«Ён – увасабленне гонару і моцы». Ціханоўская пракаментавала новую справу супраць мужа


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала абсурднымі новыя абвінавачванні супраць ейнага мужа Сяргея. Яна адзначыла, што гэта не зменіць стаўлення да яго народу Беларусі. Заяву Ціханоўскай апублікавалі ў ейным Telegram-канале.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская адзначыла, што для паслядоўнікаў ейнага мужа Сяргея ён застаецца лідарам, якому важна слухаць і чуць людзей.

«Ужо два з паловай гады майго мужа спрабуюць выставіць злачынцам. Як спрабуюць выставіць злачынцамі беларусаў за «завышаныя» на некалькі капеек кошты на куру, гранне на віяланчэлі на вуліцы ці каментары ў інтэрнэце. Для народу Беларусі Сяргей – па-ранейшаму ўвасабленне гонару, моцы і харызмы. І ніякія абвінавачванні ніколі гэтага не зменяць», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

Яна згадала іншыя палітычныя справы, паводле якіх тысячы асобаў трымаюць за кратамі.

«Беларусы не мусяць пакутаваць праз тое, што нехта хоча ўлады. Мікалаю Статкевічу, Анджэю Пачобуту, Дар’і Лосік, Эдуарду Бабарыку і тысячам іншых асобаў прыдумляюць новыя і новыя няісныя крымінальныя справы. Тыя ж людзі зрабілі Беларусь суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны. З-за гэтых жа людзей на Беларусь працягваюць накладаць санкцыі», – заявіла Ціханоўская.

Яна кажа, што за дзеянні ўладаў беларусы расплачваюцца ростам цэнаў, пустымі гаманцамі, немагчымасцю спакойна жыць.

«Расплачваюцца сваёй бяспекай, сваім сапраўдным і будучыняй сваіх дзяцей. Хтосьці расплачваецца самым каштоўным: жыццём. Хтосьці атрымлівае велізарныя тэрміны і праводзіць найлепшыя гады жыцця ў турме», – канстатавала Ціханоўская.

16 студзеня стала вядома, што супраць Сяргея Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу. Артыкул: «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства». Да 18-гадовага тэрміну Ціханоўскаму могуць дадаць яшчэ 2 гады.

Hавiны
Сяргею Ціханоўскаму выставілі новае абвінавачванне
2023.01.16 15:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў