Літва рыхтуе новую Стратэгію нацыянальнай бяспекі з улікам вайны ва Украіне і зменаў у палітыцы ЗША. Пра гэта заявілі ў літоўскім Сейме.
На фоне працяглай вайны ва Украіне і зменаў у геапалітычнай сітуацыі Літва распачала перагляд сваёй Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, паведамляе LRT. Як адзначае старшыня парламенцкага камітэту ў нацыянальнай бяспецы і абароне Гіедрымаc Яглінскас, дакумент павінен больш дакладна адлюстроўваць прыярытэты краіны ў сферы бяспекі і абароны.
На распараджэнне прэм’ер-міністра Гінтаўтаса Палуцкаса створаная адмысловая працоўная група на чале з міністаркаю абароны Довіле Шакаліене. Паводле яе, патрэба ў новай стратэгіі выкліканая значнымі зменамі ў сферы бяспекі, што адбыліся з 2021 года, калі дакумент абнаўляўся апошні раз.
Новая стратэгія засяродзіцца на захадах ва ўзмацненні абараназдольнасці, умацаванні ўстойлівасці дзяржавы і грамадства, а таксама фармаванні міжнароднага асяроддзя, якое адпавядае нацыянальным інтарэсам Літвы. Праект змяненняў павінен быць падрыхтаваны да 1 кастрычніка, а канчатковая версія стратэгіі мусіць трапіць у Сейм да канца года.
У рыхтаванні дакументу бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх міністэрстваў, адміністрацыі літоўскага прэзідэнта, урадавай канцылярыі, Дзяржбяспекі і Службы спецыяльных расследаванняў.
Нагадаем, што раней Літва ў межах умацавання межаў з Расеяй і Беларуссю анансавала магчымасць выкарыстання супрацьпяхотных і супрацьтанкавых мінаў. Падобныя крокі раней прэзентавала і Польшча ў межах ініцыятывы «Усходні шчыт».
Акрамя таго, услед за Польшчаю краіна можа перастаць прымаць заявы на прытулак ад тых, хто нелегальна мінае мяжу. Гэта абумоўлена ростам агрэсіўных паводзінаў з боку мігрантаў.
Раман Шавель belsat.eu