Лукашэнка чакае інвестараў з Афрыкі, але Беларусь не мае быць «бананавай рэспублікай»


22 чэрвеня на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам разглядаўся законапраект пра спрыянне і стымуляванне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. На думку распрацоўнікаў, ён дапаможа выправіць сітуацыю і нарасціць аб’ём інвестыцыяў, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: БелТА

Як заявіў Лукашэнка, «рэпрэзентаваны закон прыходзіць на змену Дэкрэту № 10, які амаль 15 гадоў служыў прававой асновай». І хоць, дзякуючы яму, прадстаўнікі 20 краінаў інвеставалі больш за $ 8 млрд, апошнія некалькі гадоў абʼём інвестыцыяў зніжаецца, што не найлепшым чынам адбіваецца на працы эканомікі, сказаў ён.

«У цяперашніх геапалітычных абставінах складана разлічваць на прыход у беларускую эканоміку заходніх інвестараў. Давайце будзем арыентавацца на іншых: усходніх, азіяцкіх, афрыканскіх і гэтак далей. Ды і з заходнімі трэба працаваць, не трэба адмаўляць з парогу», – заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, у падмурку любога праекту мусяць пераважваць паўнацэнная занятасць для працаўнікоў, годныя заробкі, шырокі сацыяльны пакет і выплата падаткаў.

«Толькі прыехаць сюды, як раней казалі, і высмактаць усе сокі з народу, выціснуць усё, што можна, заплаціць нейкую капейку (падаткі пры гэтым не плаціць, а працаўнікам, скажам, пяцьсот долараў), а асноўны прыбытак вывесці ў выглядзе дывідэндаў у нетаварыскія краіны. Я не думаю, што такія праекты нам патрэбныя. Сюды трэба прыходзіць не як у бананавую рэспубліку, а як у нармальную высокатэхналагічную, высокаразвітую, і працаваць трэба перш за ўсё са сваімі інвестарамі«, – заявіў Лукашэнка.

Адносна агульнай сітуацыі ў эканоміцы ён сказаў, што назіраецца выхад на станоўчыя тэмпы росту інвестыцыяў у асноўны капітал, але «пакуль гэта слабы зачын для выканання пастаўленых заданняў нават за паўгоддзе».

Hавiны
BEROC паведаміў пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі
2023.06.22 10:08

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў