Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў літоўскаму выданню Delfi пра спробы дамовіцца з амерыканскім стрымінгавым сэрвісам Netflix на беларускія субцітры да фільмаў і мульцікаў.
У інтэрв’ю Франак Вячорка распавёў, што ў мэтах папулярызацыі беларускай мовы робяцца спробы дамовіцца з Netflix, каб дадаць беларускія субцітры да фільмаў і мульцікаў. «Гэта будзе найвялікшая падтрымка», – заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай.
З ягоных словаў, працу таксама трэба весці і з тэхналагічнымі кампаніямі.
«Напрыклад, Google не прызнае існавання беларускай мовы. Беларускія СМІ, якія працуюць на беларускай, не могуць размяшчаць рэкламу на беларускай. Такія кампаніі сваёй лянотай штурхаюць нас у «русский мир». Дзесяць мільёнаў чалавек для іх не прыярытэт, рынак невялікі, і таму яны пазбаўляюць беларусаў права мець доступ да беларускіх прадуктаў. Гэтую працу мы робім ужо цяпер, але без дзяржаўнай падтрымкі яна не будзе сістэмнай», – распавёў Франак у інтэрв’ю пра стан беларускай мовы.
Праца над гэтым ужо вядзецца. Напрыклад, падчас Мюнхенскай канферэнцыі 19 лютага прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету сустрэліся з віцэ-прэзідэнтам YouTube для сувязяў з дзяржаўнымі органамі Лэслі Мілер і віцэ-прэзідэнтам Google па дзяржаўнай палітыцы і сувязях з дзяржаўнымі органамі Анэт Крэбэр-Рыель. Святлана Ціханоўская ўзняла пытанні, якія дапамогуць пераадолець праблему беларускай мовы ў прадуктах Google і YouTube. Гэта манетызацыя кантэнту на беларускай мове ў прадуктах Google і YouTube і рэклама беларускамоўных відэа на YouTube.
Аднак папрасіць дадаць беларускія субцітры ў Netflix можа кожны, у каго ёсць уліковы запіс. Напрыклад, у студзені беларус напісаў у Netflix і папрасіў дадаць інтэрфейс на беларускай і субцітры да кантэнту. Запыт з нагоды інтэрфейсу ў кампаніі паабяцалі перадаць кіраўніцтву, а наконт субцітраў папрасілі запоўніць адмысловую форму.
Алена Рувіна belsat.eu