Колькі зарабіў на прапагандзе вайны ўлюбёны рок-гурт Пуціна


Пакуль адныя музыкі падтрымліваюць Украіну і выступаюць супраць вайны, іншыя на вайне добра зарабляюць. Расейскі гурт «Любэ» атрымаў за прапаганду $700 тысяч. І рост іх прыбыткаў наўрад ці можна назваць рэкордным, распавядае ў праграме «Вот так» расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі.

Концерт группы «Любэ» для мобилизованных

Паводле падлікаў расейскага выдання «Агентство», рок-гурт «Любэ» пасля 24 лютага 2022 года зарабіў на дзяржзамовах 57,6 млн расейскіх рублёў (больш за $680 тысяч паводле сённяшнага курсу). Гэта на траціну больш, чым гурт зарабіў цягам апошніх восьмі гадоў: за 2014-2021 гады ў «Любэ» атрымаў 42,4 млн расейскіх рублёў. І гэта толькі ганарары ад дзяржаўных замоваў, звесткі пра якія ўдалося знайсці журналістам.

Гэта нават больш, чым зарабіў адзін з галоўных «галасоў вайны», малады расейскі спявак Shaman: ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён зарабіў на дзяржзакупках усяго 38 млн расейскіх рублёў, што ў паўтары разы менш, чым «Любэ».

Магчыма, «Любэ» – любімы гурт Уладзіміра Пуціна. Прадстаўнікі гурта называюць (PDF) гэта міфам, бо Пуцін усяго-та паклікаў іх дахаты пасля аднаго з канцэртаў. Але, магчыма, справа ў тым, што лідар гурта Мікалай Растаргуеў актыўна распаўсюджвае прапаганду вайны і ўсяляк падтрымлівае Пуціна.

Музычны крытык Арцемій Троіцкі распавядае ў перадачы «Вот так» на «Белсаце», што «Любэ» на вайне «сарвала джэкпот»: у рэпертуары гурта заўсёды пераважала «вайскова-патрыятычная» тэматыка, гурт часта выступаў у вайсковай уніформе.

Легенду або факт пра тое, што «Любэ» – гэта любімы гурт Пуціна, крытык не ведае, але відавочна, што яна ў цяперашняй сітуацыі вельмі запатрабаваная.

«Для мяне гэта крыху сумна, таму што я нядрэнна быў калісьці знаёмы з Мікалаем Растаргуевым. Ён такі цалкам нармалёвы хлопец, дарэчы, быў. Магчыма, і цяпер з’яўляецца, але маўчыць аб гэтым, – распавядае Троіцкі. – Ён быў велізарным прыхільнікам гурта «Beatles» з вядомай «недружалюбнай» краіны. Больш за тое, ён запісаў цэлы альбом сваіх перапевак песень «Beatles», прычым на ангельскай мове гэты альбом выйшаў дзесьці ў нулявыя гады».

«Але, відавочна, меркаванні як маральнага кшталту, так, можа быць, і нейкі ціск з боку калегаў прымусілі яго да таго, каб стаць такім вось сімвалам песеннага мілітарызму», – кажа Троіцкі пра Растаргуева.

Расцэнкі на дзяржзамовы канцэртаў, смяецца Троіцкі, цяпер у Расеі сур’ёзна павялічаныя, таму што ў іх уключаная «плата за рызыку» – за магчымыя рэпутацыйныя выдаткі.

Але «Любэ», упэўнены ён, яшчэ не самы экстрэмальны прыклад у фінансавым сэнсе. Троіцкі кажа, што ў Расеі ёсць артысты, якія цягам году поўнамаштабнай вайны зарабілі і ў 80, і ў 800 разоў больш, чым маглі раней.

«Артысты, якія наогул былі цалкам незапатрабаваныя, артысты, якія знаходзіліся нават не ў другім, а ў нейкім трэцім-чацвёртым дывізіёне цяпер, дзякуючы свайму гэтаму дакучліваму «патрыятызму», выступаюць у вялікіх залах, на Краснай плошчы і гэдык далей», – разважае музычны крытык.

Ён узгадвае Вадзіма Самойлава, аднаго з лідараў гурта «Агата Кристи», які распаўся ў 2010 годзе, спявачку Юлію Чычэрыну, былога лідара гурта «Смысловые галлюцинации» Сяргея Бабунца… Гэтыя артысты не былі запатрабаваныя многія гады, але цяпер выступаюць «з літарай Z на грудзях» і маюць мільённыя ганарары.

Троіцкі тлумачыць, што практычна ўсе галоўныя расейскія артысты – і рокеры, і рэперы, ды нават частка эстрадных артыстаў – альбо эмігравалі, альбо трапілі ў чорныя спісы за антываенную і антыпуцінскую пазіцыю.

З’ехалі, нагадвае ён, Андрэй Макарэвіч («Машина времени»), Барыс Грабеншчыкоў («Аквариум»), Земфіра, Ала Пугачова… У чорных спісах, але яшчэ ў Расеі, Юрый Шаўчук з «ДДТ», гурт «Сплин» ды іншыя.

«Паколькі паляна апусцела, то дасталася яна марадзёрам, вось гэтым самым спяваючым марадзёрам, якія, вядома, цалкам ганебнікі», – рэзюмуе Троіцкі.

Супраць вайны выступалі не толькі згаданыя Троіцкім, але і іншыя вядомыя расейскія музыкі: «Ногу свело!», «Noize MC», «Монеточка», «Oxxxymiron», «Manizha»… Спіс доўгі. Магчыма, нават большы адсотак музыкаў выступаў супраць вайны ў Беларусі. Паслухайце, што мы слухалі ў 2022 годзе:

Але гэтак жа, як у Расеі, у Беларусі знаходзяцца артысты, якія падтрымліваюць напад на Украіну. Так, адданая фанатка Аляксандра Лукашэнка Алена Ланская нядаўна прадставіла песню «пра славянскага ваяра, які праходзіць праз стагоддзі, і ў тыя моманты, калі ён абараняе сваю зямлю, сваю Радзіму, асноўнай рухаючай сілай заўсёды было каханне».

Гэты ваяр у яе кліпе носіць форму Расейскай імперыі і Савецкага Саюза – але ні разу не апранаецца як ваяр Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Беларускай Народнай Рэспублікі або Рэспублікі Беларусь. Кліп пра відавочна не беларускую Радзіму зняў расейскі рэжысёр Аляксей Голубеў.

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў