Лета блізка, як і сезон адпачынкаў. Зрэшты, ляцець на мора можна ўжо ў траўні. За апошнія гады геаграфія папулярных сярод беларусаў турыстычных маршрутаў моцна змянілася: на яе наклалі адбітак санкцыйныя абмежаванні, складанасці з візамі і рост цэнаў. Звыклыя Егіпет, Турцыя, Іспанія, Грэцыя, Балгарыя ўжо не такія даступныя, як раней, а беларускія турыстычныя аператары звярнулі ўвагу на кірункі, якія раней былі сапраўднай экзотыкай: Цэнтральную Азію, Афрыку, Аравійскую паўвыспу, Кітай. Паглядзелі, што прапаноўваюць турфірмы на сезон адпачынкаў – 2025.
Турцыя і Егіпет: не здаюць пазіцыяў?
Паводле Белстату, у 2024 годзе за мяжу выехалі амаль 618 тысячаў беларускіх турыстаў. Сярэдні адпачынак беларуса цягнуўся 8 дзён. Найбольш папулярнымі краінамі для турызму сталіся Турцыя, Расея і Егіпет. За імі ідуць Італія, Грэцыя, Польшча, ААЭ і Грузія.
Турцыя сёлета – ці не самы папулярны кірунак у прапановах турыстычных агенцтваў. Амаль кожная з іх мае шырокую лінейку тураў на розныя турэцкія курорты да самай позняй восені. І гэта нягледзячы на тое, што пералёт цяпер займае 5-6 гадзінаў, дый цэны ўжо зусім не тыя, што былі да ўсіх апошніх падзеяў, якія гэтак моцна змянілі Беларусь і свет.
Цэны на гарачыя туры ў Турцыю ў траўні ў беларускіх турыстычных агенцтвах пачынаюцца ад Br 1290 з чалавека на 7 дзён. Вылет з Масквы. З вылетам з Менску – ад Br 2000. Самыя танныя варыянты на сёння – у Кемэр. Мармарыс, Аланья, іншыя курорты – даражэйшыя.
Перавага Турцыі для беларусаў у тым, што ў гэтай краіне можна 30 дзён заставацца без візы.
У Егіпет праз звычку едуць шмат беларусаў, хоць дарога цяпер займае аж 8 гадзінаў. У траўні на гэтую афрыканскую краіну традыцыйна высокі попыт, бо ўжо няма веснавых вятроў і не так спякотна, як улетку.

Беларусам не трэба загадзя адкрываць візы ў Егіпет, яе ставяць у аэрапорце па прылёце.
Кошты на тыднёвыя туры з вылетам з Масквы ў Шарм-эш-Шэйх у траўні пачынаюцца ад Br 1620. З Менску туды ж – ад Br 2120. Хургада – крыху даражэйшая: Br 2300–2500.
З Менску за Br 3341 у траўні можна на 7 начэй паляцець на не самы раскручаны егіпецкі курорт Сагл-Хашыш. Турысты, якія там былі, называюць яго найлепшым месцам у Егіпце для адпачынку. У канцы траўня ёсць туры за Br 3657 у эль-Алямэн – таксама мала вядомы сярод беларусаў курорт, які цяпер імкліва развіваецца.
Дубай: ці сапраўды такі элітны і недасяжны?
За апошнія два – тры гады папулярным кірункам для адпачынку ў беларусаў сталіся Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія раней лічыліся вельмі дарагім і цяжкадасяжным месцам. Аднак сёння ёсць шмат кірункаў, якія і значна даражэйшыя, і больш экзатычныя ды элітныя за славуты Дубай.
Найлепш час для адпачынку ў Эміратах – з верасня да красавіка: тэмпературы паветра і вады дастаткова высокія і камфортныя, але няма забойчай спякоты, як улетку – да 50 °С. У траўні надвор’е таксама можа быць даволі прыемнае, з тэмператураю менш за + 30 °С.
Віза ў ААЭ беларусам не патрэбная. Пералёт з Менску – 6,5 гадзіны.

Туры ў траўні з вылетам з Менску можна знайсці ўжо за Br 1800 з чалавека на 7 начэй. Праўда, жыць давядзецца ў гатэлі на 3-й лініі і не ў Дубаі, а ў Рас-аль-Хайме.
У Дубаі таксама ёсць не самыя дарагія варыянт – за Br 1934 з вылетам з Менску ўжо 5 траўня. Гатэль таксама на 3-й лініі.
Адпачыць у ААЭ можна і без турфірмы. Кошт на квіток да Дубаю ў «Белавіі» – ад Br 800, у «FlyDubai» – ад $ 419. З пералётам з Беларусі адпачынак на Персідскай затоцы атрымліваецца сапраўды даволі дарагім.
Значна танней можна дабрацца да Дубаю лоўкостам «Wizzair» з Грузіі. Напрыклад, у траўні з Кутаісі ў Абу-Дабі ёсць квіткі нават за 170 лары, або Br 202 з чалавека. Калі няма нейкіх выключных патрабаванняў да жытла, каб гэта абавязкова быў 5-зоркавы гатэль на першай лініі мора, у Дубаі цалкам можна зняць кватэру ці нумар у гатэлі за € 50–70 за содні. Яшчэ танней выйдзе адпачынак у эміратах Шарджа і Фуджайра.
Аравійская паўвыспа: не толькі Эміраты
На Аравійскай паўвыспе ёсць яшчэ дзве краіны, у якія цяпер лётаюць беларусы: Катар і Аман. Цэны на адпачынак у Катары параўнальныя з ААЭ. Напрыклад, у траўні ёсць тур за Br 1841 з чалавека на 9 дзён з пералётам з Менску ў Доху.
Першы чартарны рэйс з Менску ў курортны аманскі горад Салалу на поўдні краіны адправіўся ў канцы лютага 2025 года, і цяпер гэтую краіну актыўна рэкламуюць сярод беларусаў.
Найлепшы час для пляжнага адпачынку ў Амане, як і ў ААЭ, – з кастрычніка да траўня.

Аман даражэйшы за ААЭ. Самы танны тур, які мы знайшлі, – на 9 дзён з вылетам 1 траўня, каштуе Br 3072 за чалавека. Пражыванне ў гатэлі на 3-й лініі, за 10 км ад цэнтру Салалы. Абяцаюць бясплатны трансфер на пляж. Вылет з Менску. Бальшыня тураў каштуе 5-6 тысячаў.
Віза ў Аман беларусам не патрэбная, калі паездка не перавышае 14 дзён.
Яшчэ адна краіна на Аравійскай паўвыспе, з якой улады Беларусі апошнім часам спрабуюць завязаць шчыльнае сяброўства, – Саудаўская Аравія. Мы знайшлі ў Менску турфірму, якая прапаноўвае туды туры.
Напрыклад, ужо ў гэтым траўні пуцёўка з вылетам з Менску на 7 дзён абыдзецца ў Br 5239. Калі набудзеце яе, адпачываць будзеце ў Мецы, гатэлі «Dyafat Al Haramen – Dar Al Ayad» – як абяцаюць, за 10 хвілінаў язды ад мячэці аль-Харам, дзе месціцца галоўная святыня ісламу Кааба. Праўда, калі вы не мусульманін, туды ўсё роўна не пусцяць.
Ёсць у гэтай некалі самай закрытай арабскай краіне і марскія курорты. За Br 7566 у траўні можна адправіцца з Менску ў Джыду на Чырвоным моры і адпачыць там 7 дзён.
У Саудаўскую Аравію беларусам патрэбная віза. Каштуе яна прыкладна $ 143. Агенцтвы просяць за свае паслугі ў афармленні шматразовай візы на 90 дзён Br 1800–2000. Жанчыны да 25 гадоў могуць уязджаць толькі ў суправаджэнні мужчыны-сваяка. У візе могуць адмовіць пры наяўнасці ў пашпарце ізраільскіх штампаў.
Таксама, перш як ляцець у Саудаўскую Аравію ўлетку, варта падумаць, ці вытрымаеце вы спякоту: у гэты час там бывае да 50 °С.
Грузія: аўтобусам, цягніком і самалётам
Нязменна папулярнай у беларусаў цягам некалькіх апошніх гадоў застаецца Грузія. Сезон для марскога адпачынку тут пачынаецца ў чэрвені – з гэтага ж часу і бальшыня турыстычных пакетаў у беларускіх турыстычных аператараў і агенцтваў.
Цэны розныя, у залежнасці ад узроўню гатэлю, у якім будзеце жыць, і ад спосабу, якім будзеце дабірацца.
Аўтобусам можна даехаць да грузінскіх курортаў на Чорным моры і адпачыць там 7–10 дзён за Br 700–900. Выезд магчымы з розных пунктаў краіны: Менску, Магілёва, Воршы, Віцебску, Асіповічаў, Бабруйску, Жлобіна, Гомля. Далей – трохдзённая вандроўка праз Расею з адной начоўкай у гатэлі і адным начным пераездам. Часта дадаткова трэба заплаціць Br 200–320 – за транспартава-арганізацыйную паслугу.

У Грузію можна набыць тур цягніком, праўда, не да самога прызначэння, а толькі да Мінеральных Водаў у Расеі, далей – аўтобусам да Батумі, дзе будзеце адпачываць 17 дзён у гатэлі ў старым горадзе. Кошт такога туру – Br 1754 і яшчэ Br 100 – турыстычная паслуга.
Цэны на авіятуры з Менску ў Батумі на 7 дзён стартуюць ад Br 1900 з пражываннем у комплексе «Orbi City». У рэкламе яго апісваюць ледзь не як пяцізоркавы гатэль, насамрэч жа адпачыннікі маюць шмат нараканняў. Туры з пражываннем у гатэлях добрага ўзроўню каштуюць ад Br 3000.
Расея: у Анапу клічуць нават на забруджаныя пляжы
Прапановаў адпачынку ў Расеі на сайтах беларускіх турыстычных аператараў і агенцтваў вельмі шмат – ад кароткіх экскурсійных тураў да паездак на мора. Ёсць і даволі экзатычныя, якіх раней не было ў прапанове нашых фірмаў: Паўночны Полюс, Камчатка, Байкал і да т. п.
Цэны таксама розныя. Самыя танныя – кароткія экскурсіі. Напрыклад, трохдзённая паездка ў Санкт-Пецярбург абыдзецца ў Br 275.
Адносна недарагі і марскі адпачынак у Расеі. Гэтак, 9 начэй у чэрвені на Азоўскім моры каля Ейску будуць каштаваць Br 564. Дадаткова аплочваецца транспартава-арганізацыйная паслуга – Br 160. Выезд аўтобусам з Менску, Барысава, Гомля, Магілёва.
Цэны на адпачынак у Геленджыку пачынаюцца ад Br 600–700 за 10 дзён.

Даволі шмат прапаноўваецца тураў у Анапу, нягледзячы на забруджаныя мазутам мора і пляжы («Расспажыўнагляд» прызнаў іх непрыдатнымі для купання). Гэтак, тур сюды ў чэрвені на 14 начэй са сняданкамі з аўтобусным пераездам з Менску каштуе Br 927 за чалавека.
З вылетам з Менску ёсць магчымасць адпачыць на расейскай частцы Балтыйскага мора – у Калінінградзе, Светлагорску, Янтарным. Самы нізкі кошт на чалавека за 7 начэй – Br 1967 + Br 200 за рэзервацыю авіяквіткоў.
«Вы калі-небудзь бачылі кітоў?»
Ёсць у турфірмаў і даволі арыгінальныя прапановы адпачынку ў Расеі. Напрыклад, тур у Арктыку, на Паўночны полюс на 7 дзён. Кошт – Br 687 з чалавека і яшчэ Br 300 за транспартава-арганізацыйную паслугу.
,,«Вы калі-небудзь бачылі кітоў? Ладзілі снежнае сафары на снегаходах? Купаліся ў Паўночным Ледавітым акіяне? Не? Тады час рэзерваваць сабе незабыўныя ўражанні», – спакушае фірма, якая прапаноўвае тур.
Выезд аўтобусам з Менску, далей – пераезд у Сартавалу, горад у Карэліі, а з яго – у Мурманск, з якога арганізуюць «экскурсію на край зямлі – у паселішча Тэрыберка. Пераезд праз бяскрайнюю тундру насустрач акіяну». Тут прапануюць паглядзець старыя караблі, рыбацкія чаўны, этнапарк з хаскі і аленямі, зладзяць дэгустацыю марскіх вожыкаў і грабеньчыкаў.
А далей за дадатковую плату – марскі шпацыр і сустрэча з кітамі (арганізатары не гарантуюць, што кітоў удасца пабачыць на 100 %, бо «гэта паездка ў дзікую прыроду»).
На зваротным шляху – наведванне Санкт-Пецярбургу.
Выезды – 17 траўня і 14 чэрвеня.
За Br 5107 з вылетам з Менску (пералёт да Іркуцку) можна ўбачыць возера Байкал, паплаваць на катары і пакупацца.

У чэрвені 8 начэй можна правесці на Камчатцы – за Br 6388 (+ Br 200 – паслуга рэзервацыі). Адпачынак плануецца актыўны: будуць узыходжанні на вулканы Мутноўскі і Авачынскі, сплаў па рацэ Хуткай. Адразу ў рэкламе арганізатары папярэджваюць пра сярэдні ўзровень складанасці туру.
За Br 6087 у ліпені і жніўні прапануюць авіятур на Алтай з вылетам з Менску.
За Br 4043 можна ўбачыць Эльбрус.
Ужо не першы год беларусам прапануюць ехаць у Дагестан. Адпачынак, праўда, там не самы танны. У чэрвені і ліпені ёсць авіятуры на 8 дзён за Br 2692 (дадаткова аплочваюцца Br 100 за рэзервацыю). Вылет з Менску. У пакеце – і горы, і Каспійскае мора.
Гранд-тур па Цэнтральнай Азіі
Адна з краінаў, якая актыўна заваёўвае беларускі турыстычны рынак, – Азербайджан. Дабрацца туды можна толькі самалётам, бо наземныя межы Азербайджану так і не адкрыліся з часу ковідных абмежаванняў. Віза беларусам не патрэбная. Час пералёту з Менску – 3 гадзіны 45 хвілінаў.
Найлепшы час для адпачынку на Каспійскім моры – ліпень, калі вада найбольш цёплая.
У менскіх турфірмаў ёсць прапановы тураў, у якіх спалучаныя Дагестан і Азербайджан. Кошт на 7 начэй – Br 3875 + Br 100 – паслуга рэзервацыі. Вылет у Баку, а адтуль – у Дэрбэнт (Дагестан).

Адна з менскіх фірмаў прапануе вялікую вандроўку па азіяцкіх краінах – гранд-тур па Цэнтральнай Азіі: Кыргызстан, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменістан.
Працягласць туру – 23 дні (22 ночы) з 9 верасня да 1 кастрычніка 2025 года.
Фірма абяцае дапамагчы аформіць візу ў Туркменістан. Вылет з Менску ў Ташкент, далей – у Бішкек.
У Туркменістане – пражыванне ў горадзе Мары на тэрыторыі Мургабскага аазісу сярод пяскоў пустэльні Каракум.
У праграме сярод іншага – наведванне гораду Мэрв, самага старажытнага, які захаваўся ў Сярэдняй Азіі. Археолагі знаходзяць тут артэфакты, якія датуюцца 4000 годам да нашай эры. Таксама залучанае наведванне газавага кратару «Дарваза» і Ашгхабату.
Кошт туру – Br 11 230 без уліку дарогі да Ташкенту.
Кітай: выспа Хайнань і краявіды з «Аватару»
Кітай пачаў набываць папулярнасць, пасля таго як трапіць у Еўропу стала не так проста. Найчасцей у Беларусі рэкламуецца выспа Хайнань у Паўднёва-Кітайскім моры, якую называюць «усходнімі Гаваямі» з пальмамі, туркусоваю вадою, белым пяском. Хайнань вядомы тэрмальнымі крыніцамі і спа-цэнтрамі з працэдурамі, заснаванымі на традыцыйнай кітайскай медыцыне.
Пералёт на выспу займае каля 10 гадзінаў. Віза беларусам не патрэбная.
На гэты травень цэны на туры на Хайнань пачынаюцца ад Br 2478 з чалавека за 7 начэй. Вылет з Масквы. З Менску даражэй – каля Br 4000 за тыдзень.

Яшчэ адна папулярная лакацыя ў Кітаі – Шанхай. Цэны сюды пачынаюцца ад Br 3688. Столькі каштуе тур на 10 дзён у кастрычніку ці лістападзе з наведваннем нацыянальнага парку Чжанцзяцзэ, які стаўся вядомы з краявідаў у фільме «Аватар». Вылет з Масквы.
Яшчэ адна ўсходняя бязвізавая краіна для беларусаў – В’етнам. 13-дзённы адпачынак у Ня-Чангу ў траўні з вылетам з Масквы абыдзецца ў Br 3009 на чалавека.
Прыходзьце, беларусы, у Афрыку гуляць
У прапановах менскіх турфірмаў з'яўляецца ўсё больш тураў у Лацінскую Амерыку і Афрыку. Усе яны зусім не танныя.
У параўнанні з іншымі даволі нізкімі выглядаюць цэны на адпачынак на Кубе: гарачыя туры ў траўні прадаюцца за Br 3112 на 10 дзён з пералётам з Масквы.
Ёсць туры ў Мексіку з вылетам з Масквы ці Варшавы. Самы танны на 10 начэй у чэрвені каштуе Br 6437. Дадаткова трэба паклапаціцца пра візу. Агулам кошты дасягаюць аж Br 13 652 на чалавека за 11 начэй (вылет з Варшавы).

З Менску можна паляцець адпачыць на Мальдывы, якія ўсё яшчэ застаюцца элітным кірункам для беларусаў. Самая танная пуцёўка, якую мы знайшлі, каштуе Br 4619 з чалавека. Гэта гарачы тур – вылет ужо 3 траўня. Усё ўключана, на 9 начэй. Звычайны кошт такіх тураў – ад Br 5500 і вышэй з вылетам з Масквы. З Менску звычайны кошт – ад Br 7000.
На лістапад 2025 года можна зарэзерваваць тур у Марока з вылетам з Менску праз Маскву. Кошт на 9 начэй – Br 5172. Дадаткова аплочваецца віза, аформіць якую дапаможа фірма.
Менскія агенцтвы прапануюць туры ў Танзанію. Кошты пачынаюцца ад Br 4314 за чалавека ў траўні – 8-дзённы адпачынак у Занзібары з вылетам з Масквы. З Менску можна трапіць у Занзібар за Br 5420 на 10 начэй ужо ў траўні.
Беларусам у гэтую афрыканскую краіну патрэбная віза, якая афармляецца па прылёце ў аэрапорце. Кошт – $ 50.
Сярод рэдкіх прапановаў – туры ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку з наведваннем Кейптаўну, мысу Добрай надзеі, месца пражывання калоніі пінгвінаў, сафары. Кошты – ад Br 8000 за 8 начэй.
А яшчэ мы знайшлі кругасветны круіз на 36 краінаў за 127 дзён. Старт – у Барсэлоне, да якой трэба дабрацца самастойна. Дзеля гэтага неабходна аформіць візу.
Найбліжэйшае адпраўленне – 6 траўня. Кошт – Br 71 551 з чалавека. У яго не ўваходзіць медычная страхоўка.
Ганна Ганчар belsat.eu