Кіраўнік Украінскай аграрнай канфедэрацыі: Кіеву не цікавыя збожжавыя рынкі суседніх краін


Грамадскія арганізацыі Украіны просяць не падаваць у суд на суседнія краіны Еўразвязу за нежаданне здымаць эмбарга на ўвоз украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта у эфіры «Вось так» распавёў прэзідэнт Украінскай аграрнай канфедэрацыі Леанід Казачэнка. Ён патлумачыў, што ўкраінскім аграрыям не цікавыя рынкі суседніх краін.

Паводле прэзідэнта Украінскай аграрнай канфедэрацыі, у 2019 годзе аб’ём украінскага экспарту ў суседнія краіны Еўразвязу складаў прыкладна 617 тыс. тонаў, або каля 0,5 % ад усяго ўкраінскага экспарту збожжа. Ва Украіне ёсць куды больш важныя партнёры, якім яна хоча прадаваць сваю сыравіну. У бягучай сітуацыі суседнія дзяржавы патрэбныя цяпер толькі для транзіту тавару.

«Мы змагаемся за тое, каб яны нас транзітам прапускалі. Мы прапанавалі ім (суседнім дзяржавам. – Рэд.) дыджыталізаваную платформу, якая дае магчымасць кантраляваць кожнае зярнятка, якое ўпала на іх зямлю, каб яго паднялі і везлі далей транзітам у іншыя краіны», — распавёў Леанід Казачэнка.

Ён адзначыў, што ўкраінскі бок таксама прапаноўваў варыянты з пламбаваннем грузаў з украінскім збожжам, але пакуль прапановы Кіева не знаходзяць разумення ў заходніх партнёраў.

Даведка
Тое, што збожжа з Украіны, апынаючыся ў краінах ЕЗ, трапляе на мясцовыя рынкі, вельмі турбуе мясцовых аграрыяў. Яны асцерагаюцца, што не змогуць выйграць канкурэнцыю. Для абароны свайго рынку Польшча, Румынія, Славаччына, Венгрыя і Балгарыя раней увялі эмбарга на ўвоз украінскага збожжа. За падаўжэнне забароны Кіеў пагражае падаць у Міжнародны суд на Польшчу, Венгрыю і Славаччыну.

У эфіры «Вось так» Казачэнка падкрэсліў, што грамадскія арганізацыі Украіны просяць кіраўніцтва краіны не падаваць пазову на суседзяў. Трэба не сварыцца з гэтымі дзяржавамі, а супакоіць іх, лічыць кіраўнік Украінскай аграрнай федэрацыі:

«Гэтыя краіны дапамагаюць нам у іншым кірунку. Мы ведаем, сёння галоўная праблема — гэта вайна. Усе яны дапамагаюць нам змагацца з гэтым ворагам-акупантам, таму не трэба з імі судзіцца. Трэба іх супакоіць».

Асцярогі Польшчы і іншых краін цяпер маюць пад сабой рэальныя падставы, заўважыў спецыяліст. Паводле яго, сапраўды, некаторыя польскія і ўкраінскія прадпрыемствы прыдумлялі схемы, паводле якіх у Польшчы праз перавалачныя цэнтры збожжа трапляла на польскі ўнутраны рынак. Але гэта не цікава для Украіны ў маштабах краіны, заявіў Казачэнка, паколькі стратэгічнае значэнне для экспарцёраў маюць рынкі іншых краін.

Віктар Волкаў / УК для «Вось так»

Стужка навінаў