Украіна і ЗША 17 красавіка падпісалі мемарандум аб пагадненні наконт карысных выкапняў, які зацвярджае намер краінаў урэшце падпісаць дамову, паведаміла першая віцэ-прэм’ер, міністарка эканомікі Украіны Юлія Свырыдэнка.
Паводле чыноўніцы, мемарандум пацвярджае «імкненне амерыканскага народу інвеставаць разам з украінскім народам у свабодную, суверэнную і бяспечную Украіну».
,,«Сёння мы зрабілі крок да супольнага з ЗША пагаднення аб эканамічным партнёрстве. Украіна і ЗША падпісалі мемарандум, які сведчыць пра канструктыўную супольную працу нашых камандаў і намер фіналізаваць і падпісаць пагадненне, якое будзе выгаднае абодвум нашым народам», – напісала Юлія Свырыдэнка ў «Фэйсбуку».
Міністарка таксама паведаміла, што цяпер рыхтуецца стварэнне фонду інвестыцыяў у аднаўленне Украіны.
«Адпаведная ўгода адкрывае магчымасці для значных інвестыцыяў, мадэрнізацыі інфраструктуры і ўзаемавыгаднага партнёрства Украіны і Злучаных Штатаў – менавіта з такой мэтай каманды працуюць над дакументам», – зазначае чыноўніца.
Наперадзе – фіналізацыя тэксту пагаднення і яго падпісанне. Пасля гэтага пагадненне мусіць быць ратыфікаванае парламентамі.
Раней Доналд Трамп паведаміў, што ўгода наконт карысных выкапняў паміж Украінаю і ЗША будзе падпісаная 24 красавіка.
Пакуль не зразумела, у якім выглядзе пагадненне плануецца да падпісання. Напярэдадні сустрэчы Трампа з Зяленскім украінскія СМІ апублікавалі, як сцвярджалася, фінальны тэкст дамовы. У ім гаварылася, што Украіна і ЗША разам створаць фонд, у які будзе ісці палова грошай ад усіх паступленняў, атрыманых ад манетызацыі ўсіх прыроднарэсурсных актываў, што ёсць у дзяржаўнай уласнасці. Кіраваць фондам яны таксама будуць разам.
Таксама ў тэксце была гаворка пра гарантыі бяспекі Украіне, але яны не былі прапісаныя выразна і дакладна.
Зяленскі і Трамп бачыліся ў Белым доме ў ЗША 28 лютага. Тады яны планавалі падпісаць угоду наконт карысных выкапняў. Аднак усё скончылася спрэчкай на падвышаных тонах.
Перамовы аб выкапнях пасля гэтага ўсё ж працягнуліся. Апошні раз амерыканская і ўкраінская дэлегацыі сустракаліся і размаўлялі пра гэта 11 красавіка.
Апошнія перамовы прайшлі пазітыўна, расказаў Зяленскі 15 красавіка на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з генеральным сакратаром NATO ў Адэсе. Гэта супярэчыць ранейшым паведамленням ананімных крыніцаў пра «антаганістычную атмасферу». Паводле Зяленскага, перамовы будуць працягвацца онлайн і офлайн да канца гэтага тыдня, а пасля ўсіх кансультацыяў каманды пакажуць, «што яны напрацавалі». Міністарка эканомікі Украіны Юлія Свырыдэнка пацвердзіла, што ў перамовах са Штатамі быў «пазітыўны новы крок» ды «істотны прагрэс».
Марыя Міхалевіч belsat.eu