У Беларусі штогод з траўня да верасня планава адключаюць карыстальнікам гарачую ваду. І хоць робіцца гэта ў пераважна цёплы час, але ўсё ж прыносіць дыскамфорт беларусам. Пры гэтым у суседніх краінах абыходзяцца без падобных адключэнняў. Як выяўляецца, гэта віна не столькі камунальнікаў, колькі тых, хто імі камандуе – уладаў, якія зноў у пагоні за цэнтралізацыяй ахвяравалі інтарэсамі і патрэбамі грамадзянаў.
Ужо праз тыдзень у гарадах Беларусі пачнуцца планавыя адключэнні гарачай вады. І гэта пры тым, што надвор’е ў краіне не тое каб цёплае. Людзі пытаюцца нават пра тое, ці не ўключаць назад ацяпленне. Тым не менш план ёсць план. Ужо 12 траўня толькі з халодным водазабеспячэннем застануцца жыхары, напрыклад, Бабруйску, Віцебску, Гомля, Магілёва. З 14 траўня пачнуцца першыя ў гэтым годзе адключэнні ў Менску, а яшчэ праз тыдзень да «флэш-мобу» далучыцца і Горадня. У Берасці пакуль абвясцілі толькі пра адключэнні гарачай вады праз бягучы рамонт, але неўзабаве планавы графік адключэнняў маюць апублікаваць і там.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Менсккамунцяплосетка» тлумачыць будучую адсутнасць гарачай вады «рыхтаваннем і прафілактычным рамонтам абсталявання цеплакрыніцаў і цеплавых сетак да працы ва ўмовах восеньска-зімовага перыяду 2025/2026 гадоў».
,,«Час спынення падачы гарачай вады будзе максімальна скарочаны. У выпадку паспяховых выпрабаванняў трубаправодаў цеплавых сетак і адсутнасці дэфектаў, якія патрабуюць выканання незапланаваных рамонтна-аднаўленчых работаў, адключэнне не будзе перавышаць 13 содняў», – абяцае «Менскэнерга».
Але на пытанне, навошта агулам патрэбныя гэтыя адключэнні, ніхто з іх не адказвае. Пагатоў планавыя адключэнні зусім не гарантуюць, што ў карыстальнікаў пасля не здарацца адключэнні пазапланавыя. А вось беларусы, якія жывуць за мяжою, напрыклад, у Польшчы, ужо і забыліся пра двухтыднёвы кўэст без гарачай вады.

Як так атрымалася, што польскія камунальнікі не прымушаюць марозіцца карыстальнікаў, як гэта робяць іхныя беларускія калегі? На гэтае пытанне «Белсату» адказала былая дэпутатка Менскага гарадскога савету Вольга Цесакова, якой, як і іншым дэпутатам, прычыну такіх адключэнняў тлумачылі ў камунальных службах.
Суразмоўца падкрэсліла, што Беларусь працягвае быць падключаная да цэнтралізаванай сістэмы цеплазабеспячэння, а праз гэта забеспячэнне грамадзянаў гарачаю вадою ды іншымі «выгодамі чалавецтва» залежыць ад працы ЦЭЦ і вялікіх катлоў:
«Таму лагічна, што раз на год, згодна з тэхнічным рэгламентам, павінны спыняць нейкія ўчасткі для прафілактыкі, замены дэталяў, ачышчэння і гэтак далей. І робяць гэта ўлетку, бо тады ўсё ж такі без гарачай вады людзі могуць абысціся, у адрозненне ад больш халоднага перыяду. Таму гэта ёсць і будзе, на жаль, штогод».
Пры гэтым Цесакова адзначыла: напрыклад, у Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, за апошнія дзесяцігоддзі дэцэнтралізавалі сістэму ацяплення і падагрэву вады, у выніку чаго вялікі аб’ём жытла падлучылі да індывідуальных рашэнняў – газавых катлоў, бойлераў, сучасных цеплавых помпаў.
,,«Адпаведна, калі адбываюцца планавыя рамонтавыя працы, напрыклад, на ЦЭЦ у Польшчы, людзі не залежаць ад гэтага, бо ў іх вада падаграваецца канкрэтна паводле месца пражывання і ніяк не звязаная з працамі на трубах. А ў Беларусі такога няма, адпаведна, мы з гэтым і жывём», – падкрэсліла былая дэпутатка.
Праблемы ЖКГ – вынік вертыкалі ўлады
Пры гэтым прафілактычныя адключэнні зусім не гарантуюцца, што пасля іх не здарыцца аварыі, і гарачую ваду не адключаць ужо з іншых прычынаў. Вольга Цесакова таксама заявіла: праз тое, што ЖКГ у Беларусі працягвае заставацца выключна дзяржаўнай сферай і не рэгулюецца рынкам, у краіне няма прыватных структураў, якія б надавалі камунальныя паслугі. А значыць, і графік прафілактычных адключэнняў «абсалютна не гнуткі» і можа не ўлічваць сітуацыі на месцах, як наяўнасць камплектавальных. У выніку можа губляцца час на закуп праз тэндары патрэбных дэталяў, прапануюцца «нейкія часовыя рашэнні, больш танныя камплектавальныя».

«Пытанне стаіць яшчэ і фінансаў. Дзяржава з тым, што кожны год скарачаюцца на жыллёва-камунальную сферу, не хоча вылучаць шмат грошай на якасныя камплектавальныя, у той час як у Еўропе з гэтым праблемаў няма. І за кошт рынку, і за кошт індывідуальных рашэнняў значна прасцей забяспечыць замену камплектавальных або закуп новых», – сказала Вольга Цесакова.
Адсутнасць жа рынку ў камунальнай сферы экс-дэпутатка патлумачыла агульнаю цэнтралізацыяй дзяржавы і жаданнем уладаў мець манаполію ўва ўсіх сферах, не дазваляючы развіцця вольнага рынку.
Сапраўды, у Беларусі зачысцілі прыватную адукацыю, прыватныя арганізацыі аховы здароўя, нацыяналізуюцца прадпрыемствы і абмяжоўваецца індывідуальнае прадпрымальніцтва. Гэта не кажучы ўжо пра наяўнасць цэнзуры і адсутнасць рэальных выбараў.
,,«То бок гэта ўсё наступствы аднаго і таго ж ладу, рэжыму, рашэння. Называйце як хочаце», – сказала яна.
Пры гэтым, дадала Вольга Цесакова, вялікай праблемы ў цэнтралізаванай сістэме камунальнага забеспячэння няма. Дастаткова было б таго, «каб дзяржава добра ўклала гіганцкі аб'ём грошай і мадэрнізавала гэтую сферу ў цэлым, плюс дазволіла нейкія прыватныя падрады, арганізацыі, напрыклад, за кожную ЦЭЦ адказвае асобная структура, адпаведна, з нейкімі нецэнтралізаванымі крыніцамі фінансавання». Ужо б гэта істотна палепшыла сітуацыю, а таму беларусаў чакае яшчэ «шмат працы наперадзе», падкрэсліла суразмоўца.
Макар Мыш belsat.eu