навіны

Вітальд Юраш: Сёння Беларусь – паўкалонія Расеі

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. 29 красавіка 2025 года. Валгаград, Расея. Фота: Contributor / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка заблытана апраўдваўся перад Уладзімірам Пуціным. Чаму ён так робіць? Чаму ў яго ўсё меней улады? Пра гэта – у праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою. Госць праграмы – Вітальд Юраш, былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі, аўтар кнігі пра рэжым Лукашэнкі «Д'ябал з-за мяжы».

Як бы вы ацанілі сітуацыю Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сістэмы, наколькі моцна ён і ягоны рэжым стаяць на нагах?

– Калі задавацца пытаннем, ці ёсць у Беларусі дастатковая моцная апазіцыя, дык, на жаль, Лукашэнка стаіць на нагах. Ён здолеў большасць апазіцыі прымусіць да эміграцыі. Унутры краіны апазіцыі амаль няма. Гэта не азначае, што ўнутры Беларусі людзі за Лукашэнку, але людзей без арганізацыі і лідараў недастаткова. Калі глядзець на Лукашэнку ў плане ўзаемадачыненняў з Расеяй, наколькі ён і Беларусь незалежныя, тут значна горш. Мне здаецца, сёння Беларусь рэальна з'яўляецца паўкалоніяй Расеі. Гэта, вядома, заслуга Лукашэнкі.

Наўрад ці Расея будзе мяняць Лукашэнку на кагосьці іншага, бо нікога іншага ў Беларусі няма. Лукашэнка заўсёды рупіўся, каб не было выбітнага палітыка ўнутры рэжыму. У свой час Уладзімір Макей здаваўся такім чалавекам, але наўрад ці Масква хацела б і з Макеем мець справу. Цяпер наогул не бачу чалавека, на якога Масква магла б рабіць стаўку. У гэтым плане Лукашэнка, хутчэй за ўсё, застанецца ва ўладзе, хоць гэтай улады будзе ў яго меней. Свабода манеўру ў яго значна вузейшая ў параўнанні з тым, што было 10 і больш гадоў таму.

Лукашэнка наведаў Расею, сустрэўся з Пуціным. Гэта было з нагоды форуму аб гістарычнай памяці. Мы ўсе любім нетыповыя сцэнкі, а можа ўжо і тыповыя, калі Лукашэнка сябе паводзіць нервова, тлумачыцца перад Пуціным. Гэтым разам была падобная сцэна. Ён чамусьці пачаў тлумачыць, што ў Беларусі не забараняюць георгіеўскую стужку, у Беларусі ёсць свая стужка з нацыянальнымі колерамі і кветкай яблыні. Пуцін на гэта спакойна рэагаваў. Для яго гэта было не так важна, як для Лукашэнкі патлумачыць гэта. Вы добра ведаеце Лукашэнку, працавалі ў Беларусі прадстаўніком Польшчы, вы напісалі пра яго кнігу. Як вы думаеце, чаму Лукашэнка да Пуціна час ад часу падлашчваецца, тлумачыцца, а Пуцін грае ролю спакойнага гаспадара і нервова не рэагуе?

– Я напісаў кнігу пра Беларусь ужо 15-гадовай даўніны і пра Лукашэнку 15-гадовай даўніны. Мне здаецца, што цяперашняя Беларусь з той Беларуссю, якую я ведаў, на жаль, не мае нічога супольнага. Лукашэнка тагачасны і цяперашні – таксама два розныя персанажы. Той Лукашэнка яшчэ неяк мог размаўляць з Захадам, а цяперашні перайшоў кропку незвароту. Наўрад ці я эксперт па цяперашнім Лукашэнку. Навошта ён сябе так паводзіць? Гэта тыповы Лукашэнка. Ён усміхаецца, просіць прабачэння, ён найлепшы сябар, а потым пачынаецца гандаль. Была такая прымаўка, што ніхто не паабяцаў Пуціну столькі, колькі Лукашэнка. Але гэта не азначае, што ён абаронца незалежнасці Беларусі, таму што ад незалежнасці мала што засталося, на жаль.

Працяг глядзіце ў відэа:

belsat.eu / ЮК

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10