Што не так з Каардынацыйнаю радаю? За месяц пайшлі васьмёра дэлегатаў, ёсць петыцыя за роспуск


Каардынацыйная рада – гэткі протапарламент дэмакратычных сілаў Беларусі – рыхтуецца да пазачарговых выбараў. Але яшчэ да выбараў з’явілася петыцыя за роспуск КР, васьмёра падпісантаў датэрмінова склалі з сябе паўнамоцтвы. Міхаіл Таўбэ – апошні, хто пайшоў на момант публікацыі – расказаў «Белсату», якія праблемы бачыць у КР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.

Яшчэ ў жніўні 2023 года на канферэнцыі «Новая Беларусь» абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская анансавала пазачарговыя выбары ў Каардынацыйную раду. У снежні КР пастанавіла, як зладзіць тыя выбары. Але прапанова не супала з бачаннем часткі дэлегатаў КР, іншы варыянт агучыў Аб’яднаны пераходны кабінет. Дзявяцера дэлегатаў напісалі петыцыю за датэрміновы роспуск КР і правядзенне новых выбараў «у выніку бяспечнага, простага і таемнага галасавання ўсіх грамадзянаў Беларусі». Петыцыю падтрымаў намеснік кіраўніцы Кабінету Павел Латушка.

Васьмёра з дзевяцёх дэлегатаў-падпісантаў датэрмінова выйшлі з КР – не выйшаў пакуль толькі Міхаіл Рубін. Ён сказаў «Белсату», што цалкам салідарны з тымі, хто выйшаў, але сам пакуль застаецца ў КР, бо лічыць найважнейшым правільную арганізацыю наступных выбараў. Ён увайшоў у арганізацыйны камітэт новых выбараў, але не змяніў думкі, што «актуальная КР недзеяздольная», працягвае настойваць на роспуску.

На момант публікацыі дакладны механізм выбараў і іх дата не вызначаныя. Над гэтым мае працаваць супольны арганізацыйны камітэт з чальцоў КР, Аб’яднанага пераходнага кабінету ды іншых дэмакратычных структураў. Першапачаткова выбары планавалі правесці ў лютым – сакавіку 2024 года і прэзентаваць іх як альтэрнатыву выбарам у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў. Гэта відавочна непакоіць улады: пасля пачатку актыўнай дыскусіі пра выбары ў КР сілавікі пачалі новыя крымінальныя справы супраць дэлегатаў, у беларускіх кватэрах і дамах некаторых дэлегатаў учынілі пагромы.

Шэсць прычынаў, праз якія КР пакінуў Міхаіл Таўбэ

Міхаіл Таўбэ, былы дэлегат Каардынацыйнай рады ад супольнасці «Беларусы замежжа». 2 снежня 2023 года.
Фота: з асабістага архіву Міхаіла Таўбэ

Восьмы падпісант петыцыі пайшоў з Каардынацыйнай рады 4 студзеня. Гэта дэлегат ад супольнасці «Беларусы замежжа» Міхаіл Таўбэ. Ён падрабязна расказаў «Белсату», чаму склаў паўнамоцтвы і не збіраецца балатавацца ў наступнае скліканне КР.

«У нас няма яшчэ года ці двух для фармавання праз дэлегаванне органу, які будзе сябе толькі пазіцыянаваць як протапарламент», – кажа ён і крытыкуе працу дзейнага складу КР і прапановы наконт выбараў новага складу.

Прычынаў выхаду, кажа, было шмат, але галоўных некалькі, і іх больш, чымся ў петыцыі. Вось гэтыя прычыны.

1. Пераход «чырвоных лініяў» часткаю дэлегатаў. Некаторыя дапускаюць, як кажа Таўбэ, змену стратэгіі КР «у бок абялення злачыннага рэжыму Лукашэнкі, прызнання ягонай легітымнасці, абясцэньванне ахвяраў палітычных вязняў праз прапановы гандлю імі». Насамрэч КР не выдае рэзалюцыяў кшталту «трэба прызнаць легітымнасць Лукашэнкі», але, тлумачыць суразмоўца, заклікі да дыялогу з уладамі ад асобных дэлегатаў, часам нават не звязаных з працаю ў вызваленні палітвязняў, ёсць часткаю легітымізацыі, «і гэта толькі першы крок.

Таўбэ заклікае задумацца над тым, што для вызвалення палітычных вязняў нельга выкарыстоўваць і здымаць санкцыяў, уведзеных за паветранае пірацтва, міграцыйны крызіс ці суўдзел рэжыму ў вайне. Патрэбны зразумелы і важкі інструмент, які б не дазваляў набраць новых палітзняволеных. Гэта можа быць узмацненне ціску праз новы пакет санкцыяў, якія былі б уведзеныя менавіта за наяўнасць палітычных вязняў у Беларусі.

Абноўлена
Нават захоп палонных. Прапанаваныя тры стратэгіі вызвалення палітвязняў
2023.12.03 17:45

2. Непразрыстасць у дзеяннях КР і фінансаванні, недастатковая публічнасць. Паводле Таўбэ, калі ён дэлегаваўся ў пазамінулым годзе, то не меў паўнавартаснага ўяўлення, чым займаецца КР, і хацеў гэта выправіць. Але дасюль беларусам няясна, што і навошта робіць КР, якія мае камісіі ды працоўныя групы, як галасуюць дэлегаты. Толькі чальцы Каардынацыйнай рады бачаць, хто як галасаваў, а нават калі ў галасаванні рашэнне прынятае з перавагай адзін голас, яно прэзентуецца як пазіцыя ўсёй КР. І не ўсе дэлегаты КР маюць доступу да звестак пра ўсю дзейнасць КР і не ўсе ведаюць, якія лісты і дакументы выдаюць ад імя КР.

Частка дэлегатаў КР захоўвае ананімнасць праз пагрозу палітычнага пераследу. Таўбэ не бачыць у гэтым перашкоды для адкрытасці. Калі ўжо апынуліся ў сітуацыі, што ў КР ёсць ананімныя дэлегаты, можна было б публікаваць вынікі галасавання, дзе былі б імёны публічных дэлегатаў і назвы арганізацыяў, якія дэлегавалі непублічнага прадстаўніка.

Таўбэ згадвае, што некалькі разоў ініцыяваў змены ў бок больш адкрытай працы, але гэта не знайшло падтрымання бальшыні дэлегатаў КР. Статут КР такога не патрабуе: ёсць толькі пункт пра тое, што галасаванне Агульнага паседжання КР «адбываецца ў адкрытым фармаце» (вынікі без імёнаў, а хоць бы з лічбамі на памяці Таўбэ публікавалі адзін раз – пры выбарах спікера). Нават прапанова публікаваць вынікі галасавання з разбіўкаю толькі па фракцыях, дзе імёны цалкам адсутнічаюць, не знайшла належнага падтрымання.

Каментар
Каб супрацьпаставіць Каардынацыйную раду Палаце прадстаўнікоў, трэба вызначыць, навошта яна
2023.11.24 07:02

3. Адсутнасць «выразна вызначаных мэтаў» ні агулам у КР, ні на тэрмін працы другога склікання. Без гэтых мэтаў фокус часткі дэлегатаў, кажа Таўбэ, ссунуўся на нутраную канкурэнцыю за кіраўніцтва камісіямі ці працоўнымі групамі, канкурэнцыю між штучна створанымі фракцыямі. Частка дэлегатаў успрымае КР як протапарламент, а частка – як дыскусійную пляцоўку, і з такімі істотнымі адрозненнямі цяжка падыходзіць да супольнай працы.

«Мы маем сітуацыю, калі ўсё, што ні зробіць Каардынацыйная рада, – правільна, бо без дэклараваных мэтаў нельга сказаць, што мы іх не дасягнулі», – заўважае суразмоўца.

4. Адсутнасць зваротнай сувязі. Насамрэч любы чалавек можа напісаць Каардынацыйнай радзе ў спецыяльную форму на сайце або праз тэлеграм-бот. Але, кажа Таўбэ, ці то ў КР наагул ніхто не піша, ці звароты беларусаў не даходзяць далей за тых, хто мае беспасярэдні доступ да гэтых паведамленняў (на думку суразмоўцы, гэта толькі сакратарыят, спікер і віцэ-спікерка). І жадання змяніць гэта ў КР ён не бачыць.

5. Нізкая культура камунікацыі і «адсутнасць прынцыпаў» у дэлегатаў. Таўбэ наракае на непаважлівую манеру стасункаў некаторых дэлегатаў і атмасферу, якая спрыяе дэматывацыі. Сакратарыят, паводле яго, дазваляе сабе невуцкія звароты і тролінг. Статут і рэгламент неаднаразова парушаліся. Праблема пагаршаецца рэакцыяй на памылкі: далёка не ўсе гатовыя іх прызнаваць і выпраўляць, частка проста замоўчваецца або ігнаруецца.

Агляд
Канфлікты сілавікоў і лукашысты супраць бондараўшчыны. Галоўныя сваркі беларусаў у 2023 годзе
2023.12.28 15:00

6. Адсутнасць легітымнасці ў КР праз тое, што дзейны склад выбіралі не праз беспасярэднія ўсеагульныя выбары, а паводле складанай працэдуры – фактычна арганізацыі дэмакратычнай супольнасці прызначылі дэлегатаў, абмеркаваўшы кандыдатуры між сабою. Дэлегаванне, паводле Таўбэ, – гэта адна з самых вялікіх і заслужаных прэтэнзіяў да КР другога склікання, але ж частка дэлегатаў хоча захаваць квоты для дэлегавання ў выбарах трэцяга складу. Суразмоўца лічыць гэта недапушчальным: хоць сам прайшоў у КР паводле квоты, кажа, што ішоў, каб нявыбраных дэлегатаў не было.

«Петыцыя і выхад са складу Каардынацыйнай рады – гэта ў тым ліку магчымасць прыцягнуць увагу да таго, каб беларусы намагаліся актыўна браць удзел і не дазволіць трэцяму складу фармавацца з улікам квотаў.

Я заклікаю беларусаў не чакаць, а актыўна браць удзел у дзейнасці КР, патрабуючы адкрытасці, празрыстасці і падсправаздачнасці», – тлумачыць Таўбэ.

Суразмоўца не збіраецца ісці на наступныя выбары ў КР: у протапарламент, якім сябе хоча бачыць КР, маюць ісці палітыкі з рэсурсам, а не прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і блогеры. Таўбэ хацеў бы працягнуць сваю дзейнасць у арганізацыях ды ініцыятывах, у якіх ён дзеяў і раней. І дадае, што ўдзячны за магчымасць браць удзел у дзейнасці КР і за атрыманы досвед, а таксама спадзяецца, што ягоны выхад прыцягне ўвагу да агучаных праблемаў і паслужыць штуршком для больш адкрытай і празрыстай працы Каардынацыйнай рады.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў