Найбуйнейшая відэаплатформа свету YouTube пачала падтрымліваць аўтаматычныя субтытры для беларускамоўных відэа! Гэта не толькі тэхнічная навінка, але і сімвал глыбейшага працэсу: беларушчына нарэшце прабіваецца праз бар’еры глабальнай лічбавай інфраструктуры. Што гэта значыць для нашай мовы і беларускага кантэнту?
Першыя прыклады аўтаматычных субтытраў па-беларуску на YouTube былі заўважаныя ўдзельнікамі ініцыятывы «Беларускі ШІ» яшчэ ў пачатку сакавіка. Спачатку субтытры з’явіліся пад некалькімі асобнымі відэа – і хутка зніклі. Але ўжо сёння субтытры пачалі з’яўляцца масава – на відэа, дзе аўтары пазначылі мову як беларускую.
Раней карыстальнікі маглі загрузіць субтытры толькі ўручную ці выкарыстоўваць аўтаматычны пераклад з іншых моваў на беларускую – але не з яе.
Для інтэрнэт-карыстальнікаў гэта можа здавацца дробяззю – чарговая змена ў функцыях YouTube. Але для беларускамоўнай супольнасці гэта рэвалюцыя. Па-першае, аўтаматычныя субтытры – гэта інструмент доступу. Людзі з праблемамі слыху, а таксама карыстальнікі, якім складана разумець вусную мову, цяпер могуць уключыць субтытры і ўспрымаць кантэнт без перашкодаў.
Па-другое, гэта крок да інтэрнацыяналізацыі. Кожнае беларускамоўнае відэа цяпер можа быць перакладзенае з дапамогай аўтаматычнага перакладу субтытраў на дзясяткі моваў. Гэта адкрывае беларускаму кантэнту дзверы на амаль на ўвесь свет. YouTube афіцыйна няма толькі ў Кітаі, а ў Расеі яго штучна запавольваюць.
Па-трэцяе, гэта матывацыя для ют'юбераў. Ведаючы, што кантэнт будзе больш даступным і зразумелым, стваральнікі могуць часцей выбіраць для сваіх відэа беларускую мову, а не расейскую.
,,«Вельмі і вельмі класна тое, што YouTube нарэшце зможа разумець, аб чым ідзе гаворка. Таму што ў першую чаргу, насамрэч, гэтыя субтытры патрэбныя не людзям, а алгарытмам YouTube. Каб зразумець, аб чым гэтае відэа. Гэта вельмі дапамагае алгарытмам зразумець, якой аўдыторыі гэта будзе цікава, куды "пушыць" такое відэа», – тлумачыць «Белсату» SMM-менеджар «BySol» Антось Жукаў.
У гэтым тэхналагічным прарыве ёсць і беларускі след. Мадэлі штучнага інтэлекту «Gemini» былі навучаныя на запісах з «Common Voice» – адкрытага праекту «Mozilla», дзе валанцёры з усяго свету запісвалі сваё маўленне. Беларусы таксама ўдзельнічалі – дзякуючы праекту donar.by, што матываваў людзей «падараваць голас» беларускамоўным алгарытмам. І гэта важна: каб штучны інтэлект навучыўся беларускай мове, яго мусіў навучыць чалавек. Калі б не гэтыя галасы, ніякіх субтытраў не з’явілася б.
Руслан Ігнатовіч belsat.eu