Bild: «Зімовы наступ Пуціна» ва Украіне праваліўся


Ваенны аглядальнік нямецкага выдання Bild Юльян Рэпцы заявіў, што «зімовы наступ Уладзіміра Пуціна праваліўся» ва Украіне. На думку эксперта, цяпер расейскай арміі «давядзецца зноў збіраць рэзервы», перш чым яна зможа перайсці ў чарговы наступ.

Вайна ва Украіне
Танк на фронце ва Украіне.
Фота: GeneralStaffZSU / Telegram

Рэпцы звярнуў увагу на тое, што з таго часу, як у кастрычніку 2023 года расейская армія пачала маштабны наступ у Данецкай і Харкаўскай абласцях, ім «нічога не ўдалося дамагчыся, не лічачы гібелі тысяч уласных салдат і страты больш за 400 адзінак баявой тэхнікі». І калі ў лістападзе і снежні ў расейскіх атаках бралі ўдзел тысячы салдат, то ў апошнія некалькі тыдняў гаворка ідзе толькі пра «дробныя сутыкненні».

Па сканчэнні трох месяцаў, адзначыў аглядальнік Bild, Расея «усё гэтак жа далёкая ад захопу Купянска ў Харкаўскай вобласці і Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці», як і ў кастрычніку 2023 года.

«На поўнач ад Аўдзееўкі расейскія салдаты загразлі каля невялікай вёскі Пятроўскае – украінская армія ўтрымлівае абарону там з дапамогай дронаў-камікадзэ і бронетранспарцёраў Bradley. Некалькі месяцаў на гэтым участку фронта не адбываецца сур’ёзных змен, таму расейцы пакуль што не могуць акружыць Аўдзееўку», – распавёў эксперт нямецкага выдання.

На Купянскім напрамку, нягледзячы на справаздачы Мінабароны аб «паспяховым нанясенні агнявога паражэння жывой сілы і тэхнікі», па словах Рэпцы, сурʼёзных зрухаў таксама няма. Паводле яго слоў, расейскае войска фактычна «затрымалася» у раёне вёскі Сінькоўка, дзе танкавыя роты «адна за адной натыкаюцца на мінныя палі» і толькі губляюць тэхніку і салдат, якіх украінскі бок закідвае з дапамогай дронаў касетнымі боепрыпасамі і гранатамі.

Пры гэтым ваенны эксперт не стаў рабіць прагноз наконт таго, як доўга Украіна зможа стрымліваць наступленне расейскай арміі.

Тым часам ва Украіне поўным ходам ідзе падрыхтоўка аэрадромнай інфраструктуры для прыёму знішчальнікаў F-16. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра абароны генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк. Самі лётчыкі і інжынеры, паводле яго слоў, усё яшчэ праходзяць навучанне на Захадзе.

Акрамя таго, кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў пачатку года выказаўся за пашырэнне дапамогі Украіне для ўдараў у глыбіні Расеі і занятых ёю ўкраінскіх тэрыторый.

Агляд
Тактычныя баі і лакальныя прасоўванні. Што адбываецца ва Украіне?
2024.01.09 19:17

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў