Тактычныя баі і лакальныя прасоўванні. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 685-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія пяхотнікі нясуць вахту ў акопах на лініі фронту ў напрамку Купянску, Украіна. Тэмпература ў апошнія дні апускаецца да мінус 15 удзень і да мінус 25 уначы. 7 студзеня 2024 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку Узброеныя сілы РФ працягваюць атакаваць у ваколіцах сяла Сынькоўка ў Харкаўскай вобласці. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам содняў сілы абароны краіны адбілі пяць атак праціўніка на гэтым участку фронту.

Няўдалыя спробы войскаў РФ прарваць абарону праціўніка пацвярджае і расейскі ваенкор Сямён Пегаў.

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на ўсходзе ад сяла Церны ў Данецкай вобласці: прынамсі дзве іхныя атакі аказаліся безвыніковымі.

У гэты ж час у Серабранскім лясніцтве на Луганшчыне ідуць сустрэчныя баі: ваенкор Барыс Рожын гаворыць, што УС РФ замацаваліся на новых пазіцыях у лясным масіве, і цяпер рыхтуюцца да контратак украінцаў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ЗСУ адышлі на ўскрайкі сяла Багданаўка (на захадзе ад Бахмуту). У гэты ж час каля Хромава Збройныя сілы трымаюць абарону.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» пацвярджае цяжкія баі каля Хромава. Крыніца мяркуе, што расейцы ціснуць на гэтым участку фронту, каб абысці пазіцыі ЗСУ на поўдні ад Бахмуту.

Там у сваю чаргу войскі РФ атакуюць каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка, але пакуль не могуць прасунуцца.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Яшчэ большая наступальная актыўнасць войскаў РФ фіксуецца ў ваколіцах Данецку.

На мар’інскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі тры атакі каля населеных пунктаў Севернае, Танэнькае і Аўдзееўка, а таксама яшчэ 15 – у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.

Між тым Барыс Рожын гаворыць, што войскі РФ крыху прасунуліся да паўночнага захаду Аўдзееўкі і ў прыватным сектары каля коксахімічнага заводу.

Пегаў сцвярджае, што яны мелі поспех і каля Невельскага ўздоўж трасы М-04.

На мар’інскім кірунку асноўныя баі ідуць каля сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Канал «Два майора» паведамляе пра паступовыя прасоўванні расейцаў на ўсходзе першага населенага пункту.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што УС РФ крыху прасунуліся і на поўдні ад Новаміхайлаўкі (але не каля самога сяла).

Між тым Пегаў адзначае, што на самую Новаміхайлаўку расейцы ціснуць толькі з усходу, але і гэты участак знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

Вайскоўцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што агулам дзеянні расейцаў на кірунку маюць тактычны характар, бо цяпер яны праводзяць ратацыю і перагрупаванне.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці фіксуецца чарговая няўдалая спроба войскаў РФ прасунуцца каля сяла Старамаёрскае.

У Запарожскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы пасля працяглага перапынку зноў атакавалі каля сяла Чырвонае (на захадзе ад гораду Гуляйполе). Таксама безвыніковымі былі іхныя атакі каля Вэрбовага і Навапрокапаўкі (з поўдня ад гораду Арэхаў). Агулам за содні на мелітопальскім кірунку сілы абароны краіны адбілі сем атак праціўніка.

Самыя ЗСУ, па словах ваенкора Пегава, контратакавалі з поўначы ад Навапрокапаўкі і вярнулі раней страчаныя пазіцыі. Такім чынам на гэтым участку лінія сутыкнення зноў праходзіць побач з сялом. Атакуюць украінцы і каля Вэрбовага, але тут лінія фронту застаецца нязменнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў