Праз санкцыі ў Расеі могуць паўстаць праблемы з рамонтам самалётаў «Airbus» і «Boeing»


Расея неўзабаве не зможа рамантаваць большай часткі свайго самалётнага парку праз накладзеныя санкцыі. Гэта стварае цяжкасці з доступам да запчастак і тэхналогіяў для абслугоўвання і адпаведна ставіць пад пагрозу бяспеку палётаў.

Паводле падлікаў «Wall Street Journal», з 969 авіялайнераў, размешчаных у авіяпарку Расеі, 77 % складаюць самалёты «Airbus» і «Boeing». Згодна са звесткамі Банку Расеі, 97 % пасажырскіх авіяперавозак у краіне ўвогуле прыпадае менавіта на заходнія авіялайнеры. Усё гэта сведчыць пра тое, што праблема робіцца асабліва вострай.

У траўні 2021 года ў «Шарамецьеве» ўрачыста прэзентавалі першы самалёт «Airbus А320neo»
Фота: aviapages.ru

Пакуль жа для рамонту адных самалётаў у Расеі даводзіцца разбіраць іншыя, то бок займацца так званым «канібалізмам», пра што стала вядома яшчэ ўлетку 2022 года. Хоць афіцыйна расейскі міністр транспарту завяраў, нібыта такіх выпадкаў у краіне не было.

Галоўнай праблемай на сённяшні дзень робіцца тое, што ўсё большая колькасць самалётаў набліжаецца да моманту, калі трэба праводзіць іх сур’ёзнае тэхнічнае абслугоўванне – пры гэтым авіялайнер выводзіцца на некалькі месяцаў з эксплуатацыі і амаль цалкам разбіраецца.

Расея спрабуе рабіць такія абслугоўванні сваімі сіламі. Але сітуацыя ўскладняецца тым, што на сёння, паводле заявы кампаніі «Airbus», няма законных спосабаў, з дапамогай якіх арыгінальныя запчасткі, дакументацыя і паслугі маглі б трапіць да расейскіх транспартавальнікаў.

Усе абмежаванні, што ўвялі Еўразвяз і ЗША, датычаць таксама арганізацыяў і прыватных асобаў, якія хацелі б прадаваць дэталі і аказваць паслугі сваім партнёрам з Расеі. Гэта значыць, што любы пастаўляльнік, авіякампанія або фірма, якія займаюцца тэхнічным забеспячэннем і абслугоўваннем, будуць выключаныя са спісу кліентаў кампаніі «Airbus» у выпадку, калі паставяць дэталі авіятранспартавальнікам з Расеі.

Вядома, што расейскія авіякампаніі рабілі спробы звярнуцца па дапамогу ў іншыя краіны, але Злучаныя Штаты і Еўразвяз спрабуюць не дапусціць магчымасцяў для абыходу санкцыяў. Так, напрыклад, былі зробленыя папярэджанні Турцыі, пасля чаго гэтая краіна ўвяла абмежаванні для самалётаў з Расеі і Беларусі. І нават Кітай не рызыкуе пускаць да сябе на абслугоўванне многія самалёты з Расеі, каб не трапіць пад санкцыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў