навіны

«Беларуская мова – мова народу, а не дыктатуры». Украінская НАН пастанавіла не забараняць беларускай мовы

Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: biz.nv.ua
Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: biz.nv.ua
podpis źródła zdjęcia

У пачатку красавіка «Белсат» пісаў пра тое, як на міжнароднай мовазнаўчай канферэнцыі ва Украіне забаранілі беларускую мову. 

«Белсат» даслаў ліст у Нацыянальную акадэмію навук Украіны і на адрас арганізатараў канферэнцыі, каб удакладніць, на падставе якіх дакументаў беларуская мова выключаецца з пераліку моваў канферэнцыі. Адказу мы дагэтуль не атрымалі.


Са зваротам ва ўстанову звярнуўся таксама выканаўца абавязанняў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі.


Праз месяц, 7 траўня, сталася вядома, што НАН Украіны адмяняе абмежаванне на выкарыстанне беларускай мовы падчас міжнароднай мовазнаўчай канферэнцыі ў Кіеве.


«Мы ўдзячныя прэзідыуму НАН Украіны за пастанову зняць абмежаванні. Незалежныя беларускія навукоўцы маюць магчымасць узяць удзел у канферэнцыі, карыстаючыся сваёй роднай моваю. З разуменнем ставімся да абмежаванняў, што датычаць супрацы з афіляванымі з рэжымам установамі. Спадзяюся, гэты прэцэдэнт замацуе разуменне, што беларуская мова – мова народу, а не дыктатуры. І яна не будзе дыскрымінаваная і на іншых падзеях ва Украіне.


Мы чакаем адказу і ад міністра асветы Украіны наконт магчымасці на заканадаўчым узроўні выразна адрозніваць рэгуляванне выкарыстання беларускай мовы як мовы беларускага народу, мовы беларускай меншасці ва Украіне і супрацоўніцтва з установамі, афіляванымі з рэжымам», — паведаміў Павел Баркоўскі.


Нагадаем, Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны абвясціў правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі «Дыялекты ў сінхраніі і дыяхраніі», што адбудзецца 9–10 кастрычніка 2025 года ў Кіеве. Працоўнымі мовамі канферэнцыі былі пазначаныя ўкраінская, іншыя славянскія (акрамя расейскай і беларускай) і англійская.


Тэмы канферэнцыі ахопліваюць шырокі спектр дыялекталагічных напрамкаў – ад метадалогіі і новай эмпірычнай базы да дыялектнай лексікаграфіі і лінгвагеаграфіі. Усе гэтыя кірункі традыцыйна важныя і для беларускага мовазнаўства, аднак самі беларускамоўныя даследнікі не маюць магчымасці паўдзельнічаць у падзеі на сваёй роднай мове.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10