навіны

«Хочам даць шанец перамовам». ЕЗ на 90 дзён замарозіць мыты на тавары з ЗША

Сцягі ЗША і ЕЗ
Сцягі ЗША і ЕЗ. Фота: Shutterstock
podpis źródła zdjęcia

У адказ на абвешчанае Трампам 90-дзённае замарожванне мытаў у дачыненні ўсіх краінаў, акрамя Кітаю, Еўразвяз таксама паставіў на паўзу ўвядзенне надоечы ўхваленых мытаў на амерыканскія тавары. Пра гэта паведаміла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у сваім акаўнце ў Х.

Еўразвяз замарожвае мыты на тавары з ЗША таксама на 90 дзён.

,,

«Мы прынялі да ведама заяву прэзідэнта Трампа. Мы хочама даць шанец перамовам. Пакуль мы завяршаем прыняцце контрзахадаў ЕЗ, якія атрымалі магутнае падтрыманне з боку нашых дзяржаваў-сябраў, мы прыпынім іх на 90 дзён. Калі перамовы не будуць здавальняльныя, нашыя контрзахады набудуць моц», – напісала Урзуля фон дэр Ляен.


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прэзентуе спіс краінаў, супраць якіх уводзіць мыта, на акцыі «Дзень вызвалення». Вашынгтон, ЗША. 2 красавіка 2025 года. Фота: The White House / Flickr

Можа пачацца сусветная гандлёвая вайна. Кітай адказаў мытам на мыта Трампа

навіны

2 красавіка Доналд Трамп абвясціў пра ўвядзенне новых імпартных мытаў на прадукцыю з бальшыні краінаў свету, назваўшы гэты дзень «днём вызвалення Амерыкі». Ён заявіў, што ЗША доўгі час зніжалі гандлёвыя бар’еры, у той час як іншыя краіны, наадварот, уводзілі высокія тарыфы на амерыканскія тавары.


Мусілі быць вызначаныя наступныя мыты: 20 % – супраць Еўразвязу, 24 % – супраць Японіі і 26 % – супраць Індыі. Для М’янмы і В’етнаму – каля 50 %. У дачыненні Беларусі і Расеі тарыфы не ўводзіліся, а супраць Украіны меліся скласці 10 %.


У адказ некалькі дзяржаваў абвясцілі пра павышэнне сваіх мытных збораў на прадукцыю з ЗША. Кітай устанавіў мыты на ўсе амерыканскія тавары на ўзроўні 84 %, а Еўразвяз узгадніў тарыфы ў межах ад 10 % да 25 % на шэраг пазіцыяў, у тым ліку тытунь, матацыклы, мяса птушкі, сталь і алюміній.


Мыты Еўразвязу мусілі набыць моц 15 красавіка.


У сераду 9 красавіка Доналд Трамп абвясціў, што ўводзіць 90-дзённае замарожванне мытаў для прыкладна 60 краінаў. Мыты мусілі набыць моц менавіта ў гэты дзень – 9 красавіка. Але пакуль застанецца базавы збор 10 % і 25 % – на імпартныя аўтамабілі, сталь і алюміній. На кітайскі імпарт мыты ўстанаўліваюцца памерам 125 %.


Пасля абвяшчэння Трампам замарожвання мытаў на 90 дзён, 10 красавіка рэзка выраслі амерыканскія і азіяцкія фондавыя рынкі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10