У Беларусі падвышаецца базавая стаўка, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў


З 1 верасня ў Беларусі павялічваецца памер базавай стаўкі – да 235 рублёў. Адпаведная пастанова 19 жніўня была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. На падставе базавай стаўкі разлічваецца заробак супрацоўнікам бюджэтных арганізацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пастанова аб падвышэнні базавай стаўкі была падпісаная Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь 18 жніўня.

Апошні раз базавая стаўка падвышалася 1 студзеня 2023 года, цяпер яе памер складае 228 рублёў.

З 1 верасня, паводле пастановы, «для аплаты працы супрацоўнікаў бюджэтных арганізацыяў і іншых арганізацыяў, якія атрымліваюць субсідыі, супрацоўнікі якіх прыроўненыя па аплаце працы да супрацоўнікаў бюджэтных арганізацыяў», базавая стаўка будзе складаць 235 рублёў.

Базавая стаўка – велічыня, на падставе якой, праз сістэму каэфіцыентаў і даплат фармуецца заробак супрацоўнікаў бюджэтнай галіны. Памер базавай стаўкі вызначаецца ўрадам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў