навіны

У беларусаў у калоніях канфіскуюць грошы з рахункаў

Лячэбна-працоўны прафілакторый у Гомельскай вобласці. Сакавік 2023 года. Фота: sb.by
Лячэбна-працоўны прафілакторый у Гомельскай вобласці. Сакавік 2023 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Гэта звязанае з тым, што органы прымусовага выканання (ОПВ) пачалі накіроўваць наказы ў калоніі. Цяпер сваякі асуджаных баяцца адпраўляць грошы.

Прадукцыя, якую можна набыць на сайце ДП «№ 4». Калаж: Белсат
Вышыванкі, сувеніры і мэбля. Што вырабляюць зняволеныя ў Беларусі і колькі за гэта атрымліваюць Гісторыі

«Mayday Team» мае некалькі сведчанняў з розных папраўчых калоніяў Беларусі, дзе з асабовых рахункаў асуджаных пачалі прымусова спісваць практычна ўсю суму сродкаў, што на іх ёсць. Гаворка часам ідзе пра некалькі сотняў долараў у эквіваленце.


Змяненні ў выканаўчым вядзенні з'явіліся яшчэ 15 ліпеня 2021 года. Так з гэтай даты ў артыкуле 108 Працоўнага кодэксу «Абмежаванне памеру ўтрыманняў з заработнай платы» была цалкам скасаваная абмежавальная норма датычна кампенсацыі асуджанымі шкоды, учыненай злачынствам.


Тым не менш, да гэтага часу спісанне грошай з асабовых рахункаў асуджаных на пагашэнне пазоваў і штрафаў праводзілася з іхнай згоды – для гэтага яны пісалі адмысловую заяву з указаннем добраахвотнага адсотка аплаты пасля з'яўлення грошай на асабовым рахунку.


Цяпер жа ў папраўчыя калоніі пачалі прыходзіць наказы ОПВ пра безумоўнае спісанне сродкаў у поўным абʼёме незалежна ад жадання асобы, якая адбывае пакаранне. Кіраўніцтва калоніяў тлумачыць асуджаным, што цяпер да поўнага пагашэння штрафу ці пазову ўсе грошы, якія прыходзяць на рахунак, будуць адбірацца. 


Пры гэтым грошы ад сваякоў не ёсць заработнай платаю асуджанага, таму могуць спісвацца ў поўным абʼёме.

Колькі зарабляюць зняволеныя ў Беларусі?


Калі спрасціць, усе, акрамя пенсіянераў і людзей з інваліднасцю I і II групаў, у перыяд адбыцця пакарання абавязаныя працаваць. На прадпрыемствах ДВП, дзяржпрадпрыемствах, заводах накшталт МАЗ і МТЗ працуюць не толькі зняволеныя калоніяў, але і тыя, хто на «хіміі» і ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП). Пры гэтым зняволеныя калоніяў не могуць выбіраць сабе працы, за іх гэта робіць ДВП.


Цяпер мінімальны заробак у Беларусі за поўны месяц – 726 рублёў, менш за гэтую суму плаціць работніку за поўны працоўны месяц незаконна. Аднак у чалавека ў зняволенні ўсё ўладкавана інакш: ад гэтага мінімуму адымаюцца сумы за пражыванне і харчаванне ў калоніі, аліменты (калі ёсць), выплаты кампенсацыяў пацярпелым, штрафы і г. д. У выніку ні ў каго не выходзіць мінімуму, шмат хто атрымлівае ў дзясяткі і сотні разоў менш, працуючы звыш нормы. Гэтыя грошы «на рукі не выдаюцца, а пералічваюцца на асабовыя рахункі асуджаных».


ДВП кажа, што аплата працы зняволеных «ажыццяўляецца згодна з працоўным заканадаўствам», але назваць гэта працай цяжкавата: гэта прымусовая праца.


Гэтак, у калоніі № 2 у Бабруйску ў зняволеных выходзіць практычна сярэдні заробак на месяц. Але пасля ўсіх вылікаў застаецца каля 20 беларускіх рублёў.


«Нездарма сюды прыцягваюць аліментнікаў і тых, у каго вялікія прэтэнзіі. У самога на месяц выходзіла не больш за 2 рублі ($ 0,79). А праца была цяжкая і брудная», – расказваў у інтэрв'ю «Настоящему времени» адзін з былых палітвязняў.


Палітзняволеная Наталля Хершэ за адзін з месяцаў працы ў жаночай калоніі Гомля атрымала 6,66 рубля. Адзін з былых палітвязняў таксама апавёў «Белсату», што звычайная сума на рукі ў калоніі – да 15 рублёў, але «для палітычных куды меншая». Яшчэ адна былая зняволеная падзялілася, што ейны максімум за час у калоніі склаў 40 рублёў на месяц – пры працы па 10,5 гадзіны швачкаю поўны працоўны месяц.


Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк таксама расказала ў інтэрв'ю «Жизнь-малина», што сярэднія заробкі ў калоніях – ад 5 да 10 рублёў, у некаторых выпадках нават меншыя.


«Гэта значыць, Расеі выгадна шыць, бо шыюць практычна бясплатна. Бо калі такі касцюм каштуе ад 700 да 1000 беларускіх рублёў, дык шыюць яго жанчыны, атрымліваючы за пашыў 5–10 рублёў у месяц. Вядома, былі і заробкі 2 рублі 70 капеек. І гэта нягледзячы на тое, што акрамя абавязковых васьмі гадзінаў працы ўсталёўваюцца такія нормы выпрацоўкі, якіх чалавек проста не ў стане вырабіць за гэтыя восем гадзінаў, і таму жанчыны вымушаныя добраахвотна ці прымусова выходзіць на так званыя працоўныя вахты. Потым працоўны дзень можа павялічыцца да 12–16 гадзінаў. І часта практыкуецца праца ў нядзелі. Гэта значыць, чалавек шые, шые і шые без перапынку. Ён проста на мяжы сваіх фізічных сілаў, ён слепне, ён глухне, і за ўсё гэта ён атрымлівае капейкі», – адзначыла яна.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10