – У цэнтры размяшчаецца вельмі нізкі ціск, у выніку нізкага ціску смерч засмоктвае ўсё, што знаходзіцца навокал: зямную паверхню, водную паверхню, гаспадарчыя аб’екты».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў