Новыя палітвязні, арышт мастачкі і цынізм ГУБАЗіКу. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 8 чалавек. Гэта Аляксандр Сысоеў, Андрэй Бурак, Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменеў, Дзіяна Завадская, Андрэй Брэмшмідт і Віталь Красноў. Такім чынам, па стане на 4 сакавіка за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1412 асобаў, прызнаных палітвязнямі.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўчынілі хапун у Бярозе і затрымалі мінімум чатырох чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Праваабаронцы даведаліся, што магілёўская мастачка-керамістка Алена Карпенка, якую затрымалі ў «адзіны дзень галасавання», была пакараная адміністратыўным арыштам і цяпер знаходзіцца ў ІЧУ.

Улады абвесцілі «экстрэмісцкімі фармаваннямі праекты «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%», «Народные посольства» («Беларусы зарубежья»/«Беларусы замежжа») і «Это Минск, детка».

Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне супраць былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Яму выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Апроч таго, было распачата спецвядзенне супраць Юрыя Шчучка – сябра беларуса Віталя Шышава, які загінуў у Кіеве ў 2021 годзе. Яму выстаўлена абвінавачванне адразу па шасці артыкулах КК.

«Наша Ніва» распавяла новыя падрабязнасці масавага затрымання архітэктараў 14–16 лютага. Паводле выдання, трое мужчын пераведзены ў СІЗА №1 у межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Яшчэ двое праекціроўшыкаў атрымалі па 7 і 15 содняў і ўжо выйшлі на волю. Лёс яшчэ адной архітэктаркі, затрыманай 14 лютага, дагэтуль невядомы.

Падкантрольныя ГУБАЗіКу Telegram-каналы абвесцілі цынічны конкурс. Яны выклалі фота з пратэстаў 2020 году, пазначылі людзей на ім лічбамі і прапанавалі падпіснікам здагадацца, каго сілавікі затрымаюць і прымусяць запісаць «пакаяннае відэа» наступным. За здагадлівасць аўтары каналу абяцаюць «прыз».

Начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Ананенка ў эфіры СТБ заявіў, што толькі яго падначаленыя за год затрымалі звыш за 1100 чалавек па адміністратыўных і крымінальных справах, звязаных з палітыкай.

Праваабаронцы даведаліся, што ў судзе Ленінскага раёна Берасця пачнуць судзіць шасцярых мужчын, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года: гэта Віталь Шамшорык, Зміцер Саўчук, Аляксей Саладуха, Зміцер Снегіроў, Дзяніс Іванец, Ілля Юзвук. Іх выстаўлена абвінавачанне па ч. 1 артыкула 342 КК.

Інтэрв’ю
«Не трэба ізаляваць сябе». Псіхолаг пра тое, як зберагчы свядомасць ва ўмовах рэпрэсіяў
2024.02.28 07:33

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў