навіны

Літва можа адмовіцца прымаць заявы на прытулак ад нелегалаў на мяжы

На здымку – тэрыторыя ля пункту пропуску «Райгардас», Літва. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
На здымку – тэрыторыя ля пункту пропуску «Райгардас», Літва. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Міністр унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў пра рыхтаванне міграцыйнага пакету, у якім прадугледжаная магчымасць закрыць мяжу Літвы для просьбітаў прытулку, як гэта зрабілі Польшча і Фінляндыя.

«Цяпер рыхтуецца вельмі вялікі міграцыйны пакет, які можа ўключаць пэўныя змены, звязаныя, скажам, з магчымым закрыццём межаў, як гэта цяпер робяць Фінляндыя ці Польшча. Мы глядзім, аналізуем практыку гэтых дзвюх дзяржаваў, калі адбываюцца такія падзеі, напады на памежнікаў, можна, скажам, рашэннем ураду, уводзіць пэўныя абмежаванні на прыём заяваў аб наданні прытулку», – заявіў міністр, паведамляе LRT.

Паводле яго, гэта абумоўлена сітуацыяй у Польшчы, дзе зафіксаваныя напады мігрантаў на памежнікаў.

,,

«Захады, якія былі дарэчныя пару гадоў таму ці летась, сёння могуць апынуцца недарэчнымі, таму мы павінны мець магчымасць рэагаваць адпаведным чынам, укараняць лепшыя практыкі і аналізаваць сітуацыі ў іншых краінах. Мы павінны аўтаматычна падрыхтаваць і нашу прававую базу, вельмі важна, каб прававая база была дарэчнай, каб мы былі гатовыя да будучых пагрозаў», – сказаў Уладзіслаў Кандратовіч.


Беларуска Аляксандра Копцік, якой адмовілі ў прытулку ў Літве. Вільня, Літва. 31 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

«Сотні ўдзельнікаў пратэстаў спакойна жывуць у Беларусі». Літва адмовіла беларусцы ў прытулку

Гісторыі

Наплыў мігрантаў у суседнія краіны Еўразвязу з Беларусі пачаўся ў 2021 годзе. У ім суседзі вінавацяць Менск. Летась у Літве зафіксавалі 1002 спробы ўезду ў краіну з Беларусі ў несанкцыянаваных месцах, сёлета – амаль 250.

Нагадаем, што польскія памежнікі з канца сакавіка пачалі адмаўляць асобным людзям у праве хадайнічаць наконт міжнароднай абароны на мяжы з Беларуссю. Яно прадугледжвае 60-дзённы тэрмін, які можа быць працягнуты яшчэ на 60 дзён са згоды Сейму.

Памежная служба, нягледзячы на абмежаванні, мусіць прымаць заявы аб міжнароднай абароне ад няпоўнагадовых без суправаджэння дарослых, цяжарных жанчын і асобаў, якім можа спатрэбіцца адмысловае стаўленне, асабліва праз іхны век або стан здароўя. Абмежаванне не мае датычыць чалавека, якому, на думку памежнай службы, «сапраўды пагражае сур'ёзная шкода ў краіне, з якой ён ці яна непасрэдна прыбылі ў Польшчу».

Кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская раней падкрэслівала, што праект прадугледжвае выключэнне для грамадзянаў Беларусі. То бок беларусы змогуць надалей падаваць заявы на абарону ў памежнай зоне, адзначала яна.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10