У вызваленых раёнах Харкаўшчыны знойдзена ўжо больш за дзесяць катавальняў


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце распавёў пра выяўленне новых фактаў ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне.

Зяленскі паведаміў, што 17 верасня ў Ізюме Харкаўскай вобласці працягнуліся эксгумацыйныя працы на месцы знойдзенага масавага пахавання. Цяпер праводзяцца экспертызы целаў.

«Атрыманыя новыя доказы катаванняў, якія ўжываліся да пахаваных там людзей. У вызваленых раёнах Харкаўшчыны знойдзена ўжо больш за дзесяць катавальняў у розных гарадах і пасёлках. Калі акупанты ўцякалі, яны кінулі і апараты для здзекавання. Нават на звычайным вакзале Казачай Лопані знайшлі памяшканне для катаванняў, знайшлі прылады для катаванняў токам. Гэта проста вакзал!

Катаванне было паўсюднай практыкай на акупаванай тэрыторыі. Так рабілі нацысты. Так робяць рашысты. І будуць адказваць гэтак сама – і на полі бою, і ў залах суду. Мы высветлім асобы ўсіх тых, хто катаваў, хто здзекаваўся, хто прынёс гэтае зверства з Расеі сюды, на ўкраінскую зямлю», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Аб’ектыў
«Зверствы ў Бучы не былі анамаліяй». Чарговыя сведчанні зверстваў расейскіх вайскоўцаў
2022.09.17 22:30

Раней украінскія ўлады ўжо паведамлялі аб выяўленні катавальняў у вызваленых населеных пунктах Харкаўскай вобласці. Так, Харкаўская абласная пракуратура распавяла 17 верасня, што падчас акупацыі пасёлка Казачая Лопань расейскае войска катавала людзей у падвальным памяшканні так званай «народнай міліцыі».

Падвальнае памяшканне ў Казачай Лопані, дзе, як мяркуецца, падчас акупацыі была катавальня.
Фота: Харківська обласна прокуратура / Facebook

«Прадстаўнікі РФ стварылі псеўдаправаахоўны орган, у падвале якога была размешчана камера катаванняў, дзе мірныя жыхары падвяргаліся бесчалавечным катаванням», – заявілі ў пракуратуры.

Прадстаўнікі Харкаўскай абласной пракуратуры таксама знайшлі прыладу, з дапамогай якой людзей катавалі токам.

Прылада, пры дапамозе якой людзей катавалі токам расейскія вайскоўцы.
Фота: Харківська обласна прокуратура / Facebook

Мяркуючы па фатаграфіях, гэта тэлефонны апарат з генератарам, побач з якім бачныя правады з канцылярскімі заціскамі. Пра тое, што для катаванняў токам расейскія вайскоўцы ўжывалі тэлефонны апарат таксама распавядаў журналістам жыхар Балакліі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў