«Воін павінен лагічна думаць». Ветэраны АТА вучаць моладзь змагацца ў гарадскіх умовах


Да нападу Расеі мясцовыя органы ўлады многіх украінскіх гарадоў не заўсёды надавалі дастаткова ўвагі вайсковай падрыхтоўцы мірнага насельніцтва. Сістэматычныя заняткі па асновах тактыкі абароны і вядзення бою праводзіліся вельмі рэдка, а арганізоўвалі іх у асноўным ветэраны некалькіх добраахвотніцкіх фармаванняў Збройных сілаў.

Са словаў украінскага фотадакументаліста Уладзіміра Паліняка, нават пасля расейскага ўварвання заняткі па вайсковай падрыхтоўцы для цывільных ў ягоным родным горадзе Цярнопаль і вобласці часцей за ўсё праводзіліся ў фармаце лекцый. Толькі так можна было ўбачыць зброю, патрымаць яе ў руках, засвоіць асноўныя аспекты першай дамедычнай дапамогі.

Барыс, які прыехаў з жонкай у Цярнопаль, распавёў фатографу, што ўступнай інфармацыі аб тактыцы вядзення бою і псіхалагічных праблемах, з якімі сутыкаешся на вайне, яму на такіх заняткаў было замала. Таму Барыс з жонкай і сябрамі знайшлі школу вайскова-тактычнай падрыхтоўкі, якую разам са сваімі калегамі арганізаваў ветэран АТА Уладзімір. Навучанне праводзілі на тэрыторыі закінутай прамысловай зоны ў ваколіцах Цярнопаля. Школа пачала працаваць яшчэ ў 2014 годзе, але праз недахоп фінансавання падрыхтоўчыя курсы спынілі ў 2015 годзе. Але вайна «рэанімавала» школу. Як цяпер выглядаюць заняткі, глядзіце ў матэрыяле Уладзіміра Паліняка.

Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Цяпер заняткі ў школе праходзяць штодня, з дзесяці раніцы. Запісацца могуць усе ахвотныя. Для эфектыўнасці тактычнай падрыхтоўкі інструктары фарміруюць групы з шасці чалавек і аддаюць перавагу тым, хто гатовы рэгулярна наведваць заняткі, а пры магчымасці і зусім перайсці ў шэрагі тэрабороны або накіравацца ў зону непасрэдных баявых дзеянняў.

Крэчат, старшына групы.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Сярод удзельнікаў, гатовых адправіцца на фронт, 27-гадовы Дзяніс. Да вайны ён працаваў у сферы міжнародных перавозак, але з 24 лютага актыўна валанцёрыць і запісаўся ў школу. Дзяніс распавядае, што ўжо з першых заняткаў зразумеў, наколькі важная для яго бяспека родных. Гэта матывавала яго не прапускаць заняткаў па тактычнай падрыхтоўцы.

Дзяніс падчас заняткаў.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Іншы ўдзельнік курсу даваеннай падрыхтоўкі, 23-гадовы графічны дызайнер Юрый, атрымаўшы адмову ад ваенкамата ў пачатку вайны, вырашыў усімі сіламі матэрыяльна падтрымліваць вайскоўцаў і падахвоціўся патруляваць сваю вуліцу. Падчас патрулявання ад аднаго з валанцёраў ён даведаўся пра школу. Зараз, праз месяц трэніровак, свае навыкі Юрый ахарактарызаваў фразай «гэта неба і зямля».

Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Калі падчас заняткаў старшына групы падае каманду рукой, хлопцы пачынаюць рухацца мяккім і ў меру хуткім тэмпам, а іх галовы і зброя знаходзяцца на адным узроўні так, як быццам над імі вісіць столь. Раптам раздаецца імправізаваны выбух, хтосьці крычыць «Граната!» – значыць, усе павінны адначасова ўпасці на зямлю і прыкрыць галовы.

– Такія манеўры адпрацоўваюцца сістэматычна, каб выпрацаваць рэфлекс абароны жыццёва важных органаў ад паражэння аскепкамі, – тлумачыць інструктар школы Уладзімір.

Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Юрый падчас трэніроўкі.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Падчас заняткаў, якія доўжацца больш за тры гадзіны, кожная група прапрацоўвае пастаўленыя інструктарам задачы. Пад пільным наглядам аўтара курсу падрыхтоўкі Мікалая Мамчура група павінна зачысціць тэрыторыю на незнаёмай мясцовасці і замацавацца. Адзін з вучняў школы Віталь сцвярджае, што такі досвед вельмі важны, каб абараняць сваю родную зямлю ад арды.

Таксама асноўнай часткай заняткаў з’яўляецца трэніроўка па перамяшчэнні групай па два ці тры чалавекі, руху ў калоне («елкай»). Адпрацоўка навыку перамяшчэння па флангах з сыходам у групе займае ад 60 да 70 хвілін.

Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Старшы інструктар школы Мікалай Мамчур распавядае, што для выжывання ва ўмовах бою хоць і важныя многія фактары, але аснову складаюць псіхалагічная падрыхтоўка і сістэматычная трэніроўка псіхікі байца.

– Воін павінен лагічна думаць, перасоўваючыся на незнаёмай тэрыторыі, і быць максімальна уважлівым і асцярожным, – кажа інструктар.

Аўтар курсу і старшы інструктар школы Мікалай Мамчур (справа) размаўляе з удзельнікам трэніроўкі.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Мікалай Мамчур падкрэслівае, што ў баі надзвычай важнымі з’яўляюцца навыкі рукапашнага бою і ўменне абараніць сябе без зброі, калі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю пры паломцы або страце зброі.

– Часта ў падручніках па тактыцы гаворка ідзе аб працы салдат у адкрытай прасторы (поле). Аднак аўтары забываюць, што сучасныя баявыя дзеянні праходзяць у асноўным у гарадскіх умовах: бой даводзіцца весці на кароткіх, а часам нават на вельмі кароткіх дыстанцыях. Таму ў школе таксама абавязковыя трэніроўкі, што датычаць рукапашнага бою і самаабароны, – кажа Мамчур.

Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

У цяперашні час група курсу даваеннай тактычнай падрыхтоўкі ў школе налічвае каля 25 чалавек, больш за сто навучэнцаў часткова або цалкам прайшлі курс. Хтосьці не змог працягнуць навучанне з-за аднаўлення працы або заняткаў у навучальных установах, але ёсць і тыя, хто пасля курсу паехаў у зону вядзення баявых дзеянняў.

Уладзімір Паліняк / КВ belsat.eu

Стужка навінаў