«Цішыня ў адказ на цішыню, удары ў абарону ад удараў», – заявіў прэзідэнт Украіны, фактычна прымаючы прапанову Масквы аб замірэнні. Уладзімір Зяленскі пры гэтым выступіў за тое, каб не абмяжоўвацца Вялікаднем.
Прэзідэнт Украіны паабяцаў люстраныя дзеянні ў адказ на прапанову Уладзіміра Пуціна аб велікодным замірэнні. Уладзімір Зяленскі напісаў пра гэта ў сваім Telegram-канале:
«Калі Расея раптам будзе гатовая сапраўды далучыцца да фармату поўнага і безумоўнага маўчання, то Украіна будзе дзеяць люстрана – гэтак жа, як і з расейскага боку. Цішыня ў адказ на цішыню, удары ў абарону ад удараў».
Калі цяперашняе замірэнне спрацуе, Зяленскі прапануе працягнуць яго:
,,«Калі сапраўды запануе поўная цішыня, то Украіна прапануе працягнуць яе і пасля заканчэння Вялікадня 20 красавіка. Гэта і пакажа сапраўдныя намеры Расеі, бо 30 гадзінаў дастаткова для загалоўкаў, але не для сапраўдных захадаў умацавання даверу. Трыццаць дзён могуць даць міру шанец».
Украінскі прэзідэнт пры гэтым падкрэсліў, што на асобных участках фронту расейскія войскі не спынілі агню:
«Пакуль на асобных участках фронту працягваюцца расейскія штурмавыя баявыя дзеянні і расейская артылерыя не спыняецца. Таму да словаў з Масквы няма даверу. Мы добра ведаем, як маніпулюе Масква, і заўсёды гатовыя да ўсяго. Украінскія сілы абароны будуць дзеяць рацыянальна, адказваючы люстрана. На кожны расейскі ўдар будзе дастатковы адказ».
Зяленскі таксама паведаміў, што да канца дня яшчэ двойчы атрымае справаздачы ад галоўнакамандуючага Аляксандра Сырскага пра становішча на лініі сутыкнення.
Раней Пуцін заявіў, што загадаў расейскім войскам спыніць агонь а 18-й гадзіне. Ягоная прапанова прадугледжвае замірэнне толькі да канца нядзелі. Палітык таксама сказаў, што разлічвае на ўзаемнасць Украіны.
Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як замірэнне мелася пачацца, кіраўнік украінскага Цэнтру супрацьдзеяння дэзынфармацыі Андрэй Каваленка паведаміў, што «на ўсіх кірунках расейцы працягваюць весці агонь, найбольш – на ўсходзе».
Пуцін, калі абвяшчаў замірэнне, абгрунтаваў гэта «гуманітарнымі меркаваннямі». Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» назваў гэта прапагандысцкім крокам і палітычным разлікам:
«Сённяшні расейскі рэжым нешта кажа пра гуманітарныя пытанні пасля ўдару па Крывым Розе, пасля ўдару па Сумах. Расея вядзе гэтую вайну такім чынам, што пра нейкі гуманітарны чыннік казаць не даводзіцца».
Сцяпан Кубік belsat.eu