навіны

Літва хоча мець права ўводзіць нацыянальныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, калі ЕЗ спыніць свае

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Paulius Peleckis / BNS nuotr
podpis źródła zdjęcia

Літва можа атрымаць права самастойна ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі – нават калі Еўразвяз больш не зможа працягваць санкцыйны ціск. Адпаведныя папраўкі падрыхтавала Міністэрства замежных справаў Літвы, і, як чакаецца, яны будуць зарэгістраваныя праз дэпутатаў Сейму.

Цяпер у Сейме Літвы на апошнім этапе разгляду застаецца закон аб абмежавальных мерах за ваенную агрэсію супраць Украіны. Ён прадугледжвае працяг дзеяння санкцыяў да траўня 2026 года. Новыя папраўкі дазволяць Літве самастойна замарожваць актывы і эканамічныя рэсурсы асобаў і кампаніяў з Расеі і Беларусі – калі санкцыі на ўзроўні ЕЗ не будуць працягнутыя.


«Хоць Еўразвяз па-ранейшаму гатовы ўзмацняць ціск на Расею, уключаючы дадатковыя санкцыі, аднак непрацягванне санкцыяў ЕЗ супраць Расеі ў будучыні можа быць выклікана сістэматычнымі дзеяннямі асобных дзяржаваў – сябраў ЕЗ, што супярэчаць агульным інтарэсам бяспекі Еўропы», – адзначаецца ў тэксце прапановы.


У дакуменце падкрэсліваецца, што нацыянальны санкцыйны механізм будзе «крайняй мерай». Аднак патрэба ў ім паўстала на фоне супраціву Вугоршчыны, якая апошнім часам блакуе рашэнні ЕЗ адносна санкцыяў. Наступнае падаўжэнне еўрапейскіх санкцыяў супраць Крамля запланаванае на ліпень 2025 года – і існуе рызыка, што яно можа сарвацца.


«Некаторыя краіны-чальцы ЕЗ сістэматычна дзейнічаюць насуперак агульным інтарэсам бяспекі Еўропы», – гаворыцца ў дакуменце.


Паводле ініцыятывы, санкцыі будуць накіраваныя на фізічных і юрыдычных асобаў з Расеі і Беларусі, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны, падрываюць яе суверэнітэт і пагражаюць бяспецы. Спісы асобаў і арганізацыяў, да якіх ужывуць меры, будзе вызначаць урад Літвы.


Нагадаем, Сейм Літвы пачаў абмяркоўваць падаўжэнне нацыянальных санкцыяў супраць грамадзянаў Расеі і Беларусі да 2 траўня 2026 года яшэ некалькі тыдняў таму.


Папраўкі да Закону аб устанаўленні абмежавальных захадаў у звязку з наступствамі ваеннай агрэсіі супраць Украіны прэзентаваў міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.


На пасяджэнні Сейму палітык адзначыў, што прычыны, праз якія былі ўведзеныя санкцыі, не зніклі.


Першыя нацыянальныя санкцыі супраць грамадзянаў Расеі і Беларусі Літва ўвяла яшчэ ў 2023 годзе. У 2024-м яны былі абноўленыя і працягнутыя. У гэтым годзе падчас абмеркавання ў Сейме ўзніклі спрэчкі вакол забароны на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі, прапісанай у законе.


З моманту нападу Расеі на Украіну Еўразвяз увёў ужо 16 пакетаў санкцыяў супраць Крамля – яны закранаюць як канкрэтных асобаў, так і сектары эканомікі і буйныя дзяржаўныя кампаніі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10