Новыя санкцыі Літвы: памылка ці злая воля?


Літоўская мытня пацвердзіла, што ўвяла забарону на ўвоз 2800 тавараў з Беларусі ў тым ліку для фізічных асобаў. Аднак забароненых тавараў зусім няшмат увозіў увесь беларускі бізнес, не кажучы ўжо пра звычайных людзей. «Белсат» палічыў, ў колькі Беларусі абыдуцца санкцыі, ці сапраўды зусім усё забаронена і чаму новаўвядзенні больш балюча б’юць па беларусах, чым па рэжыме Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскі памежнік.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Забарона дзейнічае з 3 чэрвеня. Калі яна была анансаваная, меркавалася, што гаворка ідзе пра забарону экспарту , але ў дзень уступлення пастановы ў сілу людзі на мяжы з Літвой забілі трывогу – літоўская мытня не прапускае наогул ніякія прадукты. Часам не даюць узяць з сабой нават гарбату ў тэрмасе і бутэльку вады.

Усяго пад санкцыямі 2800 тавараў з 24 груп (жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, крупы, збожжавыя, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя). Аднак у гэтых групах тавараў у разы больш, чым 2800.

Каментар
Літоўская мытня не пажартавала і не памылілася: грамадзянам таксама забаронена везці харчовыя тавары
2024.06.04 11:27

Як сведчаць дадзеныя Еўрастату, гэтых санкцыйных тавараў Беларусь пастаўляла не так і шмат. Так, у 2023 годзе Беларусь экспартавала ў Літву ўсіх тавараў на € 279,5 млн. З іх тыя самыя 24 групы склалі € 99,8 млн. Пры гэтым забароненых тавараў у гэтых групах было правадзена ў мінулым годзе толькі на € 27,1 млн. Атрымліваецца, Літва забараніла менш, чым трэць паставак з названых 24 груп для беларускай дзяржавы. У беларускім экспарце за 2023 год – гэта зусім мізер, паколькі было прададзена за мяжу тавараў на $ 40,16 млрд.

«Магчыма, гэта створыць пэўныя цяжкасці камусьці з беларускіх вытворцаў, пастаўшчыкоў, якія яшчэ пастаўлялі нейкія тавары харчавання ў Літву. Але ў цэлым для беларускага экспарту гэта зусім невялікія абʼёмы. Эканоміка ад гэтага асабліва не можа пацярпець, тым больш за апошнія некалькі гадоў адбылася пераарыентацыя беларускай эканомікі на ўсход», – распавяла «Белсату» экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.

Атрымалі санкцыі за Расею

Літоўскія ўлады тлумачаць свае дзеянні абаронай літоўскіх вытворцаў, аднак наўрад ці гаворка ідзе пра сурʼёзны эканамічны складнік санкцый менавіта супраць Беларусі, лічыць Анастасія Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі з роварамі стаяць на памежным пераходзе Шумскас паміж Літвой і Беларуссю побач з таблічкай «Не рызыкуйце сваёй бяспекай – не ездзіце ў Беларусь. Вы можаце не вярнуцца». 12 жніўня 2023 года.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

«Хутчэй за ўсё гэта больш накіравана на Расею, дзе абʼёмы гандлю былі першапачаткова вышэйшыя, чым у Беларусі. Абмежаванні ўведзеныя і ў дачыненні да Расеі. Калі мы паглядзім нават па 2021 годзе, што Расея экспартавала ў Літву, то адны з такіх таварных пазіцый – гэта як раз былі прадукты харчавання.

Таму, думаю, што санкцыі перш за ўсё накіраваныя супраць Расеі, але Беларусь яны таксама цалкам закранаюць, таму што аддзяліць імпарт, які ідзе з Беларусі, і імпарт, які ідзе з Расеі, немагчыма.  Часцяком пад выглядам беларускіх тавараў перавозіліся расейскія. Таму такая сітуацыя цалкам чаканая», – кажа Анастасія Лузгіна.

Такое тлумачэнне выглядае цалкам рэалістычным, паколькі, згодна з Еўрастатам, Беларусь у папярэднія гады магла пастаўляць у Літву тавары ўсяго па некалькіх пазіцыях з групы ў той час, як у кожнай групе сотні забароненых тавараў. Па групе «мяса і харчовыя мясныя субпрадукты» паставак з Беларусі зусім не было з 2021 года, а «тытунь і прамысловыя заменнікі тытуню» не экспартаваліся ў Літву мінімум апошнія пяць гадоў.

Таксама санкцыі могуць быць часткова растлумачаныя тым, што Беларусь напярэдадні ўвяла абмежаванні супраць Літвы, мяркуе Анастасія Лузгіна. Але пры чым тут вандроўцы, якіх прымушаюць выкідваць на мяжы літаральна ўсё?

«Гэта ў тым ліку могуць быць абмежаванні для тых, хто пад выглядам тавараў для асабістага карыстання можа перавозіць нейкія дробныя партыі падсанкцыйных тавараў. Натуральна, мытні складана падзяліць: асабістыя гэта мэты, альбо не асабістыя. Таму яна дзейнічае па прынцыпе забароны за ўсё. Крыху дзіўна выглядае забарона на правоз нейкіх бутэрбродаў, з другога боку, ёсць выразныя інструкцыі, што правозіць нічога нельга. Але чэргі вельмі вялікія на межах і нічога не браць з сабой немагчыма. А калі нешта не зʼеў – прыйдзецца на мяжы гэта выкінуць», – працягвае Анастасія Лузгіна.

Агляд
«Нічога не вязіце – і будзе спакойна, такі закон». Што адбываецца на межах Беларусі
2024.06.03 15:22

«Памылка, але не злая воля»

На думку аналітыка Вадзіма Мажэйкі, літоўскі бок і не разлічваў на моцны эканамічны эфект ад гэтых санкцый, а хутчэй хацеў зрабіць палітычны жэст.

«Тут у першую чаргу палітыка, бо сама ідэя, што мы ўзмацняем санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі – гэта тое, што паўтараецца з разу ў раз.

Дылема такая, што еўрапейскія палітыкі і не супраць узмацніць санкцыі, але хочацца гэта зрабіць так, каб не біць па ўласных прыбытках. Калі бачацца нейкія спрэчныя тэмы, то еўрапейскі бізнес умее лабіяваць свае інтарэсы і абараняцца. І гэта нармальна. Тады з’яўляюцца такія рашэнні, якія ўплываюць на мізэрныя лічбы імпарту і экспарту, але гэта такое палітычнае рашэнне», – кажа Вадзім Мажэйка.

Што тычыцца таго, што абмежаванні закранулі звычайных людзей, то хутчэй за ўсё гэта памылка, лічыць суразмоўца.

«Калі проста літаральна чытаць дакумент, там не прапісана юрыдычныя ці фізічныя асобы, там проста сказана пра забарону. І мытня не заканадаўцы. Яны бачаць, што няма выключэння для фізічных асобаў. І мытня робіць сваю працу так, як разумее дакумент. Але бачна, што ніякага ні эканамічнага, ні палітычнага сэнсу абсалютна няма ў тым, каб уводзіць такія санкцыі супраць фізічных асобаў.

Адбіраюць ваду, нейкія зефіркі, якія вязуць сябрам і сваякам у Літву. Відавочна, ад таго, што нехта прывязе каробку зефіру не будзе ніякай страты Літве ні эканамічнай, ні палітычнай. Былі гісторыя, як жанчына ехала з дзіцём з хваробай, а ў яе адбіралі безглютэнавы хлеб пры тым, што дзіця не можа есці нейкі іншы хлеб. Проста абсалютная дурнота і выглядае вельмі непрыгожа», – кажа Вадзім Мажэйка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль правяраюць на літоўска-беларускім памежным пераходзе Шумскас. Літва закрыла два з шасці існуючых пунктаў пропуску з Беларуссю, у тым ліку пераход у Шумскасе. Рашэнне ўраду стала адказам на эскалацыю напружанасці паміж дзвюма суседзямі. 12 жніўня 2023 года.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

Больш за тое, забарона не адлюстроўвае інтарэсы Літвы, падкрэслівае аналітык.

«Я тут бачу хутчэй недакладнасць, чым злую волю. Мне цяжка ўявіць сабе чалавека, які сядзеў прапісваў гэта і думаў: “Адбяру ў людзей пітную ваду, каб яны не маглі праходзячы мяжу папіць!”. Адбіраць ваду – гэта негуманна і бессэнсоўна. Не ў гэтым логіка. Я тут бачу толькі падарунак для беларускай прапаганды. Проста, напэўна, не ўлічылі гэтую акалічнасць. Такое бывае. Спадзяюся, што для фізічных асобаў атрымаецца прапісаць нейкія разумныя ліміты, каб гэтае заканадаўства адпавядала інтарэсам Літвы. Прынамсі я не бачыў каментароў з літоўскага боку кшталту: “Так, мы хочам, каб вы пакутавалі без вады”. Трэба проста прыцягваць увагу да гэтай акалічнасці і выпраўляць», – кажа Вадзім Мажэйка.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага Кабінету ў замежных справах Валерый Кавалеўскі расказаў «Белсату», што ўжо звярнуўся ў МЗС Літвы з гэтай нагоды.

«Я звярнуўся ў просьбай звярнуць увагу на тое, што адбываецца і паглядзець, якія могуць быць варыянты дзеянняў для таго, каб падкарэктаваць гэтую сітуацыю. Бо выглядае, што гэтая палітыка б’е не па тых людзях, калі яна ўводзілася для таго, каб зрабіць новыя абмежаванні для рэжыму Лукашэнкі», – рэзюмуе Валерый Кавалеўскі.

Hавiны
У Літве зноў выявілі Z-вагон з Беларусі
2024.06.03 20:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў