Закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 8 траўня. МУС адразу прыступае да рэалізацыі амністыі, якая працягнецца шэсць месяцаў.
Ва ўсіх папраўчых установах будуць створаныя спецыяльныя камісіі для разгляду пытанняў прымянення амністыі. Вынікі будуць паведамляцца індывідуальна кожнаму асуджанаму пад роспіс.
Вызваленыя паводле амністыі будуць пастаўленыя на ўлік. МУС абяцае, што пры неабходнасці пытанні іхнай сацыяльнай і працоўнай адаптацыі будуць вынесеныя на разгляд мясцовых выканкамаў.
Амністыя закране 7630 асуджаных – тых, хто цалкам пакрыў шкоду, нанесеную злачынствам, і мае станоўчую характарыстыку за час адбывання пакарання.
Амністыя не закране тых, хто:
• быў раней вызвалены паводле амністыі, аднак ізноў здзейсніў наўмыснае злачынства;
• не кампенсаваў учыненай шкоды;
• дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў;
• датычны да экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай дзейнасці;
• асуджаны на пажыццёвае пазбаўленне волі.
Амністыя, як відавочна, не закране палітвязняў, большасць з якіх якраз і асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Аднак 7 траўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка да Дня Перамогі памілаваў 42 палітзняволеных, якіх асудзілі за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Сярод памілаваных – 18 жанчын і 24 мужчыны. З іх 13 маюць хранічныя хваробы, адна асоба ёсць інвалідам. У 24 асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці, двое – шматдзетныя. Дзесяць асобаў старэйшыя за 50 гадоў, адна дасягнула пенсійнага ўзросту.
Сцвярджаецца, што «ўсе яны хадайнічалі пра памілаванне, прызналі віну і раскаяліся ў зробленым». МУС будзе сачыць за імі, каб «забяспечыць кантроль за іхнымі правапаслухмянымі паводзінамі».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», станам на 8 траўня 2025 года ў турмах Беларусі несправядліва ўтрымліваюць мінімум 1177 палітвязняў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu