навіны

Палітыка супраць мяча? Літва і Латвія адмаўляюцца гуляць са зборнай Беларусі па міні-футболе

Зборная Беларусі па міні-футболе гуляе супраць зборнай Мальты. Фота: mfa1900 / Facebook
Зборная Беларусі па міні-футболе гуляе супраць зборнай Мальты. Фота: mfa1900 / Facebook
podpis źródła zdjęcia

На футбольным гарызонце Еўропы згушчаюцца хмары. Відаць, без скандалу не абыдзецца. Замест доўгачаканага спартовага свята пад назваю чэмпіянат Старога Свету па міні-футболе – палітычны шторм. Зборная Беларусі ўпершыню з 2010 года і другі раз у гісторыі прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Аднак краіны – гаспадыні Еўра-2026, Латвія і Літва, пастанавілі: гуляць са зборнай Беларусі ў сябе ўдома яны не будуць. Нават калі гэтага патрабуе рэгламент.

Макет комплексу Нацыянальнага футбольнага стадыёну. Фота: Homoatrox / Wikipedia

У Менску зноў не паспелі дабудаваць Нацыянальны футбольны стадыён

навіны

Зборная Беларусі па міні-футболе здзейсніла сапраўдную сенсацыю. Яна прабілася ў вырашальны раўнд турніру з першага месца ў сваёй адборачнай групе, не прагуляўшы ніводнага матчу. За спінай засталіся нават масцітыя італьянцы.

«Важна разумець, што ў любой краіне свету, у самых жабрацкіх краінах, краінах у стане вайны ўсё роўна нараджаюцца таленты, спартовыя таленты. Не вельмі добры стан краіны ёсць своеасаблівым стымулам. Як бы дрэнна ні было, як бы цяжка ні было, нейкая колькасць спартовых талентаў будзе працягваць зʼяўляцца і ў Беларусі. Хоць, вядома, калі б Беларусь была нармальнай еўрапейскай краінай – радаваліся б часцей. І бачылі б больш такіх поспехаў«, – распавёў медыямененджар, заснавальнік парталу Tribuna.com Дзмітрый Навоша.

Але, як аказалася, выйсці ў фінальную стадыю еўрапейскага першынства для зборнай Беларусі яшчэ не значыць быць прынятай на самім чэмпіянаце. Гаспадары еўрапейскай міні-футбольнай імпрэзы, Літва і Латвія, адмаўляюцца гуляць з нашай камандай на тэрыторыі сваіх краінаў.

«Латвійская футбольная федэрацыя актыўна працуе над развязаннем пытання ўдзелу ў турніры зборнай Беларусі і ў пошуках найлепшага развязання супрацоўнічае з прадстаўнікамі УЕФА, Літоўскай футбольнай федэрацыяй, амбасадарам Украіны ў Латвіі і прэзідэнтам Украінскай асацыяцыі футболу Андрэем Шаўчэнкам. Ёсць шмат няпэўнасцяў, паколькі мы ведаем, што не можам праводзіць у Латвіі падзею з удзелам Беларусі. Цяпер ідзе камунікацыя, і як толькі мы атрымаем выразную пазіцыю ад УЕФА, абавязкова праінфармуем грамадскасць», – кажа кіраўнік Латвійскай футбольнай федэрацыі Вадзім Ляшэнка.

У Латвіі летась пачалі дзеяць папраўкі ў Закон аб спорце, што забараняюць мясцовым камандам гуляць супраць зборных Беларусі і Расеі. У Літве ж існуе рэкамендацыя Міністэрства спорту адмаўляцца ад удзелу ў турнірах з прадстаўнікамі Расеі і Беларусі ды не дазваляць іхнага ўдзелу ў спаборніцтвах на сваёй тэрыторыі.

«Тое, што мы не будзем з імі гуляць і іх не будзе тут, у Літве, – і так ясна. Мая пазіцыя ў гэтым выпадку будзе жорсткая», – заявіў прэзідэнт Літоўскай федэрацыі футболу Эдгарас Станкявічус.

«Я так разумею, што вядома: гэта палітычны момант у сувязі з вайной. Інакш я гэтага ніяк не бачу. Краіны Балтыі не хочуць гуляць з краінамі-агрэсарамі», – падкрэсліў кіраўнік футбольнага праекту Pro.training.sv Яўген Вяроўка.

Што можа пагражаць Латвіі і Літве як краінам-арганізатарам, калі яны парушаць дамоўленасці з УЕФА? І што можа выйсці з цяперашняга нежадання прымаць на сваёй тэрыторыі нашую каманду?

«Калі Літва, Латвія, нехта іншы адмовяцца гуляць з беларусамі, хутчэй за ўсё, ім запішуць тэхнічную паразу. Пераносіць наўрад ці будуць, бо гэта досыць складаная задача», – дадаў кіраўнік футбольнага праекту Pro.training.sv Яўген Вяроўка.

Існуе і яшчэ адная праблема. На чэмпіянат Еўропы кваліфікавалася ўжо зборная Украіны. Напрыклад, каманда з гэтай краіны па пляжным футболе ў аналагічнай сітуацыі была вымушаная зняцца з мінулага першынства свету. Украінцам паводле закону нельга ўдзельнічаць у адных спаборніцтвах з прадстаўнікамі Беларусі і Расеі, калі тыя не маюць нейтральнага статусу, а тут беларуская каманда з усёй дзяржаўнай сімволікай. Цяпер гэтую праблему давядзецца развязваць УЕФА. Фінальны турнір чэмпіянату Еўропы па міні-футболе мае пачацца 20 студзеня 2026 года ў Латвіі і Літве.

Павел Алейнікаў belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10