Адзіная Айчына – дзве дзяржавы. Спадзяванне на гэткую формулу развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй выказаў Лукашэнка. Адбылося гэта падчас прадстаўлення новага дзяржсакратара так званай саюзнай дзяржавы Сяргея Глазьева.
«Расея хоча рэалізаваць канцэпцыю «адна эканоміка – дзве краіны». І ў астатніх сэнсах тое жа самае. Гэта ўжо бачна з 2021 года, калі ідзе актыўная фаза імплементацыі розных пагадненняў у межах паглыблення інтэграцыі саюзнай дзяржавы», – каментуе прызначэнне палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Да ўзгаданай канцэпцыі пасуе ўласна і біяграфія новага дзяржсакратра. Сяргей Глазьеў нарадзіўся ва ўкраінскім Запарожжы. Нягледзячы на гэта, у 2014 годзе трапіў пад міжнародныя санкцыі за заклікі да анексіі Крыма. Тады ж прыняў актыўны палітычны ўдзел дэстабілізацыі сітуацыі на Данбасе. Глазьеў – паслядоўны антыглабаліст, прыхільнік жорсткай аўтарытарнай дзяржавы і так званага русского мира.
,,«Глазьеў будзе інтэнсіўна дзейнічаць, прыцягваючы расейскае культурнае асяроддзе, каб развіваць і эканамічнае, і культурнае і ідэалагічнае адзінства паміж Масквой і Менскам», – лічыць палітолаг Аляксандр Марозаў.
У розныя перыяды сваёй палітычнай карʼеры, што пачалася яшчэ пры Барысе Ельцыне, Сяргей Глазьеў займаўся эканомікай, еўразійскай інтэграцыяй ды нават выступіў адным з заснавальнікаў нацыяналістычнага блоку «Родина». У выніку блок вырас у аднайменную партыю. Яе лозунг «Родина – всегда права». Нягледзячы на такі бэкграўнд расейскага чыноўніка – пагрозы фармальнаму суверэнітэту Беларусі пакуль няма, лічыць палітолаг Аляксандр Марозаў.
«Лукашэнка быў і застаецца даволі зручным проксі для Крамля. Крэмль усе гэтыя гады спрабуе ва Украіне атрымаць нешта падобнае на Лукашэнку. Пакуль Пуцін ва ўладзе – будзе захоўвацца вось гэты фармат саюзнай дзяржавы. Але прамой інтэграцыі Беларусі ў склад Расеі на мой погляд не будзе. Пуціну гэта не выгадна», – каментуе «Белсату» Аляксандр Марозаў.
Разам з тым, інтэграцыя Беларусі і Расеі значна паскорылася пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У першую чаргу ў вайсковай сферы. Беларускі прадпрыемствы ва ўсю працуюць на абслугоўванне расейскага ваенна-прамысловага комплексу, арміі краінаў перыядычна ладзяць сумесныя вучэнні. Усё гэта, аднак, не спрыяе глабальнай трываласці так званай Саюзнай дзяржавы.
,,«Я шчыра не бачу нейкіх перспектыў у саюзнай дзяржавы пасля дзеянняў Расеі 24 лютага 2022 года. Гэта праект – проста ўтопія. Проста спроба камуністаў ці выхадцаў з кампартыі захаваць свой уплыў. Яны спрабавалі ў тым ліку праз саюзную дзяржаву вырашыць свае пытанні і аднавіць Савецкі саюз», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Пакуль жа расейскія чыноўнікі застаюцца самымі частымі гасцямі афіцыйнага Менску. Гэтак, у пачатку тыдня Лукашэнка прымаў старшыню знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. З беларускай сталіцы той пагражаў краінам Балтыі і Польшчы. Маўляў, яны першыя трапяць пад удар у выпадку абвастрэння сітуацыі з НАТО.
Уладзіслаў Корсак belsat.eu