Памежны камітэт Беларусі зрабіў заяву ў сувязі з гібеллю польскага жаўнера


Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што гатовы расследаваць трагедыю на мяжы з Польшчай, у тым ліку ў двухбаковым фармаце, але пакуль нібыта не атрымаў ад польскага боку неабходнай інфармацыі.

28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзным, вайскоўца даставілі ў шпіталь, 6 чэрвеня ён памёр. У сувязі з трагедыяй часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку выклікалі ў МЗС Польшчы і яму перадалі ноту пратэсту. Варшава патрабуе ад Менску выдаць падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца і спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы.

У заяве Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі за 7 чэрвеня зазначаецца, што беларускі бок адмоўна ставіцца да любых праяваў агрэсіі і гвалту ў дачыненні вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу. «Выпадак гібелі польскага вайскоўца не выключэнне», – падкрэслілі ў ведамстве.

Разам з тым, у Памежным камітэце кажуць, што не атрымалі «змястоўных зыходных звестак і неабходнай інфармацыі пра здарэнне».

«Але мы працягваем выступаць за спыненне трагедыяў на агульнай мяжы, якая павінна быць месцам цывілізаванай супрацы ў духу няўхільнага захавання міжнародных дамоваў і правоў чалавека.

У выпадку атрымання канкрэтных звестак пра абставіны трагедыі памежная служба Рэспублікі Беларусь гатовая правесці як аднабаковае, так і двухбаковае расследаванне інцыдэнту», – гаворыцца ў заяве.

Абноўлена
Памёр польскі жаўнер, якога параніў нажом мігрант на мяжы з Беларуссю
2024.06.06 16:48

Нагадаем, што з вясны 2024 года Польшча стала фіксаваць рост спробаў нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі. У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Цягам апошніх тыдняў паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі раненні ў выніку нападу мігрантаў.

Hавiны
На польска-беларускай мяжы зноў сур’ёзна паранены памежнік: пераломлены чэрап, пашкоджанае вока
2024.06.05 09:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў