Мікіта Мелказёраў – аўтар і суаўтар праектаў «жыццё-маліна», «ЗАГЛЯНЕ СОНЦА» і падкасту «Нешта будзе» – далучыўся да Віктара Шукеловіча як сувядоўца праграмы пра беларускую мову «Мова нанова».
Першае выданне праграмы ў новым фармаце ўжо можна паглядзець на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE»:
Мікіта кажа, што яго запрасілі ў праграму «Мова нанова», каб ён рабіў тое, што ў яго выходзіць добра, – размаўляў з людзьмі. Ён будзе шукаць беларускамоўных гасцей, намаўляць іх на гутарку, прыдумляць пытанні і вызначаць у размове, «дзе ў чалавека вось зараз ёсць энергія. І туды мы яе б накіроўвалі, каб гэта не гучала штучна, каб у гэтым было паветра, каб у гэтым была энергія, каб у гэтым было жыццё».
«Мне падаецца, што ў мяне ёсць пэўны скіл, у мяне ёсць дзве суперздольнасці: стамляцца і рабіць інтэрв'ю», – іранізуе Мікіта.
Ён уласным прыкладам пакажа, што ўсе мы вучым беларускую мову, бо не кожны беларус валодае роднай мовай на ўзроўні native, як бы парадаксальна гэта ні гучала. А каб навучыцца гаварыць на любой мове, існуе адзіны спосаб – гаварыць на ёй.
,,«Нясіце мову, трасяньце, рабіце памылкі і ніколі не хвалюйцеся наконт таго, што хтосьці вас там пачынае крытыкаваць – гэта іхныя комплексы, гэта не вашыя праблемы», – заклікае гледачоў Мікіта.
Зрабіць беларускую мову больш багатай і прыгожай гледачам і самому Мікіту дапаможа Віктар Шукеловіч. Мікіта апісвае яго як носьбіта беларускай мовы і культуры, чалавека энцыклапедычных ведаў пра беларускую мову, які быў і застаецца зоркаю праграмы «Мова нанова». Віктар будзе вучыць прыгожым выразам, распавядаць розныя моўныя цікавінкі і тлумачыць складныя моманты.
Дарэчы, сам Мікіта разбіраецца ў гісторыі Беларусі. Разам з Марынай Ментусавай ён спаборнічаў з камандаю Лізы Ветравай і Аляксандра Івуліна ў гістарычна-гумарыстычнай віктарыне «Плуг і талер» ад стваральнікаў праграмы «Вусы Скарыны»:
«Насамрэч, калі ты глядзіш на носьбітаў мовы, людзей, якія даўно ёю карыстаюцца, а не так, як я, чатыры гады, – дзеліцца Мікіта, – ты разумееш багацце гэтай мовы. Я не так даўно фонам уключыў Лявона Артуравіча Вольскага. Ну, гэта розныя ўзроўні, безумоўна, гэта літаратурная мова, гэта багатая, насычаная мова… Гэта таксама пра пэўныя традыцыі. Моўная традыцыя – яна таксама вельмі важная, яна насычае і ўзбагачае гэтую мову».
Далучайцеся і вы да беларускай моўнай традыцыі – глядзіце праграму «Мова нанова» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы». Мікіта і Віктар пастараюцца, каб было цікава і карысна.
Глядзіце таксама «Раніцу з «Белсатам». Там Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі паспрабавалі выцягнуць з Мікіты, як ён працуе над сваімі ўласнымі праектамі:
belsat.eu / АВ