СК Беларусі заявіў пра 100 фігурантаў «справы Каардынацыйнай рады»


Следчы камітэт паведаміў, што ў «справе Каардынацыйнай рады» з’явіліся больш за 100 падазраваных. Як сцвярджаюць у ведамстве, яны атрымалі нейкі пералік «экстрэмістаў» ад асобы, якая вярнулася ў Беларусь праз «камісію для вяртання», піша БелТА.

Слуханні ў Каардынацыйнай радзе 5 жніўня 2023 года ў Варшаве.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У якасці падазраваных у «справе Каардынацыйнай рады» прыцягнутыя болей за 100 асобаў, цяпер ідуць следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя захады. СК разам з МУС «збіраюць доказы злачыннай дзейнасці, якая вялася ў 2020 годзе лідарамі радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі».

Следчы камітэт паведамляе, што «да нядаўняга часу» ведаў толькі публічных прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, а цяпер нібыта атрымаў пералік іншых асобаў, якія маюць дачыненне да гэтай ініцыятывы. Сцвярджаецца, што гэты спіс перадаў «адзін з такіх удзельнікаў», які прыехаў у Беларусь праз «камісію для вяртання»:

«Асоба не толькі раскаялася ва ўчыненні злачынстваў, але і ініцыятыўна дала пашыраны спіс беглых злачынцаў з Каардынацыйнай рады, дзе фігуруе болей за 100 асобаў, у тым ліку раней невядомых праваахоўным органам здраднікаў».

Наўпрост пра адкрыццё крымінальнай справы не паведамляецца, але адзначаецца, што фігурантаў западозрылі ў «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

У СК пацвердзілі звесткі пра серыю ператрусаў, сілавікі шукаюць маёмасць і нерухомасць падазраваных «з мэтаю накладання арышту». У камітэце таксама не выключылі, што справу будуць разглядаць паводле працэдуры спецыяльнага вядзення.

З увагі на гэтае паведамленне СК можна меркаваць, што гэта будзе новая справа, якая датычыцца Каардынацыйнай рады. Раней за ўдзел у арганізацыі судзілі Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, завочна – Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз і Сяргея Дылеўскага.

Каментар
«Пайду, як таран, я буду змагацца». Павел Латушка пракаментаваў завочны прысуд – 18 гадоў
2023.03.06 17:04

Раней сёння праваабарончы цэнтр «Вясна» і крыніцы «Белсату» паведамілі пра серыю ператрусаў, звязаных з Каардынацыйнай радай. Сілавікі прыйшлі на адрасы Паўла Латушкі, Сяргея Чалага, Юрыя Губарэвіча, Артура Фінькевіча і прэс-сакратара Ціханоўскай Ганны Красулінай.

Абноўлена
Сілавікі супраць Каардынацыйнай рады: ператрусы ў Латушкі, Чалага і Губарэвіча
2023.11.28 11:53

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў