Міжнародны Чырвоны Крыж з 1 снежня прыпыніў сяброўства беларускай арганізацыі ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) у сувязі з невыкананнем ім патрабаванняў аб зняцці з пасады Дзмітрыя Шаўцова.
Як сказана ў прэс-рэлізе арганізацыі, «гэта вынікае з рашэння Праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года па выніках расследавання абвінавачанняў у адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі яго заявамі, у тым ліку аб ядравай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама яго візітам у Луганск і Данецк».
Пасля прыпынення сяброўства Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы сябра МФТЧКіЧП і страчвае магчымасць атрымання фінансавання з боку міжнароднай арганізацыі на пэўны час.
«Акрамя таго, Беларускі Чырвоны Крыж не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП», – гаворыцца ў заяве.
Пры гэтым Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах, як толькі выканае рашэнне праўлення і здыме Шаўцова з пасады.
У той жа час міжнародная арганізацыя падкрэсліла, што па-ранейшаму цвёрда адданая таму, каб рэагаваць на гуманітарныя патрэбы ў Беларусі, і «ў выпадку бедства ці сур’ёзнай надзвычайнай сітуацыі гуманітарны імператыў будзе мець пераважную сілу».
Адметна, што 1 снежня адбылося пасяджэнне прэзідыўма Беларускага Чырвонага Крыжа, на якім былі разгледжаныя пытанні, звязаныя з зацвярджэннем плану асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, фінансавага плану і каштарысу расходаў арганізацыі. Таксама на павестцы дня былі пытанні ўнясення зменаў у фінансавую палітыку арганізацыі і зацвярджэння новых рэдакцыяў Палажэння аб рэзервным фондзе, што можа сведчыць аб тым, што ў арганізацыі задумваюцца аб тым, як будуць функцыянаваць ва ўмовах прыпынення фінансавання ад МФТЧКіЧП.
Нагадаем, у ліпені 2023 года Дзмітрый Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, дзе даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам. На рукаве ў Шаўцова была прыкмечаная нашыўка з літарай «Z» – знак агрэсіі супраць Украіны, і гэта нягледзячы на тое, што адным з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ёсць нейтральнасць. Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.
У кастрычніку Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца паставіла Беларускаму Чырвонаму Крыжу ўльтыматум: або звальненне Шаўцова, або ніякага фінансавання. Беларуская арганізацыя адмовілася выконваць патрабаванне і 1 лістапада выступіла з заявай аб тым, што Дзмітрый Шаўцоў застанецца на чале арганізацыі.
Раман Шавель belsat.eu