Украінскія дэпутаты хочуць для Беларусі санкцыяў і рэпарацыяў ад яе. Што з гэтым рабіць?


Украінскія дэпутаты праз амаль паўтара года поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны надумалі прызнаць агрэсарам і Беларусь. У тым ліку яны хочуць спагнаць з нашай краіны рэпарацыі. Што прыняцце такога рашэння прынясе Беларусі і беларусам, разбіраліся карэспандэнты «Белсату».

Вярхоўная Рада Украіны.
Фота: В. Сарахан / fotobank.rada.gov.ua

У Вярхоўнай Радзе Украіны 16 чэрвеня быў зарэгістраваны праект пастановы аб прызнанні Беларусі дзяржавай-агрэсарам. Дакумент прадугледжвае зварот украінскага парламенту да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Еўрапейскага парламенту, парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы, NATO, АБСЕ, ГУАМ і парламентаў дзяржаваў свету.

У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што дакумент накіраваны на прыцягненне ўвагі сусветнай супольнасці да фактаў спрыяння і падтрымання з боку Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстання беларускай тэрыторыі і інфраструктуры «для ажыццяўлення тэрарыстычных атак на тэрыторыю Украіны, што ўзмацняе здольнасць Расейскай Федэрацыі весці баявыя дзеянні і заахвочвае эскалацыю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету».

Hавiны
Народныя дэпутаты Украіны дамагаюцца прызнання Беларусі краінай-агрэсарам
2023.06.20 12:41

Таксама праект пастановы ініцыюе заклік да міжнародных партнёраў Украіны ўзмацніць ціск на Беларусь, у тым ліку праз увядзенне сектаральных санкцыяў, «каб спыніць агрэсію і прымусіць беларускае кіраўніцтва спыніць дазвол выкарыстоўваць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для ўчынення ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці і тэрарыстычных актаў супраць Украіны і яе грамадзянаў».

Дакумент прадугледжвае пакаранне службовых асобаў Беларусі, вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых з пачатку агрэсіі супраць Украіны, і заклік да ўраду Украіны неадкладна прапрацаваць пытанне аб скасаванні дыпламатычных стасункаў з Менскам. Ёсць у ім згадка пра «спагнанне рэпарацыяў і пакрыццё нанесенай Украіне шкоды».

Апроч таго, ён утрымлівае заклік да ўрадаў і парламентаў замежных дзяржаваў спрыяць перадачы Украіне неабходнай вайсковай дапамогі з мэтай узмацнення яе абаронных магчымасцяў, гуманітарнай дапамогі для пацярпелага мірнага насельніцтва і ўнутрана перамешчаных асобаў.

Украіна хоча рэпарацыяў

Дэпутат Вярхоўнай Рады Яраслаў Юрчышын, які зарэгістраваў праект пастановы, адзначыў у сваім тэлеграм-канале, што «гэты крок неабходны для прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці і будучых рэпарацыяў Украіне».

«Мы памятаем аб дапамозе беларусаў у вайне супраць расейскага нашэсця і ўдзячныя байцам палка Каліноўскага. Аднак Беларусь як краіна павінна несці юрыдычную адказнасць за злачынствы, учыненыя на нашай тэрыторыі», – заявіў дэпутат.

Hавiны
«Дыктатура Лукашэнкі сканчаецца». На беларускай мяжы зачыталі зварот Палка Каліноўскага
2023.06.19 19:56

Паводле яго, «у свядомасці грамадства Беларусь, Лукашэнка – ужо даўно агрэсар», але трэба даказаць гэта і ў юрыдычнай плоскасці, каб «свет не сумняваўся, накладаючы санкцыі».

«Улічваючы нежаданне Рэспублікі Беларусь спыніць дазвол Расейскай Федэрацыі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру для ўварвання на суверэнную тэрыторыю Украіны насуперак міжнародным абавязкам, неабходна прызнаць Рэспубліку Беларусь дзяржавай-агрэсарам», – заявіў Юрчышын.

Атак па Украіне не было з Беларусі 257 дзён, але…

Расейскія войскі ў лютым 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўдзельнічалі ў наступе на Кіеў. Але пасля іх разгрому ўвесну беларуская тэрыторыя больш не была пляцоўкай для чарговага наступу на Украіну.

У ініцыятыве «Беларускі Гаюн», якая маніторыць вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі, у каментары «Белсату» адзначылі, што падтрыманне рэжымам Лукашэнкі «вайны Пуціна супраць Украіны не спынялася, а толькі мяняла формы». Цяпер яно праяўляецца перадусім у размяшчэнні мабілізаваных УС РФ на беларускіх палігонах, уключаючы Лепельскі, Асіповіцкі і Абуз-Лясноўскі палігоны.

«Тамака мабілізаваныя праходзяць падрыхтоўку і далей адбываюць у РФ, а на іх месца прыбываюць новыя. Так ужо было не раз», – падкрэслілі ў «Беларускім Гаюне».

Таксама за год вайны з Беларусі ў Расею перадалі мінімум 131 582 тоны боепрыпасаў, якія вывезлі ў тым ліку ў памежжа з акупаванымі Данецкам і Луганскам і наўпрост у Крым.

Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях непадалёк мяжы з Беларуссю.
Фота: Глеб Гараніч / «Reuters» / «Forum»

Апроч таго, з пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх гарадах была запушчаная не менш як 721 ракета. Аднак, кажуць у «Беларускім Гаюне», апошняя зафіксаваная атака з паветранай прасторы Беларусі была праведзеная а 05:50 6 кастрычніка 2022 года – 257 дзён таму.

Настаў час называць Лукашэнку сапраўдным імем

У размове з «Белсатам» намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, прадстаўнік у міжнародных справах Валерый Кавалеўскі адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы ўжо даўно заклікалі ўкраінскі бок і іншыя нацыянальныя ўрады да таго, каб яны прызналі Лукашэнку пагрозай для міжнароднага міру і бяспекі.

«Пасля таго як Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну супраць Украіны, ён таксама стаў і агрэсарам. І відавочна, фактычна цяпер за Беларуссю замацаваўся статус, адпаведна з міжнародным правам, краіны-суагрэсара», – сказаў палітык, які на днях быў з візітам у Кіеве.

Падкрэсліўшы важнасць таго, каб «Лукашэнку называлі сапраўднымі імёнамі», Кавалеўскі адзначыў, што ўкраінскі бок доўга ўхіляўся ад гэтай ацэнкі, якая б магла быць правакацыйнай з гледзішча рэжыму і падштурхнуць Лукашэнку да новай эскалацыі.

«Мы разумеем, чаму гэта не адбывалася раней. Але таксама разумеем, чаму гэта адбываецца цяпер, бо ўжо становіцца абсалютна зразумела, хто такі Лукашэнка, куды ён рухаецца, якімі інтарэсамі кіруецца. Ён дакладна не кіруецца інтарэсамі беларускага народу ці Рэспублікі Беларусь. Відавочна, што ён кіруецца воляй Крамля, Пуціна», – падкрэсліў прадстаўнік АПК.

Кавалеўскі адзначыў, што Кабінет будзе вывучаць тэкст прапанаванага дакументу, абмяркоўваць яго з украінскімі палітыкамі, спрабаваць прэзентаваць дадатковыя дакументы ці, наадварот, унесці карэктывы. Тым не менш, дадаў ён, у Вярхоўнай Рады ёсць права прымаць такія дакументы, «і мы будзем іх паважаць».

Санкцыі – балючая тэма для рэжыму

Адносна прапанаванага ўкраінскімі дэпутатамі ўзмацнення санкцыяў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі Кавалеўскі заявіў, што Кабінет надалей разглядае санкцыі як важны інструмент уплыву на сітуацыю. І хоць яны пакуль не змянілі сітуацыі, «істэрычная рэакцыя рэжыму на санкцыі паказвае, што для іх гэта балючая тэма, што яны хацелі б іх пазбавіцца».

«Гэта само па сабе ёсць ускосным індыкатарам таго, што санкцыі працуюць, што гэта значная перашкода для рэжыму», – падкрэсліў палітык.

Пры гэтым ён дадаў, што санкцыі ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі ўводзіліся вельмі павольна, маюць вельмі шмат прабелаў, якія б можна было закрыць. У прыватнасці, легітымнай мішэнню для санкцыяў мог бы стаць вайскова-прамысловы комплекс Беларусі, які «цяпер працуе на Расею». Згадаў Кавалеўскі і тое, што Міжнародная арганізацыя працы «дала зялёнае святло» на санкцыі супраць рэжыму за парушэнні правоў прафсаюзаў.

«Таму падставаў для ўвядзення санкцыяў на сённяшні дзень больш чым дастаткова. Рэжым іх баіцца, таму трэба гэтым таксама кіравацца», – дадаў намеснік старшыні Кабінету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

Што рабіць з рэпарацыямі?

У пытанні адказнасці Беларусі і рэпарацыяў Кавалеўскі адзначыў бессэнсоўнасць адмаўляць удзел Беларусі ў вайне ад самага пачатку.

«То бок мы не можам проста слепа казаць, што нічога няма і адчапіцеся ад нас са сваймі прэтэнзіямі», – падкрэсліў прадстаўнік АПК.

Тым не менш, паводле яго, для абмеркавання пытання рэпарацыяў варта дамагчыся перамогі, якая «дапаможа і Беларусі аднавіць сваю незалежнасць»:

«Як будзе выглядаць гэтая перамога? Які будзе ўнёсак беларускага народу ў гэтую перамогу? Гэта яшчэ пытанні адкрытыя».

Кавалеўскі падкрэсліў, што вольная Беларусь можа стаць самым кароткім шляхам да перамогі Украіны над Расеяй:

«Гэта і наймацнейшыя санкцыі, гэта і палітычны ўдар, гэта і вывад адзінага саюзніка ў вайне Расеі супраць Украіны».

Hавiны
Ціханоўская дапусціла, што можа папрасіць Зяленскага дапамагчы вызваліць Беларусь
2023.06.19 20:58

Паводле яго, Беларусь не ёсць «нейкай абсалютна аморфнай масай, якая не змагаецца за сваю незалежнасць». І пры падпісанні мірнай дамовы трэба будзе ўлічваць, каб былі абароненыя інтарэсы Беларусі: каб з яе тэрыторыі былі выведзеныя расейскія войскі і ліквідаваная ўсялякая вайсковая прысутнасць РФ.

Таксама, дадаў Кавалеўскі, пры вызначэнні рэпарацыяў трэба будзе ацаніць тое, што беларусы зрабілі для Украіны за час вайны: і прыватныя асобы, і бізнесы, і палітычныя структуры.

«Калі суміраваць усё тое, што робяць беларусы на сённяшні дзень ад пачатку вайны, то гэта вельмі сур’ёзны ўнёсак. І мы павінны ім ганарыцца, мы павінны падкрэсліваць гэта», – сказаў палітык.

Агулам, на ягоную думку, гэтае пытанне будзе складаным, «але не трэба яго баяцца, не трэба саромецца». Таксама трэба памятаць, у якім стане апынуўся беларускі народ 24 лютага 2022 года, «што гэта была краіна, фактычна ператвораная ў канцлагер». І што беларусы змагаліся за мабілізацыю міжнароднай дапамогі, але яна не адусюль прыйшла, у тым ліку не ад усіх суседзяў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў