Суды, затрыманні, штрафы, ШІЗА і перавод у калонію: рэпрэсіі ў Беларусі 13 сакавіка


Рэпрэсіі і пераслед у Беларусі не спыняюцца ні на дзень. Традыцыйна, напрыканцы дня, «Белсат» робіць агляд палітычна матываваных затрыманняў і судоў у краіне.

Раніцай 13 сакавіка ў Менску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатру Мікалая Зайца. Прычына затрымання і месцазнаходжанне Мікалая невядомыя.

Hавiны
У Менску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатру
2023.03.13 15:06

Дзіцячага трэнера па футболе Алега Швайко асудзілі да двух гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Таксама яму трэба будзе аплаціць штраф у памеры 69 тысячаў рублёў за «перакрыццё дарог».

Алег Швайко.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Гарадзенскім абласным судзе 13 сакавіка распачаўся суд над палітзняволенымі Мікалаем Куляшовым, Анітай Бакуновіч, Ягорам Курзіным. Іх затрымалі ў верасні 2022 года на Гарадзеншчыне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Цяпер іх будуць за гэта судзіць, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Апроч усяго, палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» – у арганізацыі «Дапамога».

Мікалай Куляшоў, Аніта Бакуновіч, Ягор Курзін. Калаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

13 сакавіка стала вядома, што яшчэ 10 сакавіка, у пятніцу, на працоўным месцы ў шпіталі ў Горадні быў затрыманы дзіцячы лекар Уладзімір Пруднікаў, які таксама з’яўляецца актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гарадзенцу прысудзілі штраф у памеры 20 базавых велічыняў за захоўванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Hавiны
У Горадні на працоўным месцы ў шпіталі затрымалі дзіцячага доктара
2023.03.13 16:07

Гарадзенца Уладзіміра Якубеля, «пакаяльнае відэа» з якім з’явілася 10 сакавіка, арыштавалі на 15 содняў.

Таксама вядома, што 13 сакавіка ў Горадні былі аштрафаваныя паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») яшчэ мінімум два чалавекі.

Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда распавёў, што яна зноў у ШІЗА – у чацвёрты раз за апошнія два з паловай месяцы. Ад 23 снежня ад Паліны не было ўвогуле лістоў-навін, а адваката да яе не пускалі.

Hавiны
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк – у ШІЗА. У чацвёрты раз за два з паловай месяцы
2023.03.13 19:26

Стала вядома, што справу палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса перадаюць у пракуратуру. Яўгена затрымалі 13 верасня і абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт.361-4 КК РБ.

Hавiны
Скончылася следства ў справе палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса
2023.03.13 15:33

Таксама з’явілася інфармацыя, што 15 сакавіка зноў будуць судзіць гомельскага актывіста Іллю Міронава. Яго абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Актывіста затрымалі 2 сакавіка і асудзілі па адміністратыўным артыкуле на 13 содняў.

Ілля Міронаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што палітвязня Мікалая Брэдзелева перавялі ў івацэвіцкую калонію №22. Былога кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 асудзілі да 4 гадоў калоніі за нібыта прадстаўленне грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу) – блогеру Антону Матольку.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў