Падчас паседжання другой сесіі 2 траўня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект аб амністыі «ў звязку з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Два дні раней, 30 красавіка, дакумент прыняла Палата прадстаўнікоў. Каб ён канчаткова набыў моц, яго мусіць падпісаць Аляксандр Лукашэнка.
Амністыя закране 7630 асуджаных – тых, хто цалкам пакрыў шкоду, нанесеную злачынствам, і мае станоўчую характарыстыку за час адбывання пакарання.
Згодна з законапраектам, асуджаным паводле наркатычнага артыкулу 328, якія не былі раней пад судом, на год зменшаць тэрмін пакарання, за выключэннем выпадкаў, калі здзейсненыя злачынствы пацягнулі смерць чалавека ў выніку ўжывання ім наркатычных сродкаў.
Таксама скароцяць тэрмін пакарання на год асобам, асуджаным за прычыненне смерці праз неасцярожнасць.
Акрамя таго, прадугледжваецца зніжэнне тэрміну пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло да смерці, без прыкметаў, што абцяжарваюць адказнасць (ч. 1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147 КК РБ); жанчынам і самотным мужчынам з няпоўнагадовымі дзецьмі, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў ці карупцыйныя злачынствы.
Цалкам вызваляць ад адбыцця пакарання ды іншых захадаў крымінальнай адказнасці вязняў, якія не дасягнулі паўналецця; цяжарных жанчын; жанчын і самотных мужчынаў, якія маюць дзяцей у веку да 18 гадоў, за выключэннем тых, што здзейснілі злачынствы супраць жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці і свабоды, звязаныя з ужываннем гвалту ці пагрозай яго ўжывання, ці такія, якія пацягнулі смерць чалавека праз неасцярожнасць альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў; інвалідаў I і II групаў; хворых на сухоты; з медычнымі паказаннямі для лекавання ў звязку з анкагематалагічнымі захворваннямі; ВІЧ-інфікаваных з 3-й і 4-й стадыямі захворвання; пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС ды іншых радыяцыйных аварыяў.
Асобам ва ўзросце 70 гадоў і старэйшых, якія не ьылі раней пад судом, асуджаным да пазбаўлення волі на тэрмін, не большы за 6 гадоў, зменяць пакаранне на абмежаванне волі па-за ПУАТ («хімія» са скіраваннем).
Амністыя не закране вязняў, якія «зацята ўхіляюцца» ад выплаты штрафаў (ч. 2 арт. 423); здзейснілі «злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні дзяржаўных таямніцаў» (арт. 374, 3751, 3752), злачынствы паводле ч. 1 арт. 349 («Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі»), ч. 1 і 2 арт. 350 («Знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі»).
Таксама амністыя не будзе распаўсюджвацца «на асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці».
Амністыя – гэта поўнае або частковае вызваленне ад пакарання, замена пакарання на мякчэйшае або спыненне крымінальнага пераследу. Амністыя ў Беларусі звычайна праводзіцца раз на 2-3 гады з нагоды якой-небудзь патрыятычнай даты, ніяк не звязанай са зняволенымі, якія трапляюць пад яе.
Бальшыню амністыяў у Беларусі прымяркоўвалі да гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны. У 2022 годзе амністыя ў Беларусі прайшла «ў звязку з Днём народнага адзінства», у 2024-м яе правялі «ў звязку з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
,,«Я не лічу амністыю ў Беларусі праяваю гуманізму: яна праведзеная дыскрымінацыйна і не адпавядае чаканням не толькі апанентаў рэжыму, але і прыхільнікаў нацыянальнага прымірэння», – каментаваў раней «Белсату» юрыст «Вясны» Павел Сапелка.
Паводле праваабаронцаў, ідэя амністыі супярэчыць асноўным прынцыпам крымінальнага права. Бальшыня краінаў ставіцца да амністыі негатыўна, лічачы прыярытэтам удасканаленне заканадаўства – тады і патрэбы ў амністыі не будзе. Пры гэтым адныя краіны часта яе практыкуюць, другія – выкарыстоўваюць рэдка і толькі для вузкага кола зняволеных, а трэція ўвогуле не выкарыстоўваюць (напрыклад, апошняя амністыя ў Польшчы адбылася ў 1989 годзе).
Марыя Міхалевіч belsat.eu