Прыгожын заявіў, што ПВК Вагнэра сыходзіць з Бахмуту 10 траўня


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын заявіў, што праз недахоп боепрыпасаў групоўка 10 траўня пакідае свае пазіцыі ў Бахмуце Данецкай вобласці і перадае іх падраздзяленням Міністэрства абароны РФ. Астатніх наймітаў і боепрыпасы Група Вагнэра адправіць у тылавыя лагеры, заявіла прэс-служба Яўгенія Прыгожына.

Яўгеній Прыгожын заявіў, што ПВК Вагнэра сыходзіць з Бахмуту. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

У відэазвароце Яўгеній Прыгожын звярнуўся да вайсковага камандавання, прэзідэнта і народу Расеі.

«Я выводжу падраздзяленні ПВК Вагнэра з Бахмуту, бо пры адсутнасці боепрыпасаў яны асуджаныя на бессэнсоўную гібель», – заявіў Прыгожын.

Кіраўнік ПВК Вагнэра таксама заявіў, што да 9 траўня яны павінны былі ўзяць Бахмут, але, ведаючы пра гэта, з 1 траўня іх адрэзалі ад любых артылерыйскіх снарадаў. Паводле Прыгожына, дэфіцыт снарадаў у вагнэраўцаў складае 90 %, а ўсяго падчас побыту ў Бахмуце яны атрымлівалі толькі 30 % боепрыпасаў ад патрэбнай колькасці.

Раней кіраўнік Групы Вагнэра запісваў відэазварот да вайсковага кіраўніцтва Расеі на фоне трупаў сваіх наймітаў. У відэа ён матам крычаў на кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ за недахоп боепрыпасаў.

Hавiны
Прыгожын аблаяў кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі за недахоп боепрыпасаў
2023.05.05 11:45

Прыгожын і раней крытыкаваў расейскае вайсковае кіраўніцтва за недахоп боепрыпасаў. Гэтак, у канцы красавіка падчас інтэрв’ю расейскаму ваенкару і прапагандысту Сямёну Пегаву ён заявіў, што ПВК Вагнэра праз нейкі час можа перастаць існаваць праз дэфіцыт снарадаў на вайне з Украінай. А днямі Прыгожын заявіў, што ўкраінскі контрнаступ ужо пачаўся.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў