Спачатку робата-фармацэўта тэставалі на гомельцах, каб потым усталяваць на галоўным вакзале краіны.
Апарат уяўляе сабою закрыты кантэйнер з палічкамі і 300 безрэцэптурнымі прэпаратамі беларускай вытворчасці. Працуе такая аптэка наступным чынам: трэба абраць неабходны прэпарат, дадаць яго ў кошык, прыкласці пашпарт, пацвердзіць асобу, зрабіўшы фота, і аплаціць тавар. Чэк можна атрымаць пры сканаванні QR-коду або на электронную пошту.
«Гэты робат – цалкам беларуская распрацоўка: ад чарцяжоў і 3D-мадэлявання да яго вырабу. Працаваць ён будзе кругладзённа. Па выніках апрабацыі робата мы будзем прымаць пастанову наконт маштабавання праекту на іншыя рэгіёны», – сказаў БелТА гендырэктар «Белфармацыі» Сяргей Літаш.
Гомельскія ўлады паведамлялі, што першы эксперыментальны ўзор тэставалі на працягу года, каб дапрацаваць усе дэталі.
«Праекту больш за тры гады, над ім працуе вялікая колькасць людзей. Вялікі плюс рабатызаваных шапікаў – яны працуюць 24/7, лекі пастаўленыя на ўлік у аптэчнай сетцы, у іх беспасярэдняя сувязь з бухгалтэрыяй прадпрыемства, запраграмаваны поўны абмен звесткамі. Ёсць магчымасць запраграмаваць і продаж лекаў на рэцэпт», – казалі ўлады ў снежкі 2024-га.
Праўда, такія робаты-фармацэўты ўжо два дзясяткі гадоў працуюць у развітых краінах. Адным з першых прыкметных прыкладаў сталася сістэма «Rowa», распрацаваная ў Нямеччыне ў 2001 годзе кампаніяй «Becton Dickinson». У 2003–2005 гадах буйныя медычныя ўстановы і аптэчныя сеткі пачалі выкарыстоўваць аўтаматызаваныя сістэмы тыпу «ScriptPro», «Parata», і «Pyxis».
Акрамя таго, у 2017 годзе ў менскай Аптэцы № 1 на праспекце Незалежнасці працаваў першы ў Беларусі аптэчны робат, у 2023-м такі самы з’явіўся каля станцыі метро «Усход».
Але, паколькі мы маем справу з бяздушнаю машынаю, не абышлося без казусаў. У 2013-м у медычным цэнтры Універсітэту Каліфорніі ў Сан-Францыска 16-гадовы пацыент атрымаў 39-разовае перадазаванне антыбіётыка праз памылку ў электроннай сістэме водпуску робатам. Гэты выпадак падкрэсліў рызыкі празмернай аўтаматызацыі без належнага кантролю з боку чалавека.
Тэса Анэйда belsat.eu