Прыгожын аблаяў кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі за недахоп боепрыпасаў


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын запісаў відэазварот, у якім ён у нецэнзурнай форме крытыкуе найвышэйшае кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі за нястачу боепрыпасаў. На пачатку відэа дэманструюць трупы вагнэраўцаў.

Яўгеній Прыгожын звярнуўся да кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Відэа са зваротам знятае на фоне некалькіх дзясяткаў трупаў наймітаў ПВК Вагнэра. Прыгожын сцвярджае, што гэта баявыя страты за адзін дзень 4 траўня: «Гэта хлопцы ПВК Вагнэра, якія загінулі сёння. Яшчэ кроў свежая».

Кіраўнік ПВК Вагнэра, звяртаючыся да міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і начальніка Генштабу РФ Валерыя Герасімава, крычыць на іх матам за недахоп боепрыпасаў:

«Гэта нечыя бацькі і нечыя сыны. І тыя паскуды, якія не даюць боепрыпасаў, с*ка, будуць у пекле жэрці іх трыбухі. У нас недахоп боепрыпасаў 70 %. Шайгу, Герасімаў, дзе, с*ка, боепрыпасы? Паглядзіце на іх, с*ка!»

Далей Прыгожын кажа, што чыноўнікі сядзяць у дарагіх клубах, а іхныя дзеці «пруцца ад жыцця» і здымаюць ролікі на Youtube.

«Вы думаеце аб тым, што вы – гаспадары гэтага жыцця, і аб тым, што вы маеце права распараджацца іхнымі жыццямі. Думаеце аб тым, што калі ў вас ёсць склады ад снарадаў, то вы маеце на гэта права. Ёсць элементарныя падлікі – калі вы даяце норму боепрыпасаў, загінулых у пяць разоў менш. Яны прыйшлі сюды добраахвотнікамі і паміраюць за тое, каб вы жыравалі ў сваіх кабінетах з чырвоным дрэвам. Улічыце гэта», – кажа Прыгожын.

Гэта не першы выпадак, калі Прыгожын крытыкуе расейскае вайсковае кіраўніцтва за недахоп боепрыпасаў. Гэтак, у канцы красавіка падчас інтэрв’ю расейскаму ваенкару і прапагандысту Сямёну Пегаву ён заявіў, што ПВК Вагнэра праз нейкі час можа перастаць існаваць праз дэфіцыт снарадаў на вайне з Украінай. А днямі Прыгожын заявіў, што ўкраінскі контрнаступ ужо пачаўся.

Hавiны
Яўген Прыгожын: Контрнаступ ужо пачаўся
2023.05.03 18:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў