Даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, будуць ануляваць аўтаматычна пасля ўключэння ў спіс. Гэта прадугледжана загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнту, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале.
«У выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара – даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца на рашэнне адміністратара нацыянальнай даменнай зоны. Даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны ў адпаведнасці з часткай першай гэтага пункту, заносіцца ў спецыяльны пералік і становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», – гаворыцца ў пункце 541, дададзеным у інструкцыю.
Уведзены таксама тэрмін «спецыяльны пералік», у які заносяць дамены, ануляваныя ў сувязі з уключэннем у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Функцыянаванне даменных імёнаў, якія застаюцца ў спецыяльным пераліку, дапускаецца толькі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.
Рашэнне аб ануляванні будзе накіраванае рэгістратару і ўладальніку дамену, а таксама тэхнічнаму адміністратару нацыянальнай даменнай зоны.
Ёсць і іншыя навацыі. Так, ААЦ легалізаваў магчымасць адабраць дамен, калі ўладальнік асабіста не пацвердзіць сваіх звестак. Больш дэталёва апісаны механізм атрымання ў спадчыну дамену ў выпадку смерці ўладальніка.
Ася Саковіч belsat.eu